Распачаў сваю працу новы сайт Эўрапейскага радыё для Беларусі, ці як па-свойску называюць яго ў этэры ды-джэі, Эўрарадыё. Пакуль ён месьціцца на адрасе http://erb.mediaturtle.com/, на які можна патрапіць і набраўшы звыклае belradio.fm.
Ён цалкам і ва ўсім розьніцца ад свайго папярэдніка.
Пакуль меркаваць можна толькі па зьнешнім выглядзе — якім будзе ягонае напаўненьне, мы зможам пабачыць у хуткім часе. Але першае ўражаньне прыемнае. Сайт аформлены ў густоўных бела-шэра-чырвона-аранжавых танах, разьбіты на блёкі «ў стылі Windows XP» — з скошанымі вугламі .
На сайце заяўленая падтрымка трох моваў: апрача беларускай, яшчэ і ангельскай ды расейскай. Беларускамоўная вэрсія, выглядае, будзе першаснай — менавіта на ёй зробленае першае апытаньне на новым сайце: сайт-навасёл цікавіцца і ў слуха- чытачоў, калі ж і ў іх зьявіцца сваё жытло?
Нарэшце запрацавала доўгачаканая рассылка навінаў у фармаце RSS 2.0 — агульная і асобна для навінаў ды рэпартажаў. Што праўда, распрацоўшчыкі вырашылі абысьціся без парамэтру даты публікацыі, у выніку ўсе навіны пазначаюцца rss-чытальнікамі аднолькавым часам.
Затое на сайце, апроч азнаямленьня з датай публікацыі, зьмест навіны можна аформіць для друку, адправіць камэнтар (на Эўрарадыё, як і на нашым сайце, прэдмадэрацыя). А ў пэрспэктыве — пераслаць спасылку сябру, павялічваць або памяншаць шрыфт навіны.
Сайт набрынялы сучаснымі тэхнічнымі штучкамі, адразу кідаецца ў вочы выкарыстаньне разнастайных сыстэм «вызначэньня чалавечнасьці» ды «робатаабароны».
Сайт адметны яшчэ і тым, што не пакідае сумневаў у сваёй радыйнасьці. Яго з аднолькавым посьпехам можна ўспрымаць і як інфармацыйны рэсурс, і як дадатак да прымача. Інтэрнэт-вяшчаньне для «дыялапшчкаў» і для «шырокаканальшчыкаў», архіў праграм, пару дзясяткаў стужак падкасту — усё, без чаго не абыходзіцца інтэрнэт-радыё, на сваім месцы і ў простым доступе. А да таго ж — густоўныя дызайнэрскія застаўкі, вокладкі альбомаў, выявы гуртоў, гіт-парады і плэй-лісты.
Адзначым для пратаколу спраўнасьць пошуку ды экспарт надвор’я з weather.com.
Ёсьць і інтрыгоўныя разьдзелы. Да прыкладу, «галерэя» сустракае пастаральнымі здымкамі прыроды. Адказ на пытаньне, чым папраўдзе можа быць запоўненая галерэя радыёстанцыі, яшчэ наперадзе.
Яшчэ адзін амбітны праект — гульня «Віртуальная Беларусь». На тэставай пакуль старонцы, паводле задумы стваральнікаў, вырасьце супэрсучасны горад з банкамі, крамамі, цыркам. У ім кожны зможа пабудаваць дом, распачаць уласны бізнэс, прымяніць свае мастацкія і музычныя здольнасьці, пазнаёміцца зь іншымі жыхарамі. На ўвесь горад, трэба думаць, будзе кругласутачна вячшаць Эўрарадыё. Што ж, чакаем пачатку радыёгорадабудаўніцтва. Мяркуючы па генпляне ўверсе галоўнай старонкі, у віртуальнай Беларусі будзе багата хмарачосаў. Лішне казаць пра інтрыгоўнасьць разьдзелу «конкурсы і прызы», дзе пакуль ні прызоў ні конкурсаў.
Ужо зараз можна завітаць на форум Эўрарадыё. І чым хутчэй, тым большая верагоднасьць, што вы будзе на ім першымі пасьля тэсьцераў. Інтэрфэйс форуму яшчэ не перакладзены з ангельскай, але форумцам са стажам будзе лёгка ў ім разабрацца. З карыснай «фішкі» форуму — rss-стужкі да тэмаў.
Сайт працуе ў тэставым рэжыме, таму некаторыя разьдзелы ды функцыі чакаюць дапрацоўкі ці напаўненьня. Але ўжо сёньня яго прыемна «патрымаць у руках». Між іншым, да гэтага заклікае й каманда Эўрарадыё — заходзіць, мацаць, тэсьціць і дасылаць свае заўвагі.
25.1.07
пачаў працу новы сайт Эўрапейскага радыё
а 09:25
cetliki internet, mass-media, radio, slovy
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment