15.5.07

Формула Менску

У Адрыве назіраюцца прыкметы стабільнасьці.
Выкрышталізоўваюцца фішкі, зь якімі можна ісьці ў бюро патэнтаў.

1. Галаваламаньне на старце

Гэта нават ня старт у нармальным сэнсе гэтага слова. Гэта Enter нейкі, ці Switch On, ці яшчэ што якое. Бо з старту шыбуеш вышукваць зацішнейшае месца, вольнае ад тых, хто… хм… сышоў… хм… прысесьці… на дыстанцыю раней.

Нават у зацішнейшым месцы вецер шамаціціь аркушамі менскай мапы, вырывае і складае напалам заданьні.

Першае памкненьне на інстынктыўным узроўні, як і на мінулай гульні, кінуць усё і ўцячы. Нават сьмешна. Ведаеш жа, што адгадаеш. Хоць нешта. Не адразу, праўда…
Праз гадзіну высьветляецца, што і не праз гадзіну…
Праз паўтары гадзіны адварот старонкі з заданьнямі панатыканы варыянтамі адказаў.
Сеў на ровар бяз пэўнасьці ў дзьвюх заданьнях. Першае — з домам №9 чорці дзе (5 варыянтаў ), другое — з плошчай (3 варыянты).

2. Непрадказальнасьць вынікаў.

Кожны Адрыў я перакананы, што ну ў гэты ўжо раз мне стопудова нічога ня сьвеціць.
Таму праз паўтары гадзіны каленьня на вятры нясьпешліва еду правяраць варыянты адгадак.
Пры тым, што супернікі, праверана!, носяцца, што дурныя.
Пры тым, што маршрут развальваецца, дэаптымізуецца, што ў які ўжо раз еду назад той самай дарогай, што ня ёсьць добрай прыкметай, што калі магчыма заехаць зь няслушнага боку, то я заеду менавіта там! Вось, напрыклад, пад мост ці на Гая Гая. Дарэчы, пра мост гэты ўспомніў, толькі калі на яго заехаў па дарозе на Паркавую магістраль.

Ці гісторыя з парэнчамі. Прашнарыў квартал, нічога падобнага. Няўжо, думаю, усярэдзіне? няўжо, думаю, лажа?
Стаю заганяюся на праспэкце. Вахцёрка выйшла, глядзіць падазрона.

Чапляцца да людзей, тэлефанаваць, корпацца ў сеціве, заходзіць у дзьверы, за якімі мяне не чакаюць — гэта не для мяне.

Званіць, як адныя з сустрэчных каманд, па тэлефоне, напісаным на падстанцыі, каб толькі спытацца, як яна называецца, у выходны дзень, чужым людзям — не, гэта не для мяне.
Званю Zoom’у. Парэнчы на вуліцы. Адлягло.
Еду ў аб’едзіны.

Самы прыемны КП аказаўся.

3. Новыя адкрыцьці. Гарантавана.

Яшчэ Адрываў –наццаць, і я буду пэўны, што Менск складаецца зь цікавостак, драбностак, прыколаў, разынак, пярчынак, пярлінак ды адмысловасьцяў. Прычым, ЦАЛКАМ. Звычайнага Менску проста не застанецца. Ён распадзецца на асобныя адмысловыя малекулы, кожная з сваім абліччам, кожная з сваёй гісторыяй, кожная на сваім месцы.
Тое, над чым мы прорву часу ламаем галаву перад кожнай гульнёй, ёсьць насамрэч формулай Менску. Яна асядае ў галаве, адкладаецца ў падкорцы. І хоць яе няможна запісаць, яна дзейнічае, надае пэўнасьці, бляску інакшасьці ў вачах.
Калі хочаш, гэта можна назваць ключом ад Гораду. Сапраўдным, а не бутафорскай жалезкай для наежджых начальнікаў.
Ім горад гарэзьліва падстаўляе пацёмкінскі лоск, які адлюстроўваецца ў шыбах таніраваных аўтобусаў.
А раскрываецца — табе. Бо ў цябе — ключ. У цябе — формула.

Але памятай: формула не дапісаная. За адамкнутымі дзьвярыма — наступныя.





На схемцы няправільна пранумараваныя кантрольныя пункты.
Правільная нумарацыя, заданьні і рашэньні — на адрываўскім сайце.

No comments: