15.12.06

battle royale pa-Prostore’aŭsku

Значыцца, прыпёрла сёньня ў 10 вечара схадзіць за хлебам. Бо ў хаце хлеба няма, а каму хочацца раніцай зь цёплай пасьцелі ды ў на двор. Бррр. А ў такую часіну хлеб у ваколіцы ё толькі ў Прасторы.
О, думаю, крута, схаджу нарэшце ў гіпэрмаркет першы раз за зіму.
Значыцца, заходжу я радасна, хапаю кошык і шыбую за хлебам, а які хлеб без батона, які батон бяз піва, якое піва без Esquire’а! З гэтым сваім на 80% незаплянаваным набыткам падсоўваюся да касы, выгружаюся на транспарцёр, і жвава так падтоптваюся бліжэй і бліжэй. І вось калі застаецца тры чалавекі, касірка празрыцельна так і атвецьсьцьвенна заяўляе, што з кошыкам далей за касу я патраплю толькі празь ейны труп. Рашуча так заяўляе, і глядзіць бясстрашнымі вачыма. Я аж ледзь ня сеў на той транспарцёр ад такой брадзяціны. “Абаждзіце”, кажу, “а як жа мне, ізьвяніця, данесьці адно піва, два хлебабулачных ізьдзелія і адзін экзэмпляр друкаванай прадукцыі да заплечніка, схаванага ў жалезнай шафе на адлегласьці 30 мэтраў?”
А міня нійібёт А эта вашы праблемы”, – яшчэ более атвецьсьцьвенна заявіла замучаная жызьню прадаўшчыца. Во, падумаў, я, на табе. Папаў у заложнікі. “Вася! – гукнула прадавачка мужчынку з выразам прыроджанага ахоўніка на твары. — Ну Вася!!.” Вася грозна падняў якара. Уся жызьнь пранеслася перад маімі ўзятымі ў заложнікі вачыма. І ніразу за тую жызьнь у мяне не адбіралі кошыку на касе, ну ні разу. Вася набліжаўся, друкаваныя, алькагольныя і хлебабулачныя выданьні прапілілікалі і, пабліскваючы сьлізкай цэлюлозай, сьмірэнна чакалі ў адвале касы свайго лёсу. Чарга чакала пэрфомансу. Прадавачка чакала сатысфакцыі. Вася набліжаўся ў чаканьні экшэну.
Наблізіўся Вася і валявым рухам згроб мой кошык і максымальна аўтарытэтна заявіў: “Вынасіць нільзя”. “Дык а як жа я…” “Эта вашы праблемы…”, – паўтарыў карпаратыўную ўстаноўку Вася і непаліткарэктна заявіў: “Купіце пакет!”. “Скульля”, – яшчэ больш непаліткарэктна падумаў я і папрасіў жаласную скаргавую кнігу.
Скаргавая кніга жыла ў інфацэнтры. У інфацэнтры жанчыны ветліва мне пасьміхаліся з выразам “ну ты і гад” на твары. “Панімаеця, у нас карзінкі выносяць, і нам не заставалася іншага выхаду. Ну што тут прапанаваць?”.
Гм, прапановаў насамрэч багата. Можна чапляць на кожнага пакупніка ашыйнік, які б пры малейшым парушэньні адрываў бы яму башку, вось як у клясычным кітайскім фільме. Сьвяжо! Можна паставіць у шафы газьніцы, якія б спальвалі торбы, пакуль пакупнікі целяпаюцца па хімермаркеце, каб на касе яму не было ніякай альтэрнатывы, як купіць 5, а лепей 10 фірмовых пакетаў. Можна паставіць лязэрную пушку на выхадзе, якая б адстрэльвала хцівым кошыкакрадам 1-2 канечнасьці, уключна з галавой. Можна ўвесьці пакой катаваньняў з наборам адпаведнага службовага пэрсаналу, дзе б западозраныя ў намеры скрасьці кошык пад катаваньнямі прызнаваліся ў сваіх нізкіх памкненьнях. Можна нарэшце зашыць у ручку кошыка палёній-312, хто сапрэ – у таго хай адсохне, хто не сапрэ – хай ведае, як не купляць у гіпэрмаркеце кузаў рознай трасцы, як нармальныя людзі зь цялежкамі. Вось толькі з чаго дзяўчынкі з інфацэнтру ўзялі, што я ім буду раздаваць гэтыя ідэі бясплатна? Так што напісаў толькі пра лязэрную пушку. Хай ўнядраюць. Ім цяпер можна.

No comments: