«Цар» — някідкае кіно, праставаценькае. Глядзіш яго і пачуваешся няўтульна. Чапляешся за кіно, а яно высьлізгвае, адварочваецца і сыходзіць, пакідаючы пэрсанажаў, распадаецца на сцэны. Як пробліскі. А між імі — цемнаватасьць, невыразнасьць, блытанасьць, словы, як звон пусты, незразумеласьць. Нібы недакіно нейкае. І сюжэт кульгае, і вайна — няёмкасьць адна. Не, не кіно. І даглядаеш яго незадаволена. Нібы й ня фільм паглядзеў, а таблетку рассасаў.
А пасьля таблетка тая пачынае дзейнічаць, думкі віраваць, спаць не даваць. І фільм той як бы па-новай праходзіць, паўтараецца ўспамінамі, ды адцемлена гэтак, з націскам.
І здаецца, нібы пытаньні ставіць, ці дакладней цябе ставіць перад пытаньнямі, ды ня каб адказаць, а каб пастаяць, супыніцца, запомніць, уразіцца. І робіцца бы паветра радчэйшае, бы прастора зьнерухомліваецца. А немец круціць колы-калы, і столькі ў ім паўнаты жыцьця і захапленьня, што няможна яго не зразумець, і трошку бягуць мурашы, бо ж гэтулькі ў гэтым звычайнага чалавечага шчырага «трэба ж неяк жыць», у міры нормы гора і вусьцішы, дзе, як і ў нашым, ініцыятыўнасьць і радасьць творчага росту. А маладыя чарняцы выдыхаюць дым, імі выбраны, і спадзяешся, што хоць зь верай, з пэўнасьцю ў ратаваньні, бо ж быў жа цуд ім, а значыць не дарма, а значыць і праўда ўсё, ды ж толькі і цару быў цуд, і ў таго свая вера мо такая ж — аж да сьмерці — пэўная, і калі цуд (уцеха малаверным), і калі і праўда ўсё, то што ж за жарт такі, то як жа ж гэта…
І нібыта ўсе сюжэты прайшлі, а я ўсё там, у гулкім пустым чорным кубе кадра, унурыўшы голаў, ня ведаю, куды адвярнуцца ды сысьці ад гэтых пытаньняў.
19.1.10
Цар
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment