Тут якраз тыдзень мінуў, як я пагойсаў па наваполісу Мэгаполацку. Проста спаймаў нейк сябе на тым, што адразу пасьля адрываў хочацца альбо апошнімі словамі лаяцца, альбо размаўляць выклічнікамі, або ўсё разам, што ніяк ня можа лічыцца за асэнсаваньне ці справаздачу.
Што да асэнсаваньня, дык я во зараз чытаю заданьні пяты раз, і, ведаеш, усё новыя асэнсаваньні. Ня тое, што на лужку пасьля старту. Пакуль там асэнсоўваеш, дэдлайн сядзіць на багажніку ровара, рагоча і боўтае нагамі. Раздражняе і адцягвае ўвагу.
Але нейк нат з гэтым шкоднікам за сьпіной менавіта ў Наваполацку я знайшоў сваё адрываўскае шчасьце. Проста выехаў зь лесу, аблеплены камарамі і сьляпнямі, і вырашыў паехаць не карацейшай дарогай, а цікавейшай. Цераз усю прамзону. Улічваючы, што ў Наваполацку я з роварам першы раз за 30 гадоў, шанцаў пакалясіць па ёй у мяне ня так і шмат. А там пуста, бязьлюдна, ходзіць пусты трамвай і непадпісаныя прыпынкі. Ну й немаведама як занесеныя адрываўцы гойсаюць.
І нібыта знайшлася патрэбная струна. І самае цікавае — да грузавіка на вяршыні кургана і пяшчанага вайсковага мэмарыялу ў Полацку я выехаў проста таму, што паехаў туды, куды мне здалося ехаць цікавей. Я не адгадаў гэтыя заданьні, я проста да іх прыехаў. У Полацку я ўвогуле падняўся на горку, прымружыўся, і потым ляснуў сябе па лбе — дык вось гэта што за вожыкі!
А ля вожыкаў аказалася брукаваная буйнымі кавалкамі будаўнічага сьмецьця дарога, як я мог па ёй не паехаць! І за ёй — так нечакана для гэтага Адрыву бязьлюдныя КП. Хоць, прызнацца, на Ленінградзкай я наступіў на горла цікавасьці і не паехаў глядзець на так маляўніча апісанае возера. Ат, гэты дэдлайн!
І тут я трапіў на агромністы полацкі чыгуначны пераезд, падзелены на дзьве часткі — і ўмудрыўся пастаяць на чырвонае сьвятло на абодвух частках. Зь якой настальгіяй я ўспамінаў Наваполацк, дзе нават над трамвайнымі шляхамі зрабілі эстакаду.
Пасьля падарожжаў па Полацку вясковым з драўлянымі віхлястымі мастамі, неасфальтаванымі вулкамі, стракаты полацкі цэнтар з нагрувашчваньнем помнікаў ад камуністычных да рэлігійных і проста фэйкавых ня мог выратаваць імідж. Полацк — правінцыял з залатымі (о так, старажытнымі!) зубамі. Наваполацк — малады стыляга, горад-твор, твор дарагі, удалы і таленавіты. І чорт, яны такія розныя, і ўсё-такі яны разам, і, кажуць, неўзабаве аб’яднаюцца, і я ня ўпэўнены ў назьве гэтага гораду.
Што да глюкаў, дык я ня ведаю, як браліся «трапецыі», нідзе не пазначаны «палац піянэраў», які насамрэч «пазашкольнай работы», «вожыкі», хоць зь імі аказалася ўсё даволі адназначна, хай я і абпоўзаў усе поплавы ля сафійкі. Але магчыма, яны акурат для таго і зробленыя, каб трапляцца пад колы, калі іх не чакаеш.
Гэта не нагода журыцца. Вось я не знайшоў лясную дарогу ад «самалёта» на Люхава, а нехта знайшоў. А шчэ нехта зрэзаў па сьцежцы да полацкага кургана. І яны ўзялі з Адрыву больш за мяне. І я ведаю, што яны круцейшыя за мяне, ня глядзячы на вынікі пратаколу. І я так хачу.
27.6.11
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment