26.4.10

gratis

Пасьля 22 гадзіны тралейбусы ў горадзе Менску становяцца бясплатнымі. Шапікі не працуюць, кандуктаркі паснулі, а талёнчыкі кіроўцы ня возяць. Відаць, яны ствараюць празьмерную нагрузку на пярэднюю вось і псуюць дызайн прыборнай панэлі. Так ці іначай, кіроўца вараціў ад мяне носам два прыпынкі, але перакнаўшыся ў невыноснай маёй чэснасьці, такі адчыніў сваю фортку і гнеўна нарасьпеў прагырчэў «тало-онаў не-эт». Рэшта пасажыраў паглядзела на мяне так, быццам пра гэта ведала, і быццам я пра гэта ведаў, бо ўсе пра гэта ведаюць, але толькі я корчу зь сябе законапаслухмяньніка. Аб адзінаццатай ночы. Па дарозе ў Паўночны пасёлак. Нават пена ў адкаркаваных пляшках, здалося, застыла. Кароль дарог абражана ляпнуў форткай і ня даў інфарматару дагаварыць.

Зрэшты, мне заўсёды падаваліся няшчырымі гаротныя ноткі ў размовах пра тое, што наш грамадзкі транспарт не акупаецца. Ясна, што не акупаецца. Значыць проста так задумана. Вось у Любляне, скажам, задумана, каб акупаўся, таму ты ўваходзіш міма кіроўцы, і кідаеш у празрыстую скрынку ці жэтон, ці грошы. Прычым кіроўцу да грошай дакранацца нельга, так што калі кінеш 100 эўраў, сам вінаваты. Іншаземцы на гэтым труку добра лажаюцца. А кінеш меней — аўтобус не паедзе. А тралейбусаў у іх няма. Трамвай вось ёсьць, толькі адзін. Помнік. Стаіць на кавалку рэек, нібыта яго проста кінулі. Можа, так яно і ёсьць.

No comments: