у гатэлі кран цячэ прага паліць і пячэ што сказаць табе яшчэ пра прагу | |
прагай спражаны турыст прага ўверх і прага ўніз між піўніц і камяніц засада | |
прага пахне бы грыбы з-пад травы ды крапівы пачарнелыя муры й трамваі | |
Шмат вялізных лахматых вясёлых сабак. Без напысьнікаў, ясны перац. Малых сабак мала. Ката ня бачыў ніводнага. На фотцы сабачка ў жыжкаўскай піцэрыі дакорліва паглядае на кліента, які жуе сваю піцу. Былі б у сабачкі грошыкі, ён бы і сабе замовіў. |
|
На раме майго першага горніка было напісана rockmachine.cz. З гэтага я, чамусьці, зрабіў выснову, што ў Чэхіі раварыны рай. Мяне напаткаў жорсткі аблом. У Празе шалёны трафік, вузкія вуліцы і мінімалістычныя ходнікі. Бедныя раварысты мечуцца, як пячкурыкі. | |
Процьма маскалёў. Адная руская ў падземнай газэтна-прадуктовай крамцы мне расказала, што ў чэхаў усе словы рускія, толькі яны могуць іх спэцыяльна так скрывіць каб рускія нічога не зразумелі. Кітайцы трымаюць крамы з назвай «Вячорка». Гэтыя зусім з космасу. Разумеюць толькі жэсты ды міміку. Чэхі, відаць займаюцца інтэлектуальнай працай, пакуль дзеці глябалізму прадаюць турыстам чэскія сувэніры. | |
Піва аказалася ня так і шмат, як здавалася, і не такім танным, як думалася. Прыехаў у Менск, адразу купіў пакаштаваць Велькапаповіцкага Казла расейскага разьліву. Стопрацэнтная дурылка. Затое на вуліцы зь півам можа глядзець футбол проста седзячы на бруку. І ніякі мэр цябе ня возьме. | |
Старога ў Празе столькі, што губляеш надзею ўсё гэта калі-небудзь агледзець. Нават лянотна даставаць фоцік. Карлавы мост нагадаў суботія Ждановічы. Днём лепш пасядзець у піўніцы, а бадзяцца па Празе ўначы. | |
Вычварэнцы могуць пашукаць прыгодаў і ў начным індастрыяле. Балазе, усё побач Самае месца для рэклямы Mano Chao. А рэкляму Placebo я пабачыў надта позна. Усе ведалі, апроч мяне. Ат... | |
Багата ў якіх будынках верхняя частка большая за ніжнюю. У сярэдзіне Прагі стаіць тэлевежа, якая нагадвае дзьве шэрыя сасіскі.Па Празе праходзіць міжнародная магістраль. Ідзе яна якраз каля галоўнага чыгуначнага вакзалу. Людзі адтуль, відаць, адразу спускаюцца ў мэтро. Бо я іх там ня бачыў. |
|
Яшчэ ў Празе аўтамабільныя ды чыгуначныя масты часам ідуць або пад вокнамі апошніх паверхаў дамоў, або проста над дахамі цэлых кварталаў. | |
Чэхаў я амаль ня бачыў. Я неяк прайшоў цэлы агромністы квартал хвілін на дваццаць ходу шасьціпалоснай дарогі і не сустрэў ніводнага чалавека. Мо не па тых вуліцах хадзіў? | |
Думаў, што ведаючы пяць славянскіх моў буду ў чэхіі як дома. Памыліўся. Чэская мова вельмі наравістая. Але я такі знайшоў колькі родных сэрцу назоўнікаў. | |
...прыметнікаў (карцінку давядзецца павялічыць) | |
...ды незарэгіставаных сымбаляў | |
Ляцеў з Прагі гадзіну і дваццаць хвілін. Столькі ж чакаў маршруткі на Менск. Кемлівыя бабкі адразу склалі сьпіс чаргі на ўседзіны. У самалёце ж месцаў трошку болей, чымся ў маршрутцы. Агаломшаных гасьцей Менскага раёну даволі ўмела апрацавалі таксісты. Тутэйшыя праявілі цярпеньне і стойкасьць. | |
Ад няма чаго рабіць пабадзяўся па аэрапорце. Ня проста пуста, а ідэальна пуста. | |
Аддацць пад паркінг? А што - ідэя! | |
No comments:
Post a Comment