28.6.11

ruskija sa znakam jakaści

На вуліцы Куляшова павесілі такую вось шыльду.

З такім жа эфэктам народнаму паэту можна было кол у магілу ўваткнуць.

27.6.11

Тут якраз тыдзень мінуў, як я пагойсаў па наваполісу Мэгаполацку. Проста спаймаў нейк сябе на тым, што адразу пасьля адрываў хочацца альбо апошнімі словамі лаяцца, альбо размаўляць выклічнікамі, або ўсё разам, што ніяк ня можа лічыцца за асэнсаваньне ці справаздачу.

Што да асэнсаваньня, дык я во зараз чытаю заданьні пяты раз, і, ведаеш, усё новыя асэнсаваньні. Ня тое, што на лужку пасьля старту. Пакуль там асэнсоўваеш, дэдлайн сядзіць на багажніку ровара, рагоча і боўтае нагамі. Раздражняе і адцягвае ўвагу.

Але нейк нат з гэтым шкоднікам за сьпіной менавіта ў Наваполацку я знайшоў сваё адрываўскае шчасьце. Проста выехаў зь лесу, аблеплены камарамі і сьляпнямі, і вырашыў паехаць не карацейшай дарогай, а цікавейшай. Цераз усю прамзону. Улічваючы, што ў Наваполацку я з роварам першы раз за 30 гадоў, шанцаў пакалясіць па ёй у мяне ня так і шмат. А там пуста, бязьлюдна, ходзіць пусты трамвай і непадпісаныя прыпынкі. Ну й немаведама як занесеныя адрываўцы гойсаюць.

І нібыта знайшлася патрэбная струна. І самае цікавае — да грузавіка на вяршыні кургана і пяшчанага вайсковага мэмарыялу ў Полацку я выехаў проста таму, што паехаў туды, куды мне здалося ехаць цікавей. Я не адгадаў гэтыя заданьні, я проста да іх прыехаў. У Полацку я ўвогуле падняўся на горку, прымружыўся, і потым ляснуў сябе па лбе — дык вось гэта што за вожыкі!

А ля вожыкаў аказалася брукаваная буйнымі кавалкамі будаўнічага сьмецьця дарога, як я мог па ёй не паехаць! І за ёй — так нечакана для гэтага Адрыву бязьлюдныя КП. Хоць, прызнацца, на Ленінградзкай я наступіў на горла цікавасьці і не паехаў глядзець на так маляўніча апісанае возера. Ат, гэты дэдлайн!

І тут я трапіў на агромністы полацкі чыгуначны пераезд, падзелены на дзьве часткі — і ўмудрыўся пастаяць на чырвонае сьвятло на абодвух частках. Зь якой настальгіяй я ўспамінаў Наваполацк, дзе нават над трамвайнымі шляхамі зрабілі эстакаду.

Пасьля падарожжаў па Полацку вясковым з драўлянымі віхлястымі мастамі, неасфальтаванымі вулкамі, стракаты полацкі цэнтар з нагрувашчваньнем помнікаў ад камуністычных да рэлігійных і проста фэйкавых ня мог выратаваць імідж. Полацк — правінцыял з залатымі (о так, старажытнымі!) зубамі. Наваполацк — малады стыляга, горад-твор, твор дарагі, удалы і таленавіты. І чорт, яны такія розныя, і ўсё-такі яны разам, і, кажуць, неўзабаве аб’яднаюцца, і я ня ўпэўнены ў назьве гэтага гораду.

Што да глюкаў, дык я ня ведаю, як браліся «трапецыі», нідзе не пазначаны «палац піянэраў», які насамрэч «пазашкольнай работы», «вожыкі», хоць зь імі аказалася ўсё даволі адназначна, хай я і абпоўзаў усе поплавы ля сафійкі. Але магчыма, яны акурат для таго і зробленыя, каб трапляцца пад колы, калі іх не чакаеш.

Гэта не нагода журыцца. Вось я не знайшоў лясную дарогу ад «самалёта» на Люхава, а нехта знайшоў. А шчэ нехта зрэзаў па сьцежцы да полацкага кургана. І яны ўзялі з Адрыву больш за мяне. І я ведаю, што яны круцейшыя за мяне, ня глядзячы на вынікі пратаколу. І я так хачу.

26.6.11

pragrama panarama

Пружаны





Ружаны



Бяроза



Шарашова



źmiena krajavidu

Мінус адзін мост на Партызанскім.



