Пры майстэрскай трактоўцы ПДР рух на ровары ў нашай краіне УЖО ў той ці іншай ступені нелегальны. Гэта вядома і без падпёбікваньня аўтападзішахаў. Раварыст, які выязджае ў горад — гэта лічы партызан-падрыўнік. Пешаходаў пералякаць, аўтамабілістаў разьюшыць, пераехаць недаравальную колькасць выездаў і пераходаў і як мінімум адну праезную частку ў сьвяшчэнным для аўтамабілістаў месцы і, галоўнае!, ні разу ня сьпешыцца.
Так што калі пры выезьдзе з двара вы бачыце раварыста, ня верце вачам, гэта безразважны зацяты партызан-камікадзэ-нелегал, і ці мала што ў яго там на ўме (і ў падствольніку:). Хай едзе пакуль. Усё роўна Дзень Перамогі аўтамабілізму ў асобна ўзятай краіне непазьбежны.
Раней пасьля і ў працэсе Адрыву складаліся жыцьцярадасныя вершы, рыфмы, сонца, зарад бадзёрасьці на цэлы тыдзень...Ах, часы, часы... Усё разгадаў, усё ўзяў, прыехаў на фініш раней за оргаў. А цяпер сядзіш у цяньку, гадзіньнік адлічвае апошнюю гадзіну да дэд-лайна, а ў цябе ні партрэта, ні пляката, і ўвогуле засада. І ні прыгучасьці, ні скакучасьці. Хутчэй бы панядзелак, адасп... (ну хоць адпачыць) на працы.
Чорныя чэрвы, чырвоныя пікі. Дурылка? Адрыў!
Адрыў — гэта галаваломкі па-даросламу — як чуецца, так і ёсьць. Ломка галавы то бо. Галаваломка цюкае аб галаву, як велікоднае яечка. І калі ў Максіма Горкага шляхам складаных разагрэтых сонцам лягічных ланцужкоў знаходзяцца ўласьцівасьці двухасноўнасьці, гарыстасьці і каляровасьці, значыць галаваломка цябе перамагла. І знайдзі ты расцудоўнейшую і нават не пазначаную на мапе чыгунку (ты геній!) з тузінам чарнейшых за смоль гаражоў, галаваломка толькі радасна парагоча і праз паўгадзіны блуканьняў па тупіках ды завугольлях выпадкова адкрые мапу на той самай старонцы і ткне носам у тую самую вуліцу: «А цяпер праграма па заяўках. Перадаем нашаму сталаму слухачу песьню „Co ty tutaj robisz“», пакуль ён круціць з Залатагорскай да Зялёнагурскай, трымаючыся адной рукой за руль, а другой пасыпаючы галаву попелам. Добжэ, жэ не до самэй Зелёнэй Гуры. Песьня.
На віцебскіх сьветлафорах, здаецца, змарнаваў паўжыцьця. Так і стаіць перад вачыма …75, 74, 73… І гэта толькі на паўдарогі.
Родны горад, мяне не зьбянтэжыш нейкай там Берагавой, я не абражу цябе мапай. Гэта ж недзе тут. Паварочваем без прытармажваньня. Што за Астроўскага? Што за тупік? Што за Фаааааак...
Увогуле, у Адрыве няважна, дзе ты нарадзіўся і пражыў паўжыцьця. Трэк гульні прайшоў міма майго раддому (я ня памятаю, але зьвесткі з вартых даверу крыніц), першай, другой хаты, па двары адных стрыечных і другіх стрыечных, міма школы, пошты, 1-га садка і 2-га садка, міма парка, дзе я зламаў лыжы, міма сквера, дзе зламаў нос, міма музычнай школы, куды мяне ня ўзялі, міма спартшколы, адкуль выгналі, бо не захацеў сядаць на шпагат.
Хоць да музшколы мяне занёс чарговы парадокс сьвядомасьці, які знайшоў у Ратушы, кінатэатры «Спартак» і бібліятэцы імя Леніна (як потым аказалася, зачыненай з-за трухлявасьці) прыкметы аднатыпнасьці, а галоўнае, лічбы 4 і 6! Па-бам! Мінус паўгадзіны!
Але ўсё гэта ня йдзе ні ў якае параўнаньне з патэнцыялам галаваломкі пра героя савецкага саюзу. Я ўжо быў блізкі да таго, каб убачыць у пасёлку Тарным адгалоскі слова «таран». А таран жа гэта правераны спосаб стаць героем, і калі шчэ пасьля гэтага выжыць, то ўжо дакладна — жыць доўга і шчасьліва шчэ пару стагодзьдзяў.
Герояў у Тарным на выгляд аказалася поўна, бо калі не называць вуліцы героямі, дык кім жа тады называць. Але ніводны патэнцыйны герой не прылягаў да Тарнага, а ўпіваўся ў яго, як цьвік у дошку.
Чорныя чэрвы, чырвоныя пікі. Лёгкія трасы — для пі... (не для нас, карацей). Наступны кандыдат — Васькавічы зь Біруліным. Бірулін, відаць, застрэліў якога-небудзь немца, які шпегаваў тут пад мянушкай Васька. Хістка, канечне, і піліць далёка. Білева з Баграмянам. Фіг ведае, дзе гэты раён канчаецца, і што да яго прылягае, бясформенасьць нейкая.
Бля*ь! Валянціна Ўладзіміраўна! Прабачце, гэта я не пра вас, гэта я сабе. Што за звычка сьпярша забрацца ў дзікі лес, а потым паглядзець на цэнтар. Церашкова. І ня ведаю, на чым яна там лётала. Але Ўсход кладзецца лепей за нямецкага шпега Ваську ці таран ля мясакамбіната.
Але пасьля Валянціны Ўладзіміраўны паліва ў думацельнай частцы арганізму скончылася. Апошнія кроплі праліліся на мапу Чыгуначнага раёну ў пошуку Манхэтана. І маторчык заглох. Я адно мэханічна адсоўваў мапу з сонца, што напаўзала, і гаварыў незразумелыя словы цікаўным алкашам. Азірнуўся — я адзін на паляне. Родны мой горад, любоў мая, што ж гэта, родны мой, за (фігня).
Адрыў робіць парашкі з гарадоў, якія потым тыднямі раствараюцца ў арганізьме. Парашкі — дужа эфэктыўна, вось я жыў у Віцебску 15 гадоў, гэта ва ўчорашнім адрываўскім парашку склала недзе 1/15 аб’ёму. Таварышы адрыўшчыкі, зацаніце, колькі вам зэканомлена часу.
Мала таго, Адрыў раскруціў ціхую культурную ні фіга не сталіцу да хуткасьці амэрыканскіх горак. Аднадзённы віцебскаканцэнтрат застаўся ў памяці слайдамі, якія зьмяняюцца перад вачыма так бліскуча і так калярова, што ні фіга не пасьпяваеш разгледзець. «Віцьба поўная вады, (а мне сёньня да пі...) афігенна, круць, ух ты!» Адзінае спакойнае месца — го-о-орка да кансэрвавага заводу, на якой я думаў пра тое, як адрыў падобны да вытворчага працэсу гэтай установы.
Ах, быў яшчэ момант катарсісу, калі карусель рэзка затармазіла. І я нават палез у заплечнік за фоцікам — нечуванае марнатраўства часу. Гэта стэла ў двары самых дальніх Югоў, куды нават мне было ўлом даходзіць. Агромністы файны ўязны знак — у цесным двары. Так і падмывала ўкленчыць у замілаваньні. Але ня ўкленчыў. Помста багоў была жорсткай. Яны вырубілі ў Менску большасьць ліхтароў, падпалілі склад маланак і адкруцілі кран з залевай — на пару хвілін, для страху. Затое так хутка я дахаты яшчэ ніколі не дабіраўся.
У выніку засталося зьмяшанае пачуцьцё. Інгрыдыеты: я быў у Віцебску тыдзень, я ня быў у Віцебску зусім. Паглядзім, як арганізм яго пераварыць.