1.6.06

ровар дорыць пачуцьцё палёту

калі з-за чарады прыпаркаваных машын у тваім двары выбягае зь лёгкай дзіцячай імклівасьцю маленькая дзяўчынка-красунька.
красунька, пасьпяваеш адзначыць ты паралельна з інстынктыўным сьцісканьнем гамульцаў
ты як вецер, твая хутасьць - два мэтры ў сэкунду
утоплены ў асфальт люк ня дасьць сарвацца старту
палёт доўгі, бачыш ровар, бачыш асфальт, бачыш, што траекторыя красунькі ў бясьпецы
нясьпешліва пралічваеш зручныя варыянты прызямленьня, пераварочваешся на левы бок і прызямляешся ля ног срэбнавалосае прынцэскі.
ровар мякка апускаецца зьверху раскрытым парашутам.
уздымаеш вочы - уверсе стаіць напаўадвярнуўшыся прынцэса і зь вінавата-гульлівым выглядам грызе пальчык.
прыгажосьць...
глядзі асьцярожней, - кажаш ты ўвышыню да прынцэсы.
тая ўспырхівае й зьнікае пярэстым лёгкім матыльком.

едзеш за вугол аглядаць мадыфікацыі камплектацыі - сваёй і ровара.
пясок увушшу заўважаеш толькі на працы.

No comments: