14.9.08

kirmaš rakam

Нельга архітэктарам даваць гуляць у брадзілкі. Дзеці, калі ваш бацька архітэктар, скажыце яму, хай гуляецца у «Сапёра», а то потым гэтыя вобразы сьвядомасьці пачынаюць здавацца яму ўласнавыдуманымі, і зьяўляюцца такія цуды хворага ўяўленьня як «Ракаўскі кірмаш».

Быў там учора другі раз, першы запомніўся тым, што на нейкіх задворках стаіць нешта на гіпэр падобнае, аблепленае загадкавымі кірмашовымі сталамі ды намётамі, абстаўленае машынамі й канкрэтна так да лесу перадам, да людзей ракам павернутае.

Але памеры і зручнае разьмяшчэньне на гары ля мэтра штурханулі туды зь місіяй купіць віна ды выбраць падарунак.

На першым паверсе аказалася мора рыбы й прорва мяса. У госьці гэта не панясеш. Недзе ўсярэдзіне правай сьцяны вышукаўся ўваход на вузкую лесьвіцу, якая прывяла на 2-гі паверх. 2-гі паверх аказаўся крэатыўна распалавіненым на дзьве пляцоўкі, на адной стаялі канапы ды ложкі, на другой зь дзясятак клетак для іпэшнікаў з мылам і рознай падобнай фігнёй. Ззаду, замест чаканага працягу гандлёвых шэрагаў, аказалася схаваная кафэшка. Шукаў бы спэцыяльна — фіг знайшоў бы.

У цьвёрдай пэўнасьці, што ў квадратным гандлёвым цэнтры супрацьлеглыя сходы вядуць у супрацьлеглыя канцы адных і тых жа гандлёвых паверхаў, спусьціўся на першы паверх. «Левабярэжны» першы паверх аказаўся напаўслужбовым памяшканьнем з зачыненымі ў гандлёвую залю дзьвярыма, бо тамака атабарыўся прадуктовы адзьдзел, а ўвайсьці ў яго можна толькі з тае самае залі.

Зьбегаў уніз — белы кафэль і жалезныя дзьверы чорці куды. Вярнуўся назад. Службовы ўваход — раз, службовы ўваход — два. Адна-адзіная стрэлка скіроўвае ў кніжны аддзел. Нафіг трэба. Але куды падзенешся.

За пару хвіль ля зачыненых дзьвярэй сабралася ўжо добрая кампанія заблудлівых кліентаў. Выперліся на вуліцу пад дождж, у нейкія садавіны ды гародніны. Найбліжэйшы уваход — за вуглом. Ладна, разьвярнуўся, папёрся агібаць.

Заваліўся ў прадуктовы загончык, той, які быў за зачыненымі дзьвярыма. «Віно, кажу, у вас дзе?» Мажная кабета ў форме, троху прымарудзіўшы хаду, кінула ледзь не з папрокам: «У нас не прадаецца». Файна, думаю я, у прадуктовай краме віно не прадаецца. Піва, сыркі, зубакалупалкі розныя прадаюцца, а віно не. «А ў гэтых вашых лабірынтах можа дзе?» Кабета такі незадаволена затармазіла й пачала тлумачыць, як дзетсадаўцу: «Не, нідзе тут віно не прадаецца». Гэта інфармацыя выглядала на сэнсацыю. Кажу, пачакайце, у гэтай штуковіне, на ўсіх трох паверхах і дваравой тэрыторыі ў тым ліку — НІДЗЕ не прадаецца звачайнае вінаграднае віно? Баба ўсьцешылася, што я ўсё сказаў за яе й толькі выгукнула нешта кшталту «ўга».

Прыфігелы, я папёрся на ўжо знаёмую й адзіна слушную лесьвіцу на падземны паверх. Для гэтага трэба было спусьціцца ўніз, пасьля направа, пасьля яшчэ раз направа. Справа аказалася крама для дзяцей, і толькі для дзяцей, нафіг было туды перціся, а зьлева — памяшканьне з тэхнікай, некалькі розных крамак з адной і той самай тэхнікай, — пераважна BBK, па рознаму пакладзенай на розныя палічкі. Пачухаў патыліцу, падняўся па лесьвіцы — шырокай лесьвіцы на гэты раз, — якая вывела да шырачэзнага дзьвюхкамэрнага ўваходу, у якім была адкрытая адна дзьверына ў кожнай камэры з супрацьлеглага боку. Народ сьмешна шчыміўся туды-сюды, завісаючы ды ўтвараючы заторы ў «амартызацыйнай» камэры.

Далучыўся да флэш-мобу й даў драла шукаць звычайны гастраном. Тут таксама выйшаў аблом, але гэта ўжо іншая гісторыя.

No comments: