Зраніцы па радыі заспаны дзяжурны белгідрамэтцэнтру расказаў, што за вакном у цемры тэмпэратура каля 0, што цярушыцца нешта зь неба і што ўмовы для галалёду.
Галалёду не было, але дажджыстая церуха блішчэла на сьвятлістых палосках, туманіла люстра задняга агляду, танчыла ў сьвятле фары.
Умовы для хутаньня ў каўняры і нясьпешлівай хады.
Умовы для маляваньня чорцікаў на тралейбусных шыбах.
Але чалавек сьпяшаўся. А зялёны гномік на сьветлафоры ўжо адміргаў сваё, а патрэбны тралейбус ужо адчыняў дзьверы на прыпынку захутаным у каўняры постацям. І чалавек нырнуў пад агароджу і пашыбаваў напярэймы свайму тралейбусу. Цёмны цень мільгатнуў на разьдзяляльнай лініі. Цёмны джып басавіта загуў «ууууу» і мякка зашамацеў заціснутымі шынамі. «Шашшшшшшшшшш». Цяжкі самаход на мокрай дарозе выглядаў бездапаможным таўстуном на скейтбордзе. «Шшшашшшшбдэх!..»
…Патрэбны тралейбус зачыніў дзьверы, прыціснуўся бліжэй да бардзюру, з дакорам буркнуў «ну…, ну…», далікатна абступаючы нерытомную фігуру, ды, так і не дагаварыўшы, пацягнуўся прэч…
11.12.07
u ciemry
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment