«Lord of the Flies», 1963 |
Гэта першы чорна-белы фільм, які мне гэтак спадабаўся. Зрэшты, на колер даволі хутка перастаеш зьвяртаць увагу.
На бязьлюдны востраў трапілі хлопчыкі, толькі яны выжылі ў авіякатастрофе. Умоўная гісторыя, умоўная, схематычна паказаная катастрофа. Ніводнай драпіны. Ніводнага дарослага. Ніводнай дзяўчынкі.
Цэлы шэраг такіх умоўнасьцяў ператварае фільм не ў гісторыю, а ў экспэрымэнт.
Райскі востраў, дзе няма праблем з кліматам, драпежнікамі, ежай і вадой не ператвараецца ў мройную краіну Пітэрпэнію, не становіцца дружнай пясочніцай, вясёлым піянэрскім летнікам. Усё чалавечае пачынае зьнікаць з такой хуткасьцю, што кожная падзея выклікае падсьвядомы пратэст, адпрэчаньне, але запярэчыць няма чаго. Урэшце даходзіць і да забойства, а пасьля знаходзіцца тлумачэньне яго неабходнасьці, а потым пачынаецца проста паляваньне на тых, хто ня ў зграі.
Такія фільмы не падабаюцца, а ўзрываюць сьсярэдзіны. І пасьля іх ужо немагчыма застацца такім, як быў, хоць гэта і не пазначана ў тытрах.
No comments:
Post a Comment