9.2.08

муцьфільм


Маляванка «Прынцэса Мананока» зачароўвае з самых першых кадраў, калі праз палеткі і лясы, праз лугі-паляны ломіцца нейкая біямаса з натуралістычна прапісанымі карычневымі глістамі, якія па ходу раскідае ў розныя бакі. Нават самыя рэактыўныя бацькі ня змогуць у адчайным скачку ўратаваць неакрэплы арганізм свайго дзіцёнка ад глыбокай эстэтычнай траўмы. Малеча пасьля гэтага, можа стацца, будзе доўгі час баяцца хадзіць у туалет па начах.

У мультфільме няма ні разумнага, ні добрага, ні вечнага. Галоўны герой Ашытака ня ведае, ані што яму рабіць, ані куды ён едзе, ані куды прыедзе, кідаецца дапамагаць то людзям, то зьвярам, то зноў людзям. Гэткі ўнівэрсальны здраднік. Тупыя кабаны валяць на сквапных людзішак, сквапныя людзішкі адным стрэлам зь нейкай хліпкай парослай травой бярданкі зносяць башку лясному богу. Лясны бог аказваецца мала што казлом, дык і ня вечным, і ня добрым, вось колькі хвілін таму гаіў раны, а тут расьцёкся жыжай нейкай, дэфармаваўся, спляжыў мала таго, што процьму народу, дый і ўвесь свой лес.

Усе, хто ў стужцы разявае рот, выклікае да сябе супярэчлівыя пачуцьці. Адзіны, хто выклікае хоць нейкую павагу — дык гэта алень, і тое таму, што маўчыць. А яшчэ гэтыя беленькія чалавечкі няправільнай формы, мяркуючы па паводзінах, таксама недалёкія, ды хоць бяскрыўдныя. «Сьнегапад» іх бязьвінных трупікаў выглядае эфэктна.

Парадавалі малпы. Калі зьвяры якія навароцяць дзялоў, гэтыя малпы пачынаюць закідваць іх рознымі падручнымі сродкамі, маўляў, мы тут сядзім, не высоўваемся, а вы ваду баламуціце. Але па начах акурат гэтыя буркуны паціху высаджваюць вырублены людзьмі лес, займаюцца, так сказаць, стваральнай працай.

Высноваў фільм ня робіць ніякіх, апроч таго, што жыцьцё — незразумелая замудрая штукенцыя. Нават скнара, які зладзіў, лічы, лякальны армагедончык, радасна лыбіцца пры канцы стужкі, маўляў, ну людзі, ну глупыя, а што паробіш — якія ёсьць… Зрэшты, гэта і можна залічыць да высноваў: жыцьцё незразумелае, супраціўляцца сваёй тупасьці бессэнсоўна, шукаць сэнсу бессэнсоўна, мяняць устаноўкі ня варта, ненавідзіш кагосьці — ненавідзь далей, з кім нарадзіўся, тым і прыгадзіўся, ну а што каханьне ня вартае таго, каб нешта мяняць у сваіх забабонах — дык пра гэта лішне і казаць.

Можна адчайна паспрабаваць убачыць тут хаця б экалягічную тэматыку, але не атрымліваецца, бо людзі застаюцца пры сваім, а прыродзе ўсё, што трэба — дык гэта галава ляснога бога. А як што ваяўнічых дзікоў не засталося, а Ашытака зьбіраецца хадзіць да Мананоке ў лес на вывяды (от ужо дзе ўзор закаханай пары), то можна меркаваць, што за Ашытакам за горад пацягнуцца й астатнія — і лес ператворыцца ў парк для пікнікоў, а лясны бог так і будзе хадзіць па вадзе вакол свайго вострава. Можа, яго нават і пакінуць для заапарка.

No comments: