2.1.07

выспа 612

Злавіў у далёкім лесе нарэшце Эўрарадыё ды Рацыю.
Першае ўражаньне добрае. Малайцы хлапцы. Працуюць так, нібыта іх нехта сапраўды слухае.
Далейшыя — крывейшыя. Эўрарадыё пры прыслухоўваньні нечым нагадвае радыё твайго інтэрнату. Хлопец ды дзеўчына нешта між сабой ператрынджоўваюцца. Гэта як нехта па мабільніку ў аўтобусе. Нібыта й цікава, а слухаць няёмка.
Радыё Рацыя б'е адразу ня ў брыво, а праміж ног: «вы слухаеце радыё, якое робяць вольныя людзі ў вольным сьвеце». Працяг «…для быдла ў загоне» напрошваецца сам сабой.

Каб яны вырваліся на кароткія хвалі, то адкусьць сьвежанінкі ад «Свабоды» ім па сілах. Вось толькі ня ведаю, як гэта суадносіцца з тэзамі ў ґрантавых заявах. Новых людзей мо й не завабіш у адмарожанае кола, але здаровая, то бо прафэсійная, канкурэнцыя — справа карысная. Вось толькі трэ выбірацца з выспы №612.

Дарэчы, пасьля «Эўрарадыё» ды «Рацыі» на «Балтыйскіх хвалях» вяшчае «Русское радіо». Тэж гаротнічкі…

І яшчэ. Па начах я слухаю на сярэдніх хвалях Радыё Славеніі. А гэта ўжо не балтыйскія хвалі, а самыя што ні ёсьць адрыятычныя. Перадатчык тырчыць недзе ў Альпах. Дык мо на гэных балтыйскіх чаго падкруціць трэба, круцёлку якую?

No comments: