Я некалькі гадоў зьбіраўся ў Вілейку. Ня тую, дзе вакзалы і ўстановы, а тую, нязнаную, на мяжы раёнаў, над вытокам Вяльлі, дзе неўкатаная рэдкімі машынамі пяшчаная дарога, якая даводзіць да забытага храму на ўскрайку й губляецца ў лесе, што, нібы далоньмі, ахінуў вёску. Дарогай да Вілейкі я сустрэў адныя калёсы, ды шчэ на мяжы раёнаў — дзе нічыйная дарога з выкуленым ручаінамі каменьнем, сьпярэшчаная зморшычнамі, пад хмурымі шатамі дрэў лякае падарожніка: а ці тую паваротку ён абраў, а ці не памыліўся кірункам, — стаяў джып дый мерыўся ўжо разьвярнуцца.
Вось жа я ня мог застацца незаўважным, проста пафатаграфаваць, як звыкла, ды паехаць далей (бо надвячорак, а наперадзе пара дзясяткаў кілямтэтраў вузкай гравейкі ды лясных каляін).
І не пасьпеў я абысьці драўляны храм, што і паўразбураны ўражвае сваёй веліччу, як — хто пешшу, хто на квадрацыкле — зьявіліся суразмоўцы.
У той вечар адпускаць мяне зь Вілейкі не хацелі — запрашалі ў госьці: кніжкі паказаць ды шчэ болей распавесьці. Ды мой роварна-краязнаўчы расклад падганяў далей.
Наступнае — і моцнае, і сумнае — уражаньне: забытая царква ў Калягах. Вёска добраўпарадкаваная — адзін пры адным зеўраюць зраўнаваныя зь зямлёй двары. Разбураная царква пры канцы вёскі яшчэ стаіць, але схаваная ад выпадковых вачэй маладымі дрэвамі.
Дый выпадковым вачам адкуль тут узяцца — хіба з тутэйшых хто шчэ, можа, пойдзе па ўтравелай каляіне ў лес.
Калягі — канцавая вёска, надзейна адсечаная абласной мяжой і докшыцка-вілейскай трасай ад неспадзяваных гасьцей.
Драўляныя цуды нашай спадчыны паміраюць на вачах, выкінутыя з жыцьця і нават памяці. У гэтым стагодзьдзі абвалілілася адна зь вежаў вілейскага храму, вілейчукі кажуць, што за сёлета заўважна пахілілася сьцяна царквы. Да калягаўскай царквы нават сьцежкі няма. Шэдэўры, якія становяцца кучай ламачча — ня тэма для галоўных старонак папулярных сайтаў, актуальных нарадаў міністэрстваў, клопатаў царкоўнікаў, урачыстых урокаў у школе. Наша памяць — трухлявая. Наша вера — забыцьцё.
25.8.10
трухлявая наша памяць
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
1 comment:
да... если Минск благоустраивают ударными темпами, то периферия имеет еще шансы несколько лет продержаться пока не умрет своей смертью. (Несвиж и прочие Миры не учитываем).
PS впечатлил деревянный костел в Бобруйщине (в районе оз.Шо), которому тоже не долго стоять осталось - или сам рухнет, или местные на дрова разберут.
Post a Comment