Урыўкі ўражаньняў ад удзелу ў мінуласуботнім Адрыве з схемкай.
Тым, хто ня быў, але каму цікава:
Прывязка да мясцовасьці
Пра што ўвогуле гаворка
Гэта я. Кружляю каля прахадной МТЗ з выразам тыповага шпега. Азіраюся па баках, нечага выглядаю, нешта вышукваю. Фантану няма. Балазе, бульвар недаўгі – саскокваю пад зямлю і груба парушаючы правілы еду па пераходзе. У Менску я ведаю два пераходы з выездам – адзін пад чыгункай з Надзеждзінскай на Валадзько, а другі тут. Па першым даводзілася катацца даволі часта – людзей там мала, па другім ехаў упершыню. Трактарабудаўнікоў на бульвары ня надта каб – відаць, рабацягі адсыпаюцца пасьля працоўнага тыдня перад вячэрняй папойкай. Мой сябар, які жыве паблізу, клянецца, што гэта самы булдосны раён у Менску. Кажа, тут нават уводзілі лякальную забарону на продаж сьпіртнога ў Новы Год.
Фантан аказаўся ў самым канцы бульвара. Адкуль ён узяўся я ня ведаю, але раней яго тут не было. Трэба і ля нашай забягалаўкі такі паставіць.
А вось я знайшоў свабодную лаўку. Сяджу чытаю зялёны аркушык. Дваццаць хвілін ужо чытаю. Намаляваў сабе Менск, расставіў кропачкі. Праўда, я падобны да тэрарыста?
Ехалі мядзьведзі на веласіпедзе. Гэта казка. У рэальнасьці да мядзьведзяў даводзіцца ехаць самому. І табе яшчэ пасярод дарогі пакладуць якія-небудзь трубы камунікацый.
Цікава, хто першы надрукаваў люк? Ну быў жа ж нехта?
Трэба ўважліва чытаць заданьні. Тады ня будзеш зьдзіўляцца, чаму на алеі з Даўгабродзкай у Карчы няма ніводнай кветкі. Толькі дзеткі. І ўсім цікава, што гэта за дзядзька ў касцы. А вось табе і дождж.
З-пад галінкі пад ялінкай ня бачна, як называецца кампазыцыя. Ай, прыйдзе зіма не прамокнеш. Вада з шлема капае на пратакол. Вішчаць тармазы. Ну, спужаліся, затое ж не задавіў.
У пераходзе на Ванеева адрыўшчыкі заблыталіся ў выхадах.
У аднаго з раварыстаў каля “Оптыкі” вывалілася пэдаль. Мой ровар да гэтага не дадумаўся. Малады яшчэ. А Мотавела гайкамі для пэдаляў не гандлюе, аказваецца. Ці то ровары ў іх цэльналітыя, ці то аднаразовыя. Здаецца, я ведаю адказ…
Адна з маіх любімых фунцый Адрыва – торканьне носам. Вось як з гэтай штуковінай на Пуліхава. Быў жа, здаецца, сто разоў…
Так хацелася пазваніць хаця б на склад і спытаца: “А чаго гэта вы такія крутыя, што у вас званкі”. За спрос ня б’юць жа ў нос?
Ці ўсё-такі б’юць?
Пакуль я займаўся японскім чыстапісаньнем, куча сьвяточна апранутага народу чытала мне мантру: “Родзіна мая Беларусія”. Яшчэ чалавек сто ўзьдзейнічалі гіпнозам. Толькі дзякуючы гэтым добрым людзям я не загаварыў па-японску і не скасавурыўся.
Шыльда адпавядае вуліцы – пагрозьліва, высока. Толькі замест штрафу трэба было пісаць калібр. “За праезд па газону агонь бранябойнымі. Саманаводнымі”. Цудам ацалеў :).
Майкова. Я б тут жыў. Цікава, колькі каштуе хатка?
Праз дождж на Брылеўскай шыльда з Калюмбам выглядае зьдзекам. Зрэшты, яму таксама было мокра. Але ён быў адзін. А тут канкурэнты бядуюць, што “прапалілі” кропку.
Паехаў на Трубны. Хоць плян быў іншы – на Маякоўскага. З-за дажджу і расстройства. Што ўсё пайшло ня так, зразумеў толькі падлічыўшы ліхтары. А тым часам галоўнае “ня так” чакала наперадзе...
Улез у нерат – ні ў зад ні ў перад. Пад нагамі зямлі няма. Ніводнай купінкі ступіць. А гэтак ня хочацца правальвацца ў твань. За дажджом ня ўбачыў павароткі ў бок насыпу дарогі. Што наперадзе? Агромністая лужына. Трэба разварочвацца. Разварочвацца ў балоце. Як? Ну, ну, яшчэ, ну, гэх. Кола прасьлізнула. Ровар спыніўся. Я завіс і ў апошні момант раўнавагі нібыта падскочыў разам зь ім на цалю наперад. Пракрут. Пракрут. З хуткасьцю смаўжа сунуся да прывіднага асфальту. Здалося, што там, на чорнай палосцы канец гульні, фанфары і сухі клімат, Зум разьлівае шампанскае па кілішках і частуе цукеркамі.
Начорта было везьці “Белку” на Байканур, калі перад “Транзыстарам” такое поле?
І куды, цікава, прыходзяць колішнія пірагоўцы на вечар сустрэчы выпускнікоў?
Насьценныя запісы – файная ідэя. Вось бы на кожным доме, дзе я жыў у Менску, папакідаць такія…
Партызанскімі сьцежкамі да Партызанскай вуліцы. Новае поле – новая твань. Партызанская – вуліца мілая і кароткая. Туды б яшчэ галубятню…
Да рэспубліканскага спартовага клюбу разам са мной пад’яжджае вясельле. Гэта што за новая катэгорыя? Га?
Не знайшоў вуліцы Заводзкай, затое знайшоў галубятню. Нарэшце. Цікава, а пладзяцца галубы ў гэтым буданчыку, ці на суседніх гаўбцах?
Дом 1900 году стаіць ці не на лініі зносу мэтро… Ну, у Менску й не такое на сьметнік вывозяць…
Пасьля кожнага Адрыву Менск зьмяняецца. Але і аддае часьцінку сябе на памяць. Бо толькі людзі зь менскай памяцьцю могуць называцца менчукамі.
А менчукоў у Менску ня так і шмат. Каб зразумець гэта, дастаткова пачытаць апошнія навіны. Напрыклад, пра Лошыцу…
14.9.06
Адрыў урыўкамі
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment