4.3.08

кракадзіл ня ловіцца

Кожнай раніцай недзе па пятай мяне будзіць прымач посным голасам дыктаркі белрадыё. Сьпярша я ўсё дзівіўся, што яны, дзівакі, робяць на працы, калі шчэ пеўні не сьпявалі ды кароў з хлявоў ня гналі, аднак за доўгія месяцы стала ясна — за дзень яны чыста ні чарта не пасьпяваюць, і застаюцца на адпрацоўкі, бяз стомы і сну.

Дык жа ж каб жа які скутак! Нават стартуючы ад 5-й раніцы, яны ўсё адно — вось злы лёс! — шчэ ні разу нічога не пасьпелі.

Безгалосыя 75явачкі, для якіх прагучаць у дасьвецьцевым этэры беларадыя — апошні шанец на дарозе, і тыя пасьпяваюць тры разы сфальшывіць і заглохнуць, а гэтыя ну ніяк! Агляд прэсы, ат трасца, не пасьпяваецца! Навіны бізнэсу... ды што ж гэта такое!.. Спорт, ну хоць спорт! — а-а-ай, самае цікавае зноў не ўмясьцілася. Ну хоць сыноптыкі ды гімнасты даюць рады. А то страшна ўявіць — падыміце правую руку, левую нагу, шш-пок: «гэта ўсё, што мы пасьпяваем...».

Гэта невязуха трывае з тых даўніх часоў, калі на журфаку ім не пасьпелі сказаць ды яны й не пасьпелі б запомніць першую прыкмету каладырнага журналіста — наракаць не на сваю каладырнасьць, а на час, час жа не пашле матам; а першая прыкмета ўдвая каладырнага журналіста — наракаць на час «ад балды», для рытарычнай, так сказаць, закруглённасьці адсутнае думкі.

Вось было б прышпільна паглядзець, каб гэткую завядзёнку ўзялі сабе іншыя нашыя бюджэтнікі ды ляпілі б, скажам, шыльдачкі «гэта ўсе тры колы і два поручні, што мы пасьпяваем укруціць у аўтобус», «гэта ўсе тры сьцяны і паўстолі, што мы пасьпяваем збудаваць», «гэта ўся яма, якую мы пасьпяваем выкапаць на месцы станцыі Пятроўшчына», «гэта ўвесь мост, які мы пасьпяваем паставіць»… так што трымайцеся, шаноўныя, за поручні, зараз да нас далучацца слухачы з правадной сеткі!

No comments: