27.12.07

USB-тамтамы

Google Talk нядаўна навучыўся паказваць замест безаблічнага статусу назву песенькі, якая граецца ў плэеры, ну то бо ў Winamp'е, і рабіць з гэтага нейкія сабе гіт-парады, статыстычныя далёкасяжныя высновы ну і ўсё такое. Дый па-просту прышпільна й цікава.
А Winamp, ня будзь дурны, выпусьціў сабе новую вэрсію сябе. І Winamp гэты перастаў з тым Google Talk'ам супрацоўнічаць, проста падвешваць яго стаў, дакладней кажучы.
Такі аблом.
І карыстальнікі пачалі абурацца, дый сам я абурыўся б, калі б мовы ведаў на дастатковым для абураньня ўзроўні, а так толькі прачытаў адлуп Winamp'а, што няма яму клопату да іншых там нейкіх Google'аў, і калі ім трэба, яны хай і парацца.
Да таго месца, дзе парыцца Google, я не дачытаў, бо на форуме Talk'а адзін прасунуты Капэрфільд расказаў, якім макарам вяртаецца лад і сяброўства ў сям'ю: усяго толькі трэба ў тэчцы Winamp'а стварыць пусты файл winamp.m3u.
Лаўлю сябе на тым, што як сапраўднаму хранічнаму юзэру, сутнасьць фокусу мне зусім не цікавая. Галоўнае, што проста, як два пальцы, ды яшчэ і працуе.

Гадуцішкі зьлева, Шэнген справа

26.12.07

Feels Like

Учора яшчэ адчуваўся маленечкі запас мінус-сэзону, але сёньня па дарозе дамоў чарговым парывам ветру прынесла вестку: мінус-сэзону гамон. Прыехаў дахаты, паглядзеў у зводку надвор’я і занатаваў Feels Like -12.
Зрэшты, і ў фактычныя -10 кайф паціху пачынае прасочвацца праз тэрмавопратку.

Ясны перац, можна надыбаць балаклаву на ўвесь твар і гарналыжную маску наверх, узьдзець трое шкарпэтак і майткі на авечай поўсьці, каб адваяваць шчэ пару градусаў. Але, думаю, будзе тактычна слушна затрымацца на заваяваных пазыцыях, і даць шанец зарабіць на сабе Менсктрансу.

Тым больш, што вынік і так не абы які: яшчэ летась я ў ніжэй за +5 з дому ровара не высоўваў.

У мінус-сэзоне 523 км.

niezaliežnaja klimatyčnaja zona Malinaŭka

Сёньня ўраньні кліматычная зона бясьсьнежжа праходзіла па вуліцы Фабрыцыюса. Ля Таварнай толькі нешта трошку церушыла, ля Палацу моладзі ўжо мяло ва ўсю, а на Дабрамысьленскім завулку нават праезная частка была нязвыкла белай.

Са сьцюдзёнай шэра-рудай Малінаўкі да навагодняй плошчы Незалежнасьці ўсяго 25 хвілін зь сярэдняй хуткасьцю 16,66 км/г.

Сьнегавыя ўстаноўкі нарэшце пусьцілі на патрэбу насельніцтва сталіцы =)

24.12.07

jingle bells za tatu, jingle bells za mamu

Uvieś hety śviatočny kambajn vydatna spraŭliajecca ź dźviuma zadačami: stvareńniem śviatočnaha nastroju i takoj śviatočnaj pierakormlienaści j biezaĺternatyŭnaści, kab cely hod paślia nie chacielasia.
Sluchaju tyja ličanyja stancyji ŭ necie, jakija nia kruciać “Jingle Bells”.

i pra nadvorje…

Učora ŭ Malinaŭcy byla ablivacha, i narod, hružany torbami, sprytna koŭzaŭsia pa gliazuravanych cahlinkach plitki lia zadušlivaha “Prastora”.
A ŭ centry tym časam, akazvajecca, išoŭ śnieh i navat prytancoŭvala miacielica. Alie ja pra heta nia viedaŭ i naladavaŭ rovar z raźlikam na suchi asfaĺt: padadźmuŭ pavietra ŭ šyny, padniaŭ na lietni rovień siadušku.
Alie ad “Paŭdniova-zachodniaj” stancyji, adrazu za Myškaj, dzie zaŭždy na gradus chaladniej, pačalosia raptam bielaje polie cukrovaj pudry na ablivašnym marmeliadzie.
U svajim zakutku na ofisie rovar narabiŭ ščodruju saliavuju lužynu na drukavanuju pradukcyju kankurentaŭ.
Viarnuŭsia dachaty — ni kropli nie rastala, uvieś “centraĺny” śnieh paabsypaŭsia pa darozie.

22.12.07

žyćcio za LJ-muram

čarhovaja pryjemnaja znachodka za murami LJ-šnaha getto: nabryŭ na blog Siarožki Abramoviča. Jak-nijak susiedzili niekali...

źbilasia dychańnie

Но все, что я видел, мечась между этими броневиками - лишь кончики пальцев, торчащие из решеток под крышей кузова. Шевелящиеся, как в фильмах про зомби. Как будто автозаки были забиты живыми трупами и среди этих мертвяков пела нашу дурацкую песенку про козу и белочку Даша.


тут па законе жанру мусіць быць банальны камэнтар пра тое, што Плошча нарэшце мае Твор, Плошча з усімі яе героямі=ахвярамі, з сваім ядром і гравітацыйным полем радыюсам 300 км, і што што напісаны ён па-расейску, і што гэта па-свойму сымбалічна.

20.12.07

zaapark

«Белорусский мотив» — чарговая іконка з жыція чысьцюляў-беларусаў вачыма нашых татарскіх братоў. Даволі другасна й шаблённа, але дзецюкі з Лукашэнкам у мабільніках — моцны крэатыў!

Не случайно даже местные тинейджеры охотнее ставят заставкой на экран мобильного телефона портрет батьки Лукашенко, нежели какой‑нибудь поп‑звезды (мы это видели собственными глазами), потому что чувствуют реальную заботу о себе родного государства.
Згадаўся пэрсанаж зь фільма «Траса 60», які неталерантна ставіўся да выказваньняў кшталту гэткага:
Нигде, ни в одном самом маленьком городишке не увидите вы обшарпанных фасадов — все аккуратно оштукатурено, покрашено.

17.12.07

«БелаВела» — пра ровары па-беларуску

Запусьціў ў вольны сьвет праект «БелаВела» — пра ровары па-беларуску. Ужо цяпер там ёсьць што пачытаць і паглядзець:

  • мапа і кантакты менскіх роварняў,
  • мапа роварных шляхоў для пачаткоўцаў,
  • агляды менскіх веладарожак,
  • правілы дарожнага руху для раварыстаў,
  • дарожная карта па стварэньні роварнай інфраструктуры.


  • Праект адкрыты для новых ахвотнікаў як да пісаньня, так і да мапамаляваньня, фатаграфаваньня, карэктаваньня ды й іншых відаў велатворчасьці.

    Фармат старонкі — веладаведкі, веланавіны й велакарыснасьці па-беларуску.

    Заходзься: http://BLRovar.blogspot.com

    15.12.07

    naviny ručnoj raboty

    Friendy ŭ Googlie źjavilisia, tam dzie jich nie čakali — u Readery.
    Capier kožny, chto vybiraje z svajich stužak navinaŭ samyja cikavyja rečy, moža taksama čytać vybarku samaha cikavaha ŭ svajich siabroŭ pa Google’u.

    Alie pakuĺ pahuliacca ź navinkaj niama jak — nichto z majich google’avych kantaktaŭ googlastužačnymi cikavostkami nia dzielicca.

    14.12.07

    i gadgetyzacyja ŭsioj krajiny…

    Зь лета на нашаніўскім сайце там-сям у тэкстах не-не ды ўпоркнецца які сіні значак ґуґлазем’я, а з гэтага панядзелка НН абзавялася сабе акавунтам і стала крэсьліць мапы на свой капыл і падпісваць іх, як ёй заманецца. Тым больш нагод было хоць адбаўляй: спачатку прадпрымальнікі праклалі маршрут ад КП да ПН, які каб на свае вочы не пабачыў, дык бы й не паверыў, а пасьля Пуцін засталбіў сабе купу вуліц у неальфабэтным парадку, у якіх без паўлітэркі ці ґуґлазем’я не разабрацца, і як што дырэктыву №1 ніхто не касаваў, выбар заставаўся адзін.

    Характэрна, што фішку першымі, дакладней, другімі прасяклі й перанялі бэтэшнікі, за што ім заслужаны +1. Нават памянялі значак і пакінулі крамольнае слоўца «мапа». І гэта ў той час, калі не да ўсіх сайтаробаў рознай ступені (ня)чэснасьці дайшла навіна пра існаваньне ґіпэрспасылак.

    Як што ўжо справа выйшла на дзяржаўны ўзровень, застаецца дачакацца, калі на спасылку пстрыкане які картаграфічны ці турыстычны чыноўнік і ўзгарыцца праведным абурэньнем, што ва ўсіх, нават у расейсцаў, і табе вуліцы пазначаны, і дарогі аж да грунтовых, а ў нас, калі верыць Ґуґлу, дзьве дарогі за выняткам кальцавой. І паспрыяе прывядзеньню да эўрапейскага выгляду... Або забароніць дзяржструктурам спасылацца на плён дзейнасьці варожых спадарожнікаў.

    з.ы.: а НН у свае мапы ўжо карцінкі ставіць, прыём!..

    13.12.07

    birelaruskija nacyjanaĺnyja inšaplianecianie

    Я магу зразумець, навошта іншаплянэцяне прылятаюць на зямлю і засьвечваюць фатастужкі, магу здагадацца, навошта людзі тэлефануюць у розныя службы гадалак, таро і гараскопаў, магу знайсьці тлумачэньне, навошта мажная дачніца аблягае на маю сьпіну ў паўпустым тралейбусе, але ёсьць рэчы, якія ставяць мяне ў тупік.

    Напрыклад, абсалютна бессэнсоўны, прымітыўны ў квадраце, пірацкі ў кубе сайцец lentaby.info, які галіма тырыць артыкулы «Нашай Нівы», зьбіўшы ў кучу лінкі й абзацы й адначасна рэклямуючы віаґру...

    І самае цікавае, што запраста акажацца, што аўтар гэтага пазорышча які-небудзь дзеяч нацыянальнага адраджэньня, які гэтым сваім дзецішчам няслаба ганарыцца.

    12.12.07

    Bajarski — poland edition.

    Міхаіл Баярскі жыве ў Польшчы й сьпявае ў гурце IRA.
    Цікава, ці ён ведае? =)

    Radiostacja ŭ Miensku!

    Збылася мара ідыёта!
    «Космас-ТВ» падключыў не без маёй наводкі ва ўнутраны трафік Radiostacju.
    Радыё, дзе вядоўцы рагочуць так, што ня могуць дачытаць да канца навіны, дзе жарты не выглядаюць загадзя засцэнараванымі й нацягнутымі, хоць, ясны перац, такімі ёсьць =), дзе апошнія гіты ставяць першымі, дзе могуць пазваніць мужыку на лесавозе, і спытаць, чэсьць, як се маш? цо робіш? естэсь на антэне!

    Радыё, пад якое няможна заснуць, марудна соўваць мышку і павольна клацаць па клаве.
    Радыё, якое прафэсійна задае гітовы тэмп нашаму папсоваму жыцьцю.

    Цяпер і на «Космасе»
    Поўны эксклюзіў.
    Ня веру сваім вушам =)

    з.ы.: на гэтым пальшчызна не сканчаецца, да выбару — найпапулярнейшае ў Польшчы радыё RMF FM. Польскі гіп-гоп там нібыта ня круцяць, але штучка таксама дыхтоўная.

    11.12.07

    u ciemry

    Зраніцы па радыі заспаны дзяжурны белгідрамэтцэнтру расказаў, што за вакном у цемры тэмпэратура каля 0, што цярушыцца нешта зь неба і што ўмовы для галалёду.

    Галалёду не было, але дажджыстая церуха блішчэла на сьвятлістых палосках, туманіла люстра задняга агляду, танчыла ў сьвятле фары.

    Умовы для хутаньня ў каўняры і нясьпешлівай хады.
    Умовы для маляваньня чорцікаў на тралейбусных шыбах.

    Але чалавек сьпяшаўся. А зялёны гномік на сьветлафоры ўжо адміргаў сваё, а патрэбны тралейбус ужо адчыняў дзьверы на прыпынку захутаным у каўняры постацям. І чалавек нырнуў пад агароджу і пашыбаваў напярэймы свайму тралейбусу. Цёмны цень мільгатнуў на разьдзяляльнай лініі. Цёмны джып басавіта загуў «ууууу» і мякка зашамацеў заціснутымі шынамі. «Шашшшшшшшшшш». Цяжкі самаход на мокрай дарозе выглядаў бездапаможным таўстуном на скейтбордзе. «Шшшашшшшбдэх!..»

    …Патрэбны тралейбус зачыніў дзьверы, прыціснуўся бліжэй да бардзюру, з дакорам буркнуў «ну…, ну…», далікатна абступаючы нерытомную фігуру, ды, так і не дагаварыўшы, пацягнуўся прэч…

    bliskučy inteliekt

    Прапанова бліснуць інтэлектам ад таварышаў, якія праспалі свой сайт, выглядае прынамсі двухсэнсоўна

    10.12.07

    štormy ŭ akijanie mohuć uźnikać źnianacku

    У «Акіяне» на Казлова для гэтага дастаткова падысьці да касы і, пачуўшы кошт, дастаць картку.

    — У нас трэба папярэджваць загадзя, калі расплачваешся карткай! — грэбліва кідае прадавачка.
    — У вас,— кажу, — нелягічная сыстэма, бо звычайна расплачваюцца пасьля таго, як пачуюць суму, і ніколі на такім роўным месцы не ўзьнікала такіх дзіўных прэтэнзій.
    — Вось аб'ява, бачыце?! — прадавачка паказвае пальцам у столю. Задзіраю галаву. Сапраўды, вісіць аб'ява.
    — Я, — кажу, — звычайна не чытаю аб'явы на цыгарэтных блёках. А, выпадкам, ня тэба, перш чым зайсьці ў краму, папярэджваць, што я зьбіраюся купіць?
    — Можа, у вас усё-такі ёсьць грошы? — цікавіцца кабета зьмесьцівам майго гаманца.
    — Ёсьць, але ў мяне на іх іншыя пляны, прабачце.
    Прадавачка кліча падмогу. Мажная цёценька пачынае мяне, парушальніка спакою, каторага «пакрыўдзілі», каторы ня можна «па-чалавечы» заплаціць, імпэтна сарамаціць. Невялічкая чарга падключаецца да анафэмстваваньня. Прадавачка складае рукі ў роспачным жэсьце і скіроўвае фаталістычны погляд кудысьці ўдалячынь.
    Паўза.
    Раптам прадавачка націскае некалькі клявіш і выдае карт-чэк. Расьпісваюся. Забіраю тавар. Прашу кнігу прапаноў, раз самі дадумацца ня могуць.
    Замест кнігі прапаноў прыходзіць адміністратарка, якая прызнае недасканаласьць, кажа, што з-за беднасьці, і што яна, канечне, выбачаецца, але сама ніколі карткай не расплачваецца.
    Пасьля такіх шчыраваньняў сэрца маё растаяла і я вырашыў не парушаць больш акіянскага спакою.
    Хоць, магчыма, прапанова маляваць крыжыкі на лобе тым, хто захоча расплаціцца карткай, каб аблегчыць працу касірак, прыйшлася б бедным акіянчукам даспадобы. І танна, і эфэктыўна.

    зґубіў комп

    роварны.
    зґубіў, ці сьпёр нехта.
    і на тое, і на тое былі магчымасьці.
    і таго, і того я не разумею: як можна згубіць комп, нармальна запстрыкнуты на рулі, або навошта красьці штуковіну, якая працуе толькі ў зьвязцы з колам?
    мінус 25$ у пераднавагодні месяц.
    а я яшчэ пакрышкі шыпаваныя замовіў…
    шыпы залатыя, а то!

    новы сайт Беларускага Хэльсынскага камітэту

    Прыгожыя дзеўкі, апартамэнты, Ляс-Вэгас, Гаваі, чырвона-марыхуанныя таны...

    9.12.07

    фрэндстужка → ґуґластужка

    Сёньня перавозіў на Блоґера фрэндастужку.

    Цяпер загалоўкі апошніх 10 запісаў зь яе стаяць на галоўнай старонцы , а пад імі — сьпіс усіх блоґаў, якія чытаю — жыважорных і ня толькі (upd.: сьпіс зьняты па просьбах трудзяшчыхся :).

    Маю ґуґластужку цікавых блоґаў можна чытаць па гэтым адрасе.

    Усё як раней, толькі навей :)

    8.12.07

    Жыцьцё пасьля LiveJournal’а

    Беларус і цьвік


    Пасьля пераходу LiveJournala пад расейскую «акупацыю» пытаньня пра зьмену пляцоўкі для мяне не стаяла.

    Зона ру., расейская кантора, рэйтынг рублоґаў — гэта абсалютна ня тое, што мне цікава. Рамонты і фішачкі, сьцяжкі й дрындушачкі ня гэтак істотныя.

    Матэматычныя развагі ці то прагматычныя аргумэнты, кшталту «нічога не зьмянілася», для мяне, лірыка, ня першаснае. Калі заўтра здарыцца саюзная дзяржава, наўкола насамрэч таксама небагата зьменіцца.

    Нарэшце, у тое, што ЖЖ такі адзіны і непаўторны, ніяк ня верылася, хаця б таму, што ў самога былі пэўныя няёмкасьці

    Фэномэн фрэндаў


    Я ня звыкся называць сябрамі незнаёмых людзей. І калі мне хацелася быць у курсе таго, што пішуць не ва ўсім прыемныя мне людзі, узьнікала калізія, зьвязаная з сэмантыкай і магчымасьцю чытаньня падзамочных запісаў.

    Свая пясочніца за вялікім мурам


    Падзамочныя запісы — штука маласэнсоўная для мяне, але калі яна ёсьць, пачаць карыстацца ёй — пытаньне часу.

    Калі сядзіш з усімі ў адной лодцы, то й паводзіцца пачынаеш падобным чынам: шчыраваць пад замком, ладзіць фрэндабойкі, фрэндацыды, фрэндапомсты, распрацоўваць палітыку за/адфрэнджваньня. Фрэндапалітыка, тэстапандэміі і тэстапратэстныя партыі, шэраг іншых чыста жж-фэномэнаў: экстравэртныя рытарчныя пытаньні, грубасьці і мацярыншчына ў калектыўны адрас, нарэшце можна проста паставіць прабел і чакаць на ўраджай камэнтароў.

    У гэтым лякальным ЖЖ-мурашніку насамрэч столькі унутраных спраў і ўнутранай актыўнасьці, што на «зьнешнюю палітыку» не застаецца часу.

    Калі ўцягваешся ў гэты вір, пытаньне, хіба для гэтага ты заводзіў блоґ, адыходзіць на трэці плян.

    Па вялікім рахунку, і хваля калектыўнага абурэньня СУПакупацыяй не магла не сысьці ў пясок, бо мела ў сваёй аснове эфэкт натоўпу, калі разам усе гаразды, а сам-насам — пасы.

    Калі СУП купляў Жыважора, папярэднія гаспадары сказалі слушную рэч: у вас, маўляў, лайвджорнал — сынонім блоґа. Якраз у тым, што гэта слушна для нас і ня слушна ў прынцыпе, і ёсьць ненармальнасьць.

    ЖЖ настойліва прапануе класьці яйкі ў адзін кош.

    Цяпер, калі я крыху асвоіўся ў новым сьвеце, паспрабую расказаць, як жывецца ў іншай сыстэме каардынат. Ніжэй будзе распавядацца пра дзьве праґрамы з імпэрыі Google’а: GoogleReader і Blogger. Для простасьці я буду пісаць іх як «Ґуґлачыт» і «Блоґер». Гэта даволі павярхоўны аналіз і пераважна завязаны на параўнаньне з магчымасьцямі LiveJournal’а.

    «Падкат» у любым месцы


    Функцыя «падкатаў» у ЖЖ: эканоміць трафік і прыхоўваць вялікія аб’ёмы тэксту для гарманічнага выгляду фрэндастужкі.

    У Ґуґлачыце, каб эканоміць трафік, можна:

    1. адключыць выявы, і падгружаць патрэбныя асобна падчас прагляду;

    2. праглядаць абнаўленьні ў фармаце сьпісу, тады паказваецца загаловак і тэкст допісу, які зьмяшчаецца ў адзін радок (паглядзець допіс цалкам можна пстрыкнуўшы па ім ці з дапамогай «гарачай клявішы»).

    3. пры праглядзе ў раскрытым выглядзе імгненна пераскочыць паўзь вялікі допіс можна клявішай «n». Гэтая кнока — той самы «кат», адно што пастаўлены ў тым месцы, у якім хоча чытач, а ня аўтар.

    Гарачыя клявішы — да ўсяго


    У Ґуґлачыце гарачыя клявішы ёсьць да ўсіх асноўных апэрацый, да таго ж падказку зь імі можна выклікаць адным рухам. Мне як мышкафобу гэта вельмі зручна. Інструкцыі знаходзяцца на хатняй старонцы пэрсанальнага разьдзелу Ґуґлачыта.

    Мэмарыз і так, і гэтак


    Мэмарыз у ЖЖ — гэта старонка са сьпісам часта малазразумелых катэгорый, за якімі — нярэдка малазразумелыя загалоўкі. Хто бегаў між каталёгамі ў Нацыяналцы ці Акадэмцы, ведае, наколькі гэта зручна.

    У Ґуґлачыце, каб адзначыць допіс, пакласьці яго асобна, ёсьць два простыя да сьлёз спосабы.

    1. Адзначыць зоркай. Гэта значыць проста пстрыкнуць па зорцы, якая стаіць каля кожнага загалоўка. Допіс аўтаматычна пяройдзе ў «зорны» аддзел. Знайсьці яго там можна ў любы час за долі сэкунды пошукам па разьдзеле .

    2. Падзяліцца, «share». Сьціпла так сказана. Насамрэч гэта фактычна твой сайт навін. У яго ёсьць свой адрас, свая стужка для падпіскі, свой адміністратарскі разьдзел. І навіны дадаюцца на яго з Ґуглачыта адным пстрыкам. Апроч сайту, яны зьберагаюцца ў асобным разьдзеле на тваёй ґуґлачытнай старонцы, і сярод іх таксама можна хутка знайсьці, што трэба. Вось, напрыклад, мая падборка навінаў.

    Урэшце, модуль з апошнімі абнаўленьнямі твайго навіннага сайту можна ўтачыць у выбранае месца на сваёй старонцы ў Блоґеры, што пойдзе ёй толькі на карысьць: наведнік можа пачытаць ня толькі тое, што пішаш ты, але й тое, што цікавае табе з таго, што пішуць іншыя.

    Болей чым тэґі, болей, чым групы сяброў


    Тэґі або цэтлікі ў Ґуґлачыце замяняюць тэчкі. Той ці іншы допіс можна раскласьці ў розныя тэчкі-тэґі, і пасьля чытаць любую тэчку без сумневу, што прапускаеш нешта патрэбнае. Напрыклад, апроч агульнай тэчкі «Блоґі» можа быць тэчка «ЖЖ», тэчка «Vox», тэчка «Беларусы», тэчка «па-беларуску» і г.д. і да т.п. У ЖЖ існуе для гэтых мэтаў фільтар сяброў, які, дарэчы, ня кожны дабраўся асвоіць. Але там сяброў трэба дадаваць уручную, у Ґуґле ёсьць магчымасьць рабіць гэта аўтаматычна. Напрыклад, усіх жэжыстаў можна пазначыць тэґам ЖЖ паводле слова «livejournal» у адрасе.

    Камэнтары не разбрыдаюцца


    У Блоґеры няма прынятай у ЖЖ структурызацыі камэнтароў. Да таго ж, на камэнтар нельга адказаць у жэжэшным сэнсе, а той, каму адказваеш, не дазнаецца пра гэта праз пошту.

    Такім чынам, для размоваў не па тэме створаныя неспрыяльныя ўмовы.

    Аднак сачыць за дыскусіяй можна. Трэба проста падпісацца на стужку камэнтароў да допіса і пакласьці яе ў асобную тэчку-тэґ кшталту «Часовая» або «Камэнтары». Калі дыскусія заціхне, тэчку можна пачысьціць, або й не чапаць: усё адно тое, што не абнаўляецца, у Ґуґлачыце не зьяўляецца, калі сам не папросіш.

    Нельга адмовіць гэтай сыстэме і ў плюсах: камэнтары ня ліпнуць да краёў, не сьціскаюцца ў незразумелыя трэды, прабірацца празь якія ў ЖЖ часам безнадзейны занятак.

    Урэшце, кожны карыстальнік Блоґера мае паштовы адрас у Ґуґле, а значыць, і магчымасьць карыстацца зручным мэсэнджэрам.

    Слова — ня толькі сваім


    У Блоґеры камэнтаваць запісы можна зь любым «пасьведчаньнем», у тым ліку жэжэшным. У гэтым ягоная перавага перад Mutiply’ем, Vox’ам і Greatestjournal’ам, якія не прымаюць OpenID.

    Падглядваньне ў замочную шчыліну


    З гэтым у Блоґеры ніяк. Жэжыста можа зьнячэўку ахапіць паніка, як быццам прыйшоў на вакзале ў прыбіральню, а дзьверы бяз зашчапак. Магчыма, справа ў тым, што Блоґер не прыбіральня. Калі без сакрэтаў ніяк, то зварот не па адрасе.

    Ґуґлачыт таксама з замкамі ня зьвязваецца і запісаў адтуль не дастае. Улічваючы, што Ґуґлачыт мае функцыі навінавага сайту й імгненнай адпраўкі па пошце, свая лёгіка ў гэтым ёсьць.

    Не гартай, проста шукай!


    Ґуґлаўскі пошук — цуд сусьветнага інтэрнэту — цалкам на тваёй службе. Знайсьці любую навіну зь любога разьдзелу ў Ґуґластужцы, любы допіс за любы час у Блоґеры — справа сэкунд. Толькі напішы слова.

    Дзе назвы блоґаў маюць сэнс


    Калі мы заводзілі сабе ЖЖ, мы дзеля чагосьці давалі назвы сваім блоґам. І тут фантазія наша была вольная, ня тое што пры выбары мянушак, дзе ўпадабанае імя магло быць занятым. Але ў выніку ўсе нашы допісы чыталіся праз фрэндстужку і асацыяваліся з тым больш ці менш удалым наборам сымбаляў, які мы ўзялі сабе за лаґін.

    У Ґуґластужцы ўсё акурат наадварот. Блоґ дэпэрсаналізуецца і гэтым канцэптуалізуецца. Аўтар становіцца на сваё месца — месца аўтара блоґа, а не ягонай назвы.

    Назвы большасьці блоґаў маіх жэжэшных сяброў я даведаўся ўпершыню, калі перадаваў іх у Ґуґлачыт. Гэта было цікавым і прыемным адкрыцьцём.

    Тунінґ


    У Блоґеры можна выбіраць сабе макет блоґу і навешваць на яго якія заўгодна штучкі. У іх ліку шматлікія ґуґлаўскія ґаджэты, стужкі навінаў зь любых сайтаў, проста любы HTML і што там да яго прыкладаецца. Немагчымыя ў ЖЖ кадры GoogleMaps, супэрскі лічыльнік Google Analytics — зь лёгкасьцю працуюць з Блоґерам.

    Бяз фрэндаў, але з аднадумцамі


    Знайсьці людзей з падобнымі інтарэсамі ў Блоґеры таксама проста, як і ў ЖЖ. Агульныя інтарэсы, а таксама агульныя кніжныя, музычныя, кінематаграфічныя падабенствы можна пабачыць у профілях карыстальнікаў у выглядзе спасылак. Застаецца толькі дадаць стужку ў Ґуґлачыт і пакідаць камэнтары.

    Блоґі як на далоні


    У Ґуґлачыце можна глядзець абнаўленьні сяброўскіх сайтаў як агулам, так і паасобку. Гэта вельмі зручна, калі часу для прагляду ўсіх допісаў заведама няма. Тады можна выбраць са сьпісу абноўленых блоґаў той, які хочаш прачытаць найперш.

    Больш за тое, можна знайсьці абнаўленьні толькі на зададзеную тэму, напрыклад, «зьезд» з дапамогай пошуку па тым ці іншым цэтліку.

    Тэрміны дзеяньня болей ня дзейныя


    Як вядома, фрэндстужка ў ЖЖ мае свой канец. Адгартаць назад можна ўсяго на 1000 допісаў. Ня так і мала, але з маімі паўтысячамі сяброў гэтага запасу стужкі хапае ўсяго на тры дні. У Ґуґлачыце такіх рамак або не існуе, або я іх не знайшоў.

    Старыя запісы — яшчэ адно слабое месца ЖЖ. Пасьля зьнікненьня з галоўнай старонкі яны сыходзяць у змрочную зону. Пасьля 400 запісаў змрочная зона становіцца яшчэ змрачнейшай, бо заканчваецца старонка допісаў, і далейшая навігацыя магчымая толькі па днях і месяцах, а калі перайсьці на ўзровень гадоў, то ад допісаў застаецца ўвогуле толькі статыстыка — у які дзень колькі штук напісана.

    У Блоґеры сыстэма такая: калі на бакавой панэлі галоўнай старонкі блоґа націснуць на стрэлку каля лічбы году, падгрузіцца сьпіс месяцаў, стрэлка побач вядзе на загалоўкі запісаў у выбраным месяцы. Ніякіх падарожжаў па старонках архіваў!

    І ня трэба таксама забываць, што каб знайсьці які-небудзь допіс, трэба ведаць усяго хаця б адно слова зь яго.

    Чарнавікі і права выбару


    На адрасе http://bloggerindraft.blogspot.com/ увесь час зьяўляецца нешта новае. Новыя фішкі ў свой блоґ можна дадаваць проста адтуль. Ці паглядзець і не дадаваць. Як хочаш.

    «Як хочаш». Задумайся над гэтымі словамі, калі ў чарговы раз будзеш назіраць за чарговымі суп-навінкамі ў сваім дзёньніку.

    7.12.07

    Азірніцеся наўкола — мы ўжо ў Расеі

    Усё паскудзтва гэтай сытуацыі з прэзыдэнтам абедзьвюх народаў Пуціным у тым, што ў яе ўзьнікненьні няма нічога неверагоднага.

    Народ лёгка і абсалютна лягічна ў яе паверыў. Акт мусоліцца, саюзная дзяржава таўчэцца, абодва прэзыдэнта неаднойчы заяўлялі, што гатовыя пайсьці настолькі далёка, наколькі гатовы партнэр, дык чаму б партнэру Пуціну ня быць зьверху?

    Тым больш, што Пуцін на экранах часьцей за Лукашэнку, пэнсіянэркі ў чэргах на пошце абмяркоўваюць ягоную інтэлігентнасьць і мудрасьць, а пацаны за вуглом вядуць бухія дэбаты, чым адрозьніваецца наша белараша ад іхняй рашы, і ня могуць знайсьці адрозьненьняў.

    І калі гэтым разам прадказаньні ня спраўдзяцца, то гэта будзе чысты шанцунак, бо ўся лёгіка палітыкі нашай, нашай пакуль краіны акурат вядзе да такога лягічнага канца.

    Азірніцеся наўкола — мы ўжо ў Расеі.

    6.12.07

    чытво

    Гэта найлепшае, што я чытаў апошнім часам.
    Удвая прыемней, калі добра расказаная гісторыя адбываецца ў добра знаёмых дэкарацыях.


    - А давай зоймемся сексам?
    - Не…
    - Што зноў не так?.. Я табе не падабаюся?
    - Падабаешся…
    - Я вельмі худы для цябе?
    - Не… Гэта наадварот мае нейкі шарм… Разумееш, ты вельмі разумны, а я трахаюся з бязмозглымі, якія не чыталі Фрома і Біблію, Каран і “Уліса”, “Трымфальную арку” і афрыканскія міфы.


    Арцём Арашонак. ТАТАЧКА, ТЫ МНЕ ПАТЭЛЕФАНУЕШ?

    парнаґрафія

    Знайшоў сяньні парнасайта ў сваёй хрэндастужцы, ажнэ ўзрадаваўся. Прыпёрся гэнак без лаґіна за пазухай да спадара zmitа, а тамака таможня стаіт і грыць: васямнаццаць! Чаго, думаю, васямнаццаць, што за ўвалюта такая, думаю. А таможня мне гэтак на лацінцы і кажа: А дулю, Касацік, Накусівыкусі, во так во і кажа вялікімі літарамі, каб да мяне дапёрла. Ёпха, ажнэ ўспацеў я з той таможняй нямчурскай. Пазваў ачкарыка вясковага, а тэй і кажа, што таможня тая ціпа, кажа, каб засьцерагаўся я, што там бабы голыя і непрыстойнасьці чыняцца ў садомскіх маштабах безь перапынку на абед і перадвыбарчую цішыню. І трэба толькі барадой патрасьці, суставамі паскрыпець, пузам боўтнуць ды перагарам дыхнуць, каб тэі паверылі, што мне ўжо 18 як муміям.
    Ну я тое ўсё прадзелаў, тут вялікай навукі няма, адно што не чакаў я, што zmit такой трасцай абгародзіцца, што аж проста зайсьціся нельга, дзьвярыма бразнуць ды жыцьцём пацікавіцца.

    Зрэшты, яно нават цікава стала, што там за імпрэза такая натуры.., турысцы..., галажопая вопшэм! Гэтак іду, адным вокам гляджу, другое прыжмурыў, захождуся, паклон, кажу, вечар добры, ажнэ бачу, куды ня ткніся, усюлева шчэ нейкія застаўкі на засаўцы парасстаўляныя і алярмы парасклейваны: «ты, э, абоўтас, таво, маёнлі ябі аб, прапі пры ёй тэй хворадаўц», чорці што на тых алярмах, ажнэ дух зводзіць ад такіх засьцеражоных жарсьцяў, дык жа думаю, не ўцякаць жа, зірну ўжо, а то так і жыцьцё пройдзе, а я шчэ распусты ў нашай вёсцы Фряндосцы ня бачыў. І гэтак шух, аддзіраю тую застаўку, а там.., там..., авохці мне, самі чытайця: «продаю мон 15" lg flatron L1530s б.у. 350 т. б.р.».

    Ня знаю, што гэта такое нянашымі літарамі панапісанае, а вось што такое мон [мандавошкі, няйначай!], мне расказваць ня трэба, і я хоць і не такі бясьцюн, як гэны zmit, але ж што за словы паскудныя ён за кропкамі пахаваў, ня будзь дурны, здагадаўся.

    Плюнуў я на масьніцы ад расстройства, што фряндосцы нашыя да такой пошасьці нянаскай дакаціліся, й пайшоў прэч, не расьцёршы. Буду наступнага разу таможню слухацца. Добра, што хоць ё цяперака каму ад гнюснай распусты людзей чэсных адваджваць.

    І вы фряндосцы, як заўважыця каго, які кропкі ставіць дзе ня попадзя, выцягайце адразу сьцяг на вудзільна, тады ўраз таможня заявіцца й застаўкі на засаўках усюды парасстаўляе, каб у добрых людзей не было няёмкасьцяў і спакуснасьцяў.

    А я пайду на сваім хутары-глухяры адседжуся, чарку кульну, ды ў прытомнасьць прыду, мо...

    5.12.07

    Віпы

    Уключыў літаральна на хвілю і зусім выпадкова БТ, а там у Класкоўскага як у шараговага мінака цікавяцца, як гэта яму жывецца з прынцыпам аднаго акна.

    От ужо гэтыя бэтэшныя камсамольцы, ніякай павагі да аўтарытэтаў. Бадай, яшчэ і рукі паціралі, што ўдалося вылавіць калярытнага беларускамоўнага кадра.

    Карацей, трэба часьцей глядзець АТН, можа калі пакажуць Пазьняка са спічам пра сапраўдную сутнасьць усеагульнай флікерызацыі краіны.

    4.12.07

    бізнэсуп

    Часьцяком я купляў білет на Віцебск на камфротны аўтобус MERCEDES, заяўлены на сайце Мінтранса, а прыходзіў дрыгучы «Богдан» або «Газэль» якая.

    «Дзе мэрс?» — пытаюся я ў вадзілы. «Цібяіб.т?, — адказвае вадзіла. — Прадалі 20 білетаў, а не 40, вось і едзь на Богдане, толькі дзяржыся абедзьвюма рукамі за ручкі і пакецік для ваніцікаў у кішэньку засунь».

    «Дзе мэрс?» — пытаюся я ў дырэктара вакзалу. Мэрс, — піша дырэктар вакзалу, — у нас адзін, і мы яго беражом. Гэта бізнэс. І маршрутка — ўпаўне раўназначная замена.

    Дык вось, я не замаўляў супу, і я не зьбіраюся яго сёрбаць толькі з тае прычыны, што «большэ нічэво нету» і што ў сталоўкі бізнэс такі.

    3.12.07

    panoramio pa-bielarusku

    Siońnia abnaviŭsia bielaruskamoŭny pieraklad Panoramio. Paru abdrukovak taki vyliezla.

    Anything different is good

    Вынікі дня:

    • http://andrejczyk.blogspot.com/
    • http://bytescout.com/post2blog.html
    • Завёў OpenID.
    • Шукаю магчымасьці бясплатнай трансьляцыі ў ЖываЖор з Блоґера.
    • Фрэнд-стужку паціху пераношу ў GoogleReader. Буду ўдзячны, калі хто паведаміць у камэнтарах новыя адрасы сваіх блоґаў на іншых пляцоўках.

    Anything different is good. © «Groundhog Day»

    Уга!
    Ржунімагу!
    - Саша -

    rss

    vyhliadaje, novym LiveJournalam stanie GoogleReader

    есьлі мне пазванят, скажы, што меня ужэ нет, што прышла пара смывацца

    ant

    а вось новы аэнтэшны сайт выйшаў такім жвавенькім, карыстацца прыемна, навіны экспартуюцца, праграмка з ґіпэрлінкамі, чаго яшчэ хацець...
    толькі пошук зь піянэрскай гатоўнасьцю кідаецца паказваць усе знаходкі на літару «а». Пакуль усяго 220 вынікаў =)

    2.12.07

    U vychodnyja Brylievičy napaŭniajucca ščaślivymi liudźmi. Jany iduć haspadarskaj chadoj, niby smakujuć kožny krok pa slocie, halaliodzie dy hrazi.
    Jany azirajucca, pryhliadajucca, spyniajucca, vitajucca i ŭśmichajucca. Uśmichajucca tumanam i traktaram, eliektryčkam i ekskavataram, svajim budučym susiedziam i pieršym sustretym minakam na svajich niedaroblienych vulicach lia svajich niedaroblienych padjezdaŭ.
    Kožny z ščaślivych liudziej ujaŭliaje na miescy katlavanaŭ i budaŭničaha śmiećcia svaje ščaślivyja Brylievičy. I mroji robiać ščaślivych liudziej dabrejšymi.
    U abžytaj i dahliedžanaj Kurasoŭščynie zimovy ravaryst z arachisam na bahažniku čuŭ adno kpiny dy kiepiki. U źliedzianielych murzatych Brylievičach ščaślivyja liudzi vitajucca ź jim dy ŭśmichajucca.

    A potym pieravodziać pozirk nazad, da nizkaha nieba, ź jakoha spuskajucca akurat na ichnija baĺkony šeryja pryručanyja žuravy…

    U minus-sezonie 166,5 km

    ЛіМ комам


    Амаль год, піша спадарыня kaciarynka, рэканструявалася старонка голдынґу «Літаратура і мастацтва» ў сеціве.

    У выніку атрымаўся сайт, які выглядае гэтак жа дарэчна і сучасна, як чалавек у малінавым піджаку.

    Асабліва міла глядзяцца лінаркі, стылізаваныя пад газэтны дызайн 60-х. Калі выявіцца, што сайт насамрэч адлівалі на лінатыпах, я не зьдзіўлюся.

    Зьмест у jpeg, тэксты ў pdf, карпаратыўныя мэйлы на mail.ru (=bk.ru), банэр нацыяналкі й dark-чату «у трёх озёр» разам, сьмешныя памылкі: «ажыццяўляе сацыяльна-культурных функцыі», «адрас РВУ "Литаратура и Мастацтва», «аказвае паслгі», «тэхничная падтрымка»…

    Сайт сходу выпадае з тэрыторыі сур'ёзнага ўспрыманьня і крытыкі, таму выклікае суцэльна пазытыўныя эмоцыі і настройвае на гульлівы лад.

    Гледзячы на яго, можна займацца інтэлектуальнымі гульнямі, напрыклад: сайт ЛіМу рабіўся адзін год, удзельнікі гульні па чарзе ўяўляюць, колькі гадоў ім спатрэбілася б, каб зрабіць сайт з улікам розных там эрэсэсаў і юзабіліцяў; або варыянт для доўгіх зімовых вечароў: гульцы па чарзе ўяўляюць, якія яшчэ праекты можна зрабіць у дзяржкультструктуры за 1 год і што яны будуць зь сябе ўяўляць пры адпаведнай якасьці выкананьня. Варыянтаў гульні багата, кожны пры ахвоце можа дадумаць безьліч сваіх. Карысьць такога баўленьня вольнага часу відавочная: у гульцоў разьвіваецца стойкая матывацыя да працы ў культдзяржструктуры.
    =)

    1.12.07

    trans

    kali stanovicca patrebna znajści darohu z punkta A ŭ punkt B na hramadzkim transparcie ŭ jakoj-niebudź eŭrapiejskaj stalicy, ja zachodžu ŭ internet z poŭnaj peŭnaśćiu, što na rašeńnie zadački spatrebicca samaboliej chvilin 5.
    Voś i siońnia zavitaŭ na staronku vilienskich traliejbusaŭ i aŭtobusaŭ, znajšoŭ, što chacieŭ, i nia vytrymaŭ — zastaŭsia pahuliacca.

    U vilienčukoŭ sajt zroblieny na 4 movach (baltyjskich i angieĺskaj), maje śpis maršrutaŭ z raskladam pa kožnym maršrusie i pa kožnym prypynku kožnaha maršrutu. Mala taho, jość mapa z poŭnym śpisam prypynkaŭ i pošuk maršrutaŭ z ulikam pierasadak i piešych pierachodaŭ, pryviazany da vybranaha času.

    Da ŭsiaho, hety šykoŭny servis zroblieny na asnovie GoogleMaps, ad čaho karystacca jim adna asaloda.

    U nas užo nia pieršy hod mnoha havorycca i rapartujecca pra raźvićcio turyzmu. Alie adzinaje, što ja bačyŭ — knižki dy brašurki ŭ kniharni. Alie ž da jaje śpiarša jašče treba dajechać…

    I navat kali jaki inšaziemiec zacikavicca, znojdzie sajt taho ž Minsktransa, toj ža bielaruskaj čyhunki, nabiare ŭ GoogleMaps «Belarus», što jon daviedajecca aproč taho, što Bielaruś — bielaja pliama?