17.1.10

Hetaje doŭhaje doŭhaje doŭhaje doŭhaje kino

Паглядзеў урэшце It’s a Mad Mad Mad Mad World, тры гадзіны часу з антрактам і Оскар упрыдачу. Фільмы з Оскарам я і раней глядзеў, а вось з антрактам — упершыню! Ужо для аднаго гэтага варта было зірнуць.

Але ж як можна спадабацца камэдыя-гонка, у якой пасярод фільму сцэнаром прадугледжаны антракт?

Фільм выклікае скептычную ўсьмешку ўжо першымі кадрамі, калі пасьля аўтакатастрофы на камянях даволі жвава і бадзёра гіне ўладальнік 350 тысяч даляраў (цікава, які курс да даляра 60-х?). І з гэтага самага моманту ўсплывае ў памяці чарада ўжо гледжаных фільмаў на той самы сюжэт — пагоня за грашыма. І найперш, вядома, італьянцы ў Расіі, нават адзін з актораў — падобны да Смактуноўскага. Вядома, такая пасьлядоўнасьць няслушная, і акурат італьянцы здымаліся «па матывах», але што тут паробіш. Вядома, калі б фільм глядзеўся ў свой час, гэта было б дзіва і захапленьне. Але фішка ў тым, што яго бурліва хваляць і цяпер.

Фільм, як і ўсе старыя фільмы, зацягнуты і нясьпешлівы, хоць усе гоняцца, бягуць і сьпяшаюцца. Сьмешных момантаў нібыта й поўна, але яны дужа размазаныя па дзеі. І пакуль прыйшоў час антракту, я ўжо пасьпеў стаміцца, а пакуль перамотваў антрактавы чорны экран з музыкай, пасьпеў прызнацца сабе ў тым, што гэтая пэрліна кінагісторыі мне не даспадобы.

Ну але ў паўзах між жартамі і ўсплёскамі сюжэту можна паразглядаць прыгожыя старыя аўтамабілі, маляўнічыя краявіды, асаблівасьці студыйнага здыманьня, парыкі, строі ды гэтак далей. Балазе, сюжэт ад гэтага занятку каб надта часта не адцягвае.

Самае кепскае, што пры канцы кіно ператвараецца ў вар’ятню, калі героі разьлятаюцца ўбакі з разгайданай пажарнай лесьвіцы. Во, прабіў галавой сьценку, ах як сьмешна, а гэты ўляцеў у нейкае вакно, плюхнуўся камусь на ложак, уржацца, а гэныя з вышыні грымнуліся ў фантан, ой трымайце, не магу!

Ну і нарэшце кабеціна з складаным характарам навярнулася на бананавай шалупініне. Усё, нарэшце канец. Выдыхнулі.

Атрымаўся гэткі Том і Джэры зь людзкімі вобразамі але безь людзкіх характараў.

Ужо другое расчараваньне ў старых фільмах пасьля The Lady Vanishes.

1 comment:

Zmitro Lapcionak said...

я глядзеў гэты фільм яшчэ ў мінулым стагодзьдзі, калі быў падлеткам. тады спадабаўся. а летась ці пазамінулым годам пераглядзеў зноў - ну так сябе, часам сьмешна. але не да захапленьня.