21.6.11

Radyjaĺnaja, 18

На пачатку году асьмялеў я дарэшты і пачаў хадзіць на форум гарвыканкаму ды пісаць пра набалелае. А набалелі мне тады конскія бардзюры на Радыяльнай вуліцы ня-дом-а-стаянка 18. Зіма зноў атрымалася сьнежнай, як яно заўсёды недарэчы ў якія крызісы выходзіць, а ходнікі чысьціць — занятак нецікавы, дый як сабярэсься — яно ўжо і сьцямнелася, а як не сьцямнелася, дык дзьве адлігі тры сьцюжы, панамерзла, задубела, што ўжо й не аддзярэш — няма чаго з тэхнікі надругацца. Дык гэтак во яно і сталася, што з усіх шляхоў у мой утульны раёнчык зімой застаўся той адзіны з бардзюрамі, што так рваліся ўвысь сьледам за комінамі ЦЭЦ над галавой. І калі па Радыяльнай пужлівы трактарок з прыўзьнятым плугам хапатліва прабягаў, складаючы сьнегавыя горкі, добра калі раз на тыдзень, то бардзюрышчам гэным ладзілі ручную чыстку геамэтрычных формаў да зьзяньня ці не штодня. А ў мяне колы прыспушчаныя, і яно цішком-цішком, а ўсё дно — бразь вобадам, расстройства суцэльнае.

Зімой, напісалі мне на тым форуме, бардзюры ніхто не выкалупвае, бо засьмяюць, а вось як прыйдзе спрыяльнае надвор’е, тады калі ласка, рыхтуй шампанскае. Цяпер я ведаю, што спрыяльнае надвор’е, гэта калі адцьвілі дзьмухаўцы, да гэтага бардзюры чапаць няможна, нездарма нам у школе расказвалі, што дзьмухаўцы страх якія каварныя і прыставучыя. Дык вось пасьля разьдзьмуханьня дзьмухаўцоў бардзюры ўсім на ўзьдзіў зраўнялі зь зямлёй, хоць гразіліся 5 сантымэтраў пакінуць, бо не па-гаспадарску гэта ўзяць цэлы такі важкі бардзюр і ўвесь у глебу ухайдохаць. І вось толькі я сабраўся пранікацца пачуцьцём уласнай важнасьці за ўнёсак у карціну гарадзкога рэльефу, як ледзь пранікнуты не праваліўся ў яміну, якая зь вясны распаўзлася на ўвесь ходнік, па якім я дзеля бардзюраў ня езьдзіў. Хоць адзін уваліўся быў ды пранікнуўся тым болей ад мяне, шчэ на іншы форум напісаў, як лётаў над плянэтай з роварам угары.

Кінуўся я зноў на той форум ліст пісаць, але, відаць, там сьвятло адключылі, бо ліст той электранічны на форум ня выйшаў, а мо загадчык сайту падумаў, што я спамэр злосны які, бо калі кожны пачне раз на сэзон пісаць пра геаграфічную сытуацыю на адлегласьці пяць мэтраў ад папярэдняга допісу, то тут ніякага жорсткага дыску, купленага праз тэндэр, ня хопіць, нават калі карцінкі зазіпаваць.

Ну як так то так, вырашыў я пачакаць ды паглядзець, колькі тая яміна праіснуе, калі не замінаць адказным асобам ды арганізацыям займацца сваёй невядомай непасьвячоным дзейнасьцю. Чакаў я чакаў, у мяне ўжо і батарэйка ў сьпідомэтры села, а яміна тая як была, так і была, хоць ты там сажалку рабі ды пангасіуса запускай. Ажнэ сяньні еду — а ўсё, прысыпалі, зацярушылі. Так, каб дужа зямлі не расходаваць, але ўжо хоць мо і навярнешся, а прыгожага сальта не атрымаецца, і пангасіус, вядома, не прыжывецца.

Čaliuskincaŭ, 3

У прыгожых дамах прыгожага раёну жывуць людзі з вытанчаным пачуцьцём прыгожага.

Čaliuskincaŭ, 14

Згарэў прыгожы дом у прыгожым раёне

17.6.11

vieladarožka ŭ metro

Трэба было пераскочыць гэты праспэкт на жоўты па Талбухіна, дык не ж, панесла пад першую гадзіны начы з роварам у падзямельны пераход.

У горадзе нікога, у пераходзе нікога, качуся, ня круцячы педаляў, паціху, і тут раптам у самым канцы ад сьцяны аддзяляецца цень і шыбуе напярэймы. Я ўбок — цень убок, я ў іншы — цень туды жа. Ну й тут у сьвятле фары бачу, што цень у блакітнай кашульцы, у капялюшы з казырком (але не велашлем). Ну, стаў. І цень бязь лішніх прадмоў стаў — пі...ць і да...бвацца.

Гадзіна ночы на носе, у сталіцы нашай краіны гарыць толькі кожны трэці ліхтар, пустэча, хоць здымай кіно пра высадку амэрыканцаў на Месяц, і ў гэтых дэкарацыях му…(жы)к з фуражкай чытае вар’яцкую лекцыю з выкарыстаньнем словазлучэньняў «велатрэк у пераходзе», «узяць у рукі веласіпед», «калі вам зробяць веладарожку ў мэтро». Я стаю, зьдзіваваны, насупраць адзінага сустрэтага па дарозе чэла і афігеваю. Але размову страюся падтрымліваць, хоць навіны з форуму велатаварыства фуражкавы цень заводзяць яшчэ больш. Выглядае, ён сур’ёзна пранікся важнасьцю моманту: вось — прыйшоў, убачыў і прасёк, а цяпер наставіць на шлях ісьцінны гэтую вяртлявую пагрозу бясьпецы грамадзтва і яшчэ (глядзіць міма) па-ду-ма-е, што зь ёй зрабіць.

Аргумэнт пра тое, што я не разьлічваў тут і цяпер сустрэцца зь якім-кольвек прадстаўніком чалавечай расы, а значыцца і ствараць яму небясьпек, б’е міма — справа ў прынцыпе — Строгім Выкананьні Правілаў.

Думаю, як трактуюць правілы п...ж ды іншую пэдагагічную дзейнасьць за межамі даручанай блакітнаму ценю мэтрастанцыі і колькі скрыняў пандоры можна пры жаданьні нясьпешліва на яе правалачы.

Не зьдзіўлюся, калі блакітны цень з Маскоўскай а 4-й начы таксама знайшоў да каго да...бацца ў часе плянавага перакуру на галоўным праспэкце сталіцы нашай краіны, пакуль пацаны здымалі FLV 2 PPRB.

І што цікава, едучы пасьля начным паркам чалюскінцаў (таксама, калі верыць вікіпэдыі, няўдачнікаў), злавіў сябе на думцы, што гэты блакітны ў фуражцы нагадаў мне БТэлевізар — там таксама п...яць, да...бваюцца і чытаюць лекцыі на тле абсалютна сьмешных дэкарацый. Таму і слухаў я яго няўважліва.

А можа, ён што істотнае сказаў.

Можа, у мэтро і праўда веладарожка будзе...

12.6.11

šabli

Самы галоўны вынік учорашняга «канцэрта на траве» (быў і канцэрт, і трава, тут усё праўда) — я кепскавата чую (шо, блін?), гэта вельмі дарэчны набытак, улічваючы зьнешнекамунальную сытуацыю і немагчымасьць існаваць з зачыненымі шыбамі. Гэта як на стрэльбішчы, толькі на стрэльбішчы на мяне сяржант крычаў, ты што е…нат, рот не раскрыў? (а ты, …нат, сказаў?!), а тут вольскі, морсы, пазытыў, усе дзялы. У пераводзе на вайсковую карысьць вольскі — зброя, вядома, нашмат мацнейшая, ні фіга ня чуеш, танчыць выдыхся, і ўжо самы час заваліцца ў канаву, але міліцыя прасякае. І гэта з улікам таго, што за 15 хвілін да гэтага я згодна ківаў на сэнтэнцыю «Хочацца патанчыць, ды нешта стрымлівае, відаць, маладосьць прайшла».

Дзе Вольскі, там мітынг, з паўабароту. Жыве ўсё, што скажа Лявон!

Піва не было.

Дакладней, піва было дафігішча, але скуль яно бралося, фіг яго ведае. У Гародзьках дакладна не прадавалі. Ля Шаблёў крама не дачакалася такой надзвычай выгаднай учорашняй кан’юнктуры і зачынілася навеківекув шчэ пры львусапегу, хоць разваротнае кальцо для панаехаўшых аўтамабілістаў атрымалася там зачотнае.

І пра гэта можна было сказаць загадзя, фэйсбук жа не радыёкропка, можна не манернічаць.

Ехаць трэба было на ровары. І купіць намёт, колькі ўжо можна…

Валожынскія міліцыянты задаволеныя і мажныя. Вочы ня бегаюць, пыха ня прэць, дурная ініцыятыўнасьць ня пырскае. «А што гэта за яно?» «Джым Морс уродзе». «А-а-а, ага, нічотак».

Ты чуў песьню «Ніколі-ніколі»? Гэта пра валожынскі квас.

Бачыў дзядзьку бяз рук. Аказаўся гукаапэратарам. Уяві. Не, уяві, як ён гукаапэратарствуе. А я бачыў. Ага…

DALI пераблыталі Йо-йо з Крамбамбуляй, адпускалі жарцікі, такі фэйл.

На нейкіх там разагравальніках мы ня вытрымалі — пайшлі гуляць па вёсцы. Думаў, паб’юць, а не — усе (3 чалавекі) віталіся. Здароўкаліся, дакладней.

Папарацы пад канец прымусілі пашкадаваць, што прагрэс адмяніў фотаплёнкі, мо яны хоць ня бліскалі б на кожнага камара.

Што ў сухой рэшце — любімыя песьні будуць асацыявацца зь свежым паветрам і прыгожым захадам з хмарнай пенкай. А півам нап’ецца, грошы на таксоўку да Ангарскай (jo… …ju …ć! Да Ангарскай!!!) заробяца, вушы адкладзе (спадзяюся).


View Larger Map

suchaść

Уваходзіш куды мокры, а на цябе глядзяць, як на марсіянскага тэрарыста, бо як гэта такое мага, залева — а ён мокры, і праўда, прыстойны чалавек ня будзе гойсаць пад дажджом, як адшчапенец, а стане пад найбліжэйшым у меру zascanym мастом і перачакае, калі пашанцуе, а не пашанцуе, дык што зробіш, пойдзе ціхутка дахаты, ці на тралейбусе пад’едзе, на тралейбусе бо як у лазьні — нічога ня сорамна, гэта ж не ўвайсьціся куды ў грамадзкае месца, кшталту ўнівэрсаму якога, у яго шыльда ўся зь вялікіх літар і сьвеціцца, а ён — мокры! Хоць паглядзіць якая касірка з шкадаваньнем дый праб’е літар піва, касіркі — яны самыя справядлівыя людзі з усяго нашага дзівацкага чалавецтва, яны мала на каго без шкадаваньня глядзяць, купляеш ты чаго самага звычайнага, а раптам: на сто тысяч — і як жа цябе тут не пашкадаваць, ці во які дзяцюк з драцінай у губе сустрэнецца — таксама ж шкада, анягожанькі, а ў якім неўнівэрсаме, дзе чыста і лямпачак дзьвесьце штук у столі (хоць усе бляклыя і абы-што), дык нават і ня зьвернуць увагі, адно пасьміхацьмуцца, быццам усяк чалавек ігдзе нарадзіўшыся суць па бозі, дык адразу з драцінай на відным мейсцы й ёсьцека, а зайдзі туды мокрым — дык скасавурацца, ды шчэ сякер’юрыця пашлюць, каб ён цябе акуратненька адным пальцам выправадзіў на вуліцу, бо мокрым людзям там адно і мейсца, няясна, як іх увогуле куды пускаюць.

І тут накрычаў на мяне кіроўца лядашчай маршруткі з абы-якімі дзьвярыма, якія я абы-як яму зачыніў. Усё ў гэтым чалавецтве пераблытана.

8.6.11

kratery

у лесапарках раптам выявілася шчэ адна шкода ад спалучэньня кватэрных ваўкарэзін і зямной гравітацыі: усе сьцежкі ў ямінах, якія цуцыкі капаюць з адной адзінай мэтай: заваліць якога занадта рамантычнага раварыста на якім звыш меры хуткім ровары, а гаспадары не каб паклалі kakašku ды закапалі — стаяць, глядзяць замілавана, быццам з той яміны вылезе ім шчасьце з пакецікам ад грэчкі ці з валютнай заначкай у бляшаначцы ад халвы, увесь лес спаскудзілі.

6.6.11

празьнік удался

režym

Напужалі Ружаны крызісам.


Мясная крама на цэнтральнай плошчы.

У знак удзячнасці Пракаповічу П. П.



Лукашэнку скланяць не адважыліся. =)

4.6.11

Vilnia


Найперш у новым горадзе трэба знайсьці пракат ровараў. Каб пабачыць тое, што ня бачна з экскурсійных аўтобусаў, і каб забрацца туды, куды палянуешся ісьці пешшу.