8.12.07

Жыцьцё пасьля LiveJournal’а

Беларус і цьвік


Пасьля пераходу LiveJournala пад расейскую «акупацыю» пытаньня пра зьмену пляцоўкі для мяне не стаяла.

Зона ру., расейская кантора, рэйтынг рублоґаў — гэта абсалютна ня тое, што мне цікава. Рамонты і фішачкі, сьцяжкі й дрындушачкі ня гэтак істотныя.

Матэматычныя развагі ці то прагматычныя аргумэнты, кшталту «нічога не зьмянілася», для мяне, лірыка, ня першаснае. Калі заўтра здарыцца саюзная дзяржава, наўкола насамрэч таксама небагата зьменіцца.

Нарэшце, у тое, што ЖЖ такі адзіны і непаўторны, ніяк ня верылася, хаця б таму, што ў самога былі пэўныя няёмкасьці

Фэномэн фрэндаў


Я ня звыкся называць сябрамі незнаёмых людзей. І калі мне хацелася быць у курсе таго, што пішуць не ва ўсім прыемныя мне людзі, узьнікала калізія, зьвязаная з сэмантыкай і магчымасьцю чытаньня падзамочных запісаў.

Свая пясочніца за вялікім мурам


Падзамочныя запісы — штука маласэнсоўная для мяне, але калі яна ёсьць, пачаць карыстацца ёй — пытаньне часу.

Калі сядзіш з усімі ў адной лодцы, то й паводзіцца пачынаеш падобным чынам: шчыраваць пад замком, ладзіць фрэндабойкі, фрэндацыды, фрэндапомсты, распрацоўваць палітыку за/адфрэнджваньня. Фрэндапалітыка, тэстапандэміі і тэстапратэстныя партыі, шэраг іншых чыста жж-фэномэнаў: экстравэртныя рытарчныя пытаньні, грубасьці і мацярыншчына ў калектыўны адрас, нарэшце можна проста паставіць прабел і чакаць на ўраджай камэнтароў.

У гэтым лякальным ЖЖ-мурашніку насамрэч столькі унутраных спраў і ўнутранай актыўнасьці, што на «зьнешнюю палітыку» не застаецца часу.

Калі ўцягваешся ў гэты вір, пытаньне, хіба для гэтага ты заводзіў блоґ, адыходзіць на трэці плян.

Па вялікім рахунку, і хваля калектыўнага абурэньня СУПакупацыяй не магла не сысьці ў пясок, бо мела ў сваёй аснове эфэкт натоўпу, калі разам усе гаразды, а сам-насам — пасы.

Калі СУП купляў Жыважора, папярэднія гаспадары сказалі слушную рэч: у вас, маўляў, лайвджорнал — сынонім блоґа. Якраз у тым, што гэта слушна для нас і ня слушна ў прынцыпе, і ёсьць ненармальнасьць.

ЖЖ настойліва прапануе класьці яйкі ў адзін кош.

Цяпер, калі я крыху асвоіўся ў новым сьвеце, паспрабую расказаць, як жывецца ў іншай сыстэме каардынат. Ніжэй будзе распавядацца пра дзьве праґрамы з імпэрыі Google’а: GoogleReader і Blogger. Для простасьці я буду пісаць іх як «Ґуґлачыт» і «Блоґер». Гэта даволі павярхоўны аналіз і пераважна завязаны на параўнаньне з магчымасьцямі LiveJournal’а.

«Падкат» у любым месцы


Функцыя «падкатаў» у ЖЖ: эканоміць трафік і прыхоўваць вялікія аб’ёмы тэксту для гарманічнага выгляду фрэндастужкі.

У Ґуґлачыце, каб эканоміць трафік, можна:

1. адключыць выявы, і падгружаць патрэбныя асобна падчас прагляду;

2. праглядаць абнаўленьні ў фармаце сьпісу, тады паказваецца загаловак і тэкст допісу, які зьмяшчаецца ў адзін радок (паглядзець допіс цалкам можна пстрыкнуўшы па ім ці з дапамогай «гарачай клявішы»).

3. пры праглядзе ў раскрытым выглядзе імгненна пераскочыць паўзь вялікі допіс можна клявішай «n». Гэтая кнока — той самы «кат», адно што пастаўлены ў тым месцы, у якім хоча чытач, а ня аўтар.

Гарачыя клявішы — да ўсяго


У Ґуґлачыце гарачыя клявішы ёсьць да ўсіх асноўных апэрацый, да таго ж падказку зь імі можна выклікаць адным рухам. Мне як мышкафобу гэта вельмі зручна. Інструкцыі знаходзяцца на хатняй старонцы пэрсанальнага разьдзелу Ґуґлачыта.

Мэмарыз і так, і гэтак


Мэмарыз у ЖЖ — гэта старонка са сьпісам часта малазразумелых катэгорый, за якімі — нярэдка малазразумелыя загалоўкі. Хто бегаў між каталёгамі ў Нацыяналцы ці Акадэмцы, ведае, наколькі гэта зручна.

У Ґуґлачыце, каб адзначыць допіс, пакласьці яго асобна, ёсьць два простыя да сьлёз спосабы.

1. Адзначыць зоркай. Гэта значыць проста пстрыкнуць па зорцы, якая стаіць каля кожнага загалоўка. Допіс аўтаматычна пяройдзе ў «зорны» аддзел. Знайсьці яго там можна ў любы час за долі сэкунды пошукам па разьдзеле .

2. Падзяліцца, «share». Сьціпла так сказана. Насамрэч гэта фактычна твой сайт навін. У яго ёсьць свой адрас, свая стужка для падпіскі, свой адміністратарскі разьдзел. І навіны дадаюцца на яго з Ґуглачыта адным пстрыкам. Апроч сайту, яны зьберагаюцца ў асобным разьдзеле на тваёй ґуґлачытнай старонцы, і сярод іх таксама можна хутка знайсьці, што трэба. Вось, напрыклад, мая падборка навінаў.

Урэшце, модуль з апошнімі абнаўленьнямі твайго навіннага сайту можна ўтачыць у выбранае месца на сваёй старонцы ў Блоґеры, што пойдзе ёй толькі на карысьць: наведнік можа пачытаць ня толькі тое, што пішаш ты, але й тое, што цікавае табе з таго, што пішуць іншыя.

Болей чым тэґі, болей, чым групы сяброў


Тэґі або цэтлікі ў Ґуґлачыце замяняюць тэчкі. Той ці іншы допіс можна раскласьці ў розныя тэчкі-тэґі, і пасьля чытаць любую тэчку без сумневу, што прапускаеш нешта патрэбнае. Напрыклад, апроч агульнай тэчкі «Блоґі» можа быць тэчка «ЖЖ», тэчка «Vox», тэчка «Беларусы», тэчка «па-беларуску» і г.д. і да т.п. У ЖЖ існуе для гэтых мэтаў фільтар сяброў, які, дарэчы, ня кожны дабраўся асвоіць. Але там сяброў трэба дадаваць уручную, у Ґуґле ёсьць магчымасьць рабіць гэта аўтаматычна. Напрыклад, усіх жэжыстаў можна пазначыць тэґам ЖЖ паводле слова «livejournal» у адрасе.

Камэнтары не разбрыдаюцца


У Блоґеры няма прынятай у ЖЖ структурызацыі камэнтароў. Да таго ж, на камэнтар нельга адказаць у жэжэшным сэнсе, а той, каму адказваеш, не дазнаецца пра гэта праз пошту.

Такім чынам, для размоваў не па тэме створаныя неспрыяльныя ўмовы.

Аднак сачыць за дыскусіяй можна. Трэба проста падпісацца на стужку камэнтароў да допіса і пакласьці яе ў асобную тэчку-тэґ кшталту «Часовая» або «Камэнтары». Калі дыскусія заціхне, тэчку можна пачысьціць, або й не чапаць: усё адно тое, што не абнаўляецца, у Ґуґлачыце не зьяўляецца, калі сам не папросіш.

Нельга адмовіць гэтай сыстэме і ў плюсах: камэнтары ня ліпнуць да краёў, не сьціскаюцца ў незразумелыя трэды, прабірацца празь якія ў ЖЖ часам безнадзейны занятак.

Урэшце, кожны карыстальнік Блоґера мае паштовы адрас у Ґуґле, а значыць, і магчымасьць карыстацца зручным мэсэнджэрам.

Слова — ня толькі сваім


У Блоґеры камэнтаваць запісы можна зь любым «пасьведчаньнем», у тым ліку жэжэшным. У гэтым ягоная перавага перад Mutiply’ем, Vox’ам і Greatestjournal’ам, якія не прымаюць OpenID.

Падглядваньне ў замочную шчыліну


З гэтым у Блоґеры ніяк. Жэжыста можа зьнячэўку ахапіць паніка, як быццам прыйшоў на вакзале ў прыбіральню, а дзьверы бяз зашчапак. Магчыма, справа ў тым, што Блоґер не прыбіральня. Калі без сакрэтаў ніяк, то зварот не па адрасе.

Ґуґлачыт таксама з замкамі ня зьвязваецца і запісаў адтуль не дастае. Улічваючы, што Ґуґлачыт мае функцыі навінавага сайту й імгненнай адпраўкі па пошце, свая лёгіка ў гэтым ёсьць.

Не гартай, проста шукай!


Ґуґлаўскі пошук — цуд сусьветнага інтэрнэту — цалкам на тваёй службе. Знайсьці любую навіну зь любога разьдзелу ў Ґуґластужцы, любы допіс за любы час у Блоґеры — справа сэкунд. Толькі напішы слова.

Дзе назвы блоґаў маюць сэнс


Калі мы заводзілі сабе ЖЖ, мы дзеля чагосьці давалі назвы сваім блоґам. І тут фантазія наша была вольная, ня тое што пры выбары мянушак, дзе ўпадабанае імя магло быць занятым. Але ў выніку ўсе нашы допісы чыталіся праз фрэндстужку і асацыяваліся з тым больш ці менш удалым наборам сымбаляў, які мы ўзялі сабе за лаґін.

У Ґуґластужцы ўсё акурат наадварот. Блоґ дэпэрсаналізуецца і гэтым канцэптуалізуецца. Аўтар становіцца на сваё месца — месца аўтара блоґа, а не ягонай назвы.

Назвы большасьці блоґаў маіх жэжэшных сяброў я даведаўся ўпершыню, калі перадаваў іх у Ґуґлачыт. Гэта было цікавым і прыемным адкрыцьцём.

Тунінґ


У Блоґеры можна выбіраць сабе макет блоґу і навешваць на яго якія заўгодна штучкі. У іх ліку шматлікія ґуґлаўскія ґаджэты, стужкі навінаў зь любых сайтаў, проста любы HTML і што там да яго прыкладаецца. Немагчымыя ў ЖЖ кадры GoogleMaps, супэрскі лічыльнік Google Analytics — зь лёгкасьцю працуюць з Блоґерам.

Бяз фрэндаў, але з аднадумцамі


Знайсьці людзей з падобнымі інтарэсамі ў Блоґеры таксама проста, як і ў ЖЖ. Агульныя інтарэсы, а таксама агульныя кніжныя, музычныя, кінематаграфічныя падабенствы можна пабачыць у профілях карыстальнікаў у выглядзе спасылак. Застаецца толькі дадаць стужку ў Ґуґлачыт і пакідаць камэнтары.

Блоґі як на далоні


У Ґуґлачыце можна глядзець абнаўленьні сяброўскіх сайтаў як агулам, так і паасобку. Гэта вельмі зручна, калі часу для прагляду ўсіх допісаў заведама няма. Тады можна выбраць са сьпісу абноўленых блоґаў той, які хочаш прачытаць найперш.

Больш за тое, можна знайсьці абнаўленьні толькі на зададзеную тэму, напрыклад, «зьезд» з дапамогай пошуку па тым ці іншым цэтліку.

Тэрміны дзеяньня болей ня дзейныя


Як вядома, фрэндстужка ў ЖЖ мае свой канец. Адгартаць назад можна ўсяго на 1000 допісаў. Ня так і мала, але з маімі паўтысячамі сяброў гэтага запасу стужкі хапае ўсяго на тры дні. У Ґуґлачыце такіх рамак або не існуе, або я іх не знайшоў.

Старыя запісы — яшчэ адно слабое месца ЖЖ. Пасьля зьнікненьня з галоўнай старонкі яны сыходзяць у змрочную зону. Пасьля 400 запісаў змрочная зона становіцца яшчэ змрачнейшай, бо заканчваецца старонка допісаў, і далейшая навігацыя магчымая толькі па днях і месяцах, а калі перайсьці на ўзровень гадоў, то ад допісаў застаецца ўвогуле толькі статыстыка — у які дзень колькі штук напісана.

У Блоґеры сыстэма такая: калі на бакавой панэлі галоўнай старонкі блоґа націснуць на стрэлку каля лічбы году, падгрузіцца сьпіс месяцаў, стрэлка побач вядзе на загалоўкі запісаў у выбраным месяцы. Ніякіх падарожжаў па старонках архіваў!

І ня трэба таксама забываць, што каб знайсьці які-небудзь допіс, трэба ведаць усяго хаця б адно слова зь яго.

Чарнавікі і права выбару


На адрасе http://bloggerindraft.blogspot.com/ увесь час зьяўляецца нешта новае. Новыя фішкі ў свой блоґ можна дадаваць проста адтуль. Ці паглядзець і не дадаваць. Як хочаш.

«Як хочаш». Задумайся над гэтымі словамі, калі ў чарговы раз будзеш назіраць за чарговымі суп-навінкамі ў сваім дзёньніку.

No comments: