17.7.07

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка другая. Прэзыдэнцкая.



Паркавая магістраль (праспэкт Машэрава, Пераможцаў, прэзыдэнцкая магістраль) пачынаецца з знаку забароны на рух ровараў. Сутнасьць забароны неяк пэрсанальна патлумачыў даішнік: лісапедам ня месца на прэзыдэнцкай магістралі.



Спадзяваньні на тое, што забарона руху па праезнай частцы кампэнсуецца веладарожкай на ходніку, выглядаюць лягічнымі, ды, на жаль, марнымі.
Раварыстам прапануецца дасканаліць мастацтва фігурнага катаньня на шматлюдным ходніку, які да таго ж часткова выкарыстоўваецца пад стаянку і пад’езд да Палацу спорту.

Больш за тое, за Палацам спорту чакае шырачэнная лесьвіца, якую ўпершыню можна і не заўважыць. Раварысты, а таксама мамы з вазочкамі карыстаюцца для перасоўваньня газонам. Там ужо і сьцежка пракатаная.



Пасьля лесьвіцы на даляглядзе ўжо відаць першы знак веладарожкі, аднак ходнік прыводзіць да чарговых прыступак: уніз у пераход і ўгару да прыпынку. Дабрацца да веладарожкі зноў магчыма толькі па траве. У цэнтры Менску ўвогуле багата “велагазонаў”.

Ходнік ад Мельнікайтэ размалявалі толькі сёлета й адным зь першых у горадзе. На жаль, спадзяваньні на тое, што ўлады падыдуць да веларуху комплексна, ня спраўдзіліся.



Праблема, куды дзявацца раварысту пасьля фармальнага сканчэньня веладарожкі, папросту засталася незаўважанай. А перад вуліцай Мельнікайтэ ў бок цэнтру дазвол руху заканчваецца яго забаронай. Прапануецца на выбар або скакаць па прыступках, або пералятаць праз агароджу ў пераход.



На форуме Крытычнай масы прайшла інфармацыя, што дарожку маюць такі працягнуць ад Мельнікайтэ да Нямігі. Я не зьдзіўлюся, калі яе пусьцяць па набярэжнай у абход палацу спорту й “згубяць” дзе-небудзь на ўваходзе ў мэтро. Гарадзкія ўлады не шукаюць складаных шляхоў. Навошта, калі іх можна пакінуць раварыстам?

Па ўсёй Паркавай магістралі дарожка то зьяўляецца, то зьнікае. Яна сарамліва і загадзя абрываецца перад скрыжаваньнямі, сьветлафорамі, прыпынкамі.







А заезд на міні-стаянку шырынёй у два мэтры абвешалі проста нейкай маніякальнай колькасьцю знакаў. І выглдяае, што ў гэтай сытуацыі абазначаюць яны толькі адно: бездапаможнасьць і абыякавасьць абазначальнікаў веладарожак.



Пешаходы ў нас людзі гуманныя, таптаць белых чалавечкаў ім, відаць, псыхалягічна некамфортна. Вось і ходзяць па веліках.



На пад’езьдзе да БелЭкспа раварыстаў чакае новы сюрпрыз. Аказваецца, веладарожка робіць ласіны манэўр, куляецца ў парк, дзе праз пару мэтраў прыходзіць на фініш. Болей згадак пра яе ў тым парку не знайсьці.



Нягледзячы на тое, што разьметка зьнікае, ходнік уздоўж праспэкта заўсёды выкарыстоўваўся й як веладарожка. Але першы знак веладарожкі ўзьнікае толькі на павароце з вуліцы Крупцы. І каб яго заўважыць, трэба вельмі пастарацца.



Аднойчы архітэктар аднаго зь менскіх раёнаў на маё пытаньне, ці плянуюць у іхнім раёне чаго для раварыстаў, адказаў, што так, вядома — лыжна-ролерную трасу.



Веладарожка з Крупцоў фармальна даходзіць да павароту на Дразды, далей знакаў няма, а дарожка як бы ёсьць. Прынамсі, здаецца, некалі стаяў знак у раёне Ржаўца. Зрэшты, цяпер і знаку няма, і дарожкі няма — ідзе рамонт.
Там дзе рамонт прайшоў, можна палюбавацца на новыя бардзюры, самыя высокія