25.10.07

радыё БЭст

У палякаў, аказваецца, ёсьць радыё Disco-polo.

Па ім увесь час граюць песенькі ў стылі бясхітраснай папсы 90-х з мыльнапузырным тэкстам кшталту “лета — там-тарам— і сонца зноў, лета — там-тарам— краіна сноў”

Нейк, помню, палякі і полькі крывадушна круцілі носам, калі я завёў гаворку пра дыска-пола: маўляў, фу, якая пошласьць.

Але ж калі радыё стварылі, значыць яго нехта слухае!

На вялікае няшчасьце, у беларусі сваё дыска-бела як мэґажанар ня склалася, хоць Ален, трэба прызнацца, і стараўся.

Але тыя лічаныя здабыткі беларускай песеннай творчасьці можна было б зьяднаць на адной хвалі з мэґажанрышчам, які й зараз жыве й паразытуе ў чорнай дамавінцы радыёкропкі: белэстрадай!

За гады, калі прэзыдэнтам быў Пазьняк, а бээнэфаўцы выразалі зоркі на сьпінах рускагаварашчых, настваралася столькі беларускамоўных песенак, што на кругласутачны этэр хапіла б з гакам, (дый ня мне вам расказваць, што некаторыя станцыі няблага абыходзяцца й некалькімі дзясяткамі трэкаў, гэта завецца ратацыяй).

Тым больш што на цёмных паліцах фонду белтэлерадыёкампаніі гібеюць і вельмі вартыя рэчы тых часоў на вершы Зянона. Хоць, натуральна, калі б такое радыё паўстала, гэта было б настальжы для нацыяналістаў пакаленьня 76-82. Наўрад ці знайшоўся б хто ахвочы слухаць яго ўвесь час (зрэшты, з нашым эфэмам — хто ведае!), але часам так карціць пачуць якое-небудзь мэлядычнае глупства беларускага нацыяналістычнага мэйнстрыму, кшталту “іншапланецянка, іншапланецянка, та-та-ра, я цябе шукаю, не магу знайсьці, іншапланецянка, ты мая каханка, та-та-ра, не зьнікай, застанься ты ў маім жыцьці”…

…ня будзеш жа кожны раз тэлефанаваць фінберґу.

No comments: