21.6.11

Radyjaĺnaja, 18

На пачатку году асьмялеў я дарэшты і пачаў хадзіць на форум гарвыканкаму ды пісаць пра набалелае. А набалелі мне тады конскія бардзюры на Радыяльнай вуліцы ня-дом-а-стаянка 18. Зіма зноў атрымалася сьнежнай, як яно заўсёды недарэчы ў якія крызісы выходзіць, а ходнікі чысьціць — занятак нецікавы, дый як сабярэсься — яно ўжо і сьцямнелася, а як не сьцямнелася, дык дзьве адлігі тры сьцюжы, панамерзла, задубела, што ўжо й не аддзярэш — няма чаго з тэхнікі надругацца. Дык гэтак во яно і сталася, што з усіх шляхоў у мой утульны раёнчык зімой застаўся той адзіны з бардзюрамі, што так рваліся ўвысь сьледам за комінамі ЦЭЦ над галавой. І калі па Радыяльнай пужлівы трактарок з прыўзьнятым плугам хапатліва прабягаў, складаючы сьнегавыя горкі, добра калі раз на тыдзень, то бардзюрышчам гэным ладзілі ручную чыстку геамэтрычных формаў да зьзяньня ці не штодня. А ў мяне колы прыспушчаныя, і яно цішком-цішком, а ўсё дно — бразь вобадам, расстройства суцэльнае.

Зімой, напісалі мне на тым форуме, бардзюры ніхто не выкалупвае, бо засьмяюць, а вось як прыйдзе спрыяльнае надвор’е, тады калі ласка, рыхтуй шампанскае. Цяпер я ведаю, што спрыяльнае надвор’е, гэта калі адцьвілі дзьмухаўцы, да гэтага бардзюры чапаць няможна, нездарма нам у школе расказвалі, што дзьмухаўцы страх якія каварныя і прыставучыя. Дык вось пасьля разьдзьмуханьня дзьмухаўцоў бардзюры ўсім на ўзьдзіў зраўнялі зь зямлёй, хоць гразіліся 5 сантымэтраў пакінуць, бо не па-гаспадарску гэта ўзяць цэлы такі важкі бардзюр і ўвесь у глебу ухайдохаць. І вось толькі я сабраўся пранікацца пачуцьцём уласнай важнасьці за ўнёсак у карціну гарадзкога рэльефу, як ледзь пранікнуты не праваліўся ў яміну, якая зь вясны распаўзлася на ўвесь ходнік, па якім я дзеля бардзюраў ня езьдзіў. Хоць адзін уваліўся быў ды пранікнуўся тым болей ад мяне, шчэ на іншы форум напісаў, як лётаў над плянэтай з роварам угары.

Кінуўся я зноў на той форум ліст пісаць, але, відаць, там сьвятло адключылі, бо ліст той электранічны на форум ня выйшаў, а мо загадчык сайту падумаў, што я спамэр злосны які, бо калі кожны пачне раз на сэзон пісаць пра геаграфічную сытуацыю на адлегласьці пяць мэтраў ад папярэдняга допісу, то тут ніякага жорсткага дыску, купленага праз тэндэр, ня хопіць, нават калі карцінкі зазіпаваць.

Ну як так то так, вырашыў я пачакаць ды паглядзець, колькі тая яміна праіснуе, калі не замінаць адказным асобам ды арганізацыям займацца сваёй невядомай непасьвячоным дзейнасьцю. Чакаў я чакаў, у мяне ўжо і батарэйка ў сьпідомэтры села, а яміна тая як была, так і была, хоць ты там сажалку рабі ды пангасіуса запускай. Ажнэ сяньні еду — а ўсё, прысыпалі, зацярушылі. Так, каб дужа зямлі не расходаваць, але ўжо хоць мо і навярнешся, а прыгожага сальта не атрымаецца, і пангасіус, вядома, не прыжывецца.

No comments: