23.7.06

ґіпэрразьведка

Малінаўскі ґіпэрмаркет вельмі падобны да польскага ґіпэрмаркета, прынамсі – пляніроўкай.
Але непадабенстваў болей, і ніводнага на ягоную карысьць.

Чытво. У ґіпэрмаркеты завозяць газэты, гэта прывязвае пакупніка – простая маркетынгавая фішка. У “Прасторы” ляжаць толькі глянцавыя часопісы – заходзьце да нас празь месяц. Яшчэ ў польскіх ґіпэрмаркетах быў найлепшы выбар мапаў. Гэта для турыстаў. Турысты, яны багатыя і слаба арыентуюцца ў коштах на несваёй валюце, а гэта выгадна.

Ровары. “Прастораўскія” ровары страшэнна сьмярдзяць гумай. Кітай? Так і ёсьць – УП Ветразь. Ровараў пяць штук, у дадатак да ровараў адна паліца адведзеная пад дзясятак роварных фараў, таксама падазронага паходжаньня. У польскіх ґіпэрах таксама багата аднаразовых ровараў, але ў прычындалах часам можна адшукаць што цікавае.

Кухонныя рэчы. Гаспадыні будуць расчараваныя. Выбару пакуль амаль няма. Чалавецтва прыдумала безьліч мадэляў гародніначыстак, і ніводнай зь іх няма ў “Прасторы”.

Пітво. Сокі і піва стаяць у розных месцах у краме. У сэнсе – сокі ў двух, і піва ў двух. Відаць, на некаторыя паліцы папросту яшчэ няма чаго ставіць.

Сподняе. А вось што трэба купляць у ґіпэрмаркетах, дык гэта шкарпэкі ды споднікі. Між мною і імі ўпершыню не стаяла баба-прадаўшчыца. Зручна выбіраць і купляць.

Пэрсанал. Дзеўчыны на раскладцы размаўлялі гучна і на 30% мацерна.

Касіркі. Гэта ўсё тыя ж звыклыя жанчынкі з тварам выкінутай з вады рыбіны. Іхняе жыцьцё азмрочана адным – тупымі пакупнікамі, а пакупнікі тупыя ўсе, калі хто ня ведаў. Вось хлопец вываліў тавар і не паклаў разьдзяляльнік – ну тупы ж!. А вось пэнсіянэрка сунецца з сваім кошыкам і не выкладае сваіх трантаў – а я канвэер з наступным таварам як прыкручу да самай касы, ды як адпраўлю нахабніцу-вэтэранку ў канец чаргі, от будзе ведаць, як тупіць, каза старая. А от тупы маладзён, зваліў сокі і шкарпэткі ў адзін пакет. Я яму ў розныя куты паскідала, а ён у адзін пакет, ну тупы ж! гэта трэба ў розныя пакеты класьці, бесталач, ага – купіць яшчэ адзін пакет і пакласьці!.. Вось што чыталася на твары касіркі. І гэта самае галоўнае і глябальнае адрозьненьне – калхазанства пэрсаналу. У Польшчы касірка сама кладзе і адмежавальнік, і сама складае ў розныя бясплатныя пакеты. Гаспадарам трэба праінвэставаць у навучаньне пэрсаналу. Каб пакупнікі хацелі вяртацца. Зычлівасьць – вельмі запатрабаваны ў Беларусі сэрвіс.

Кропка. Ґіпэрмаркет – у прадуктовым сэнсе добрае месца для закупкі прадуктаў на тыдзень, калі дазваляе памер хатняй лядоўні, альбо півам на тыдзень, калі лядоўня малая. У непрадуктовым сэнсе “Прастор” займае нішу тавараў паршывых і сярэдняй паршывасьці. Асабліва гэта тычыцца чытва, спорту ды электронікі. Затое гэтыя паршывасьці таньнейшыя чым шмат дзе. Піва шмат, і шмат добрага дарагога, але таньнейшага, чым дзе.

No comments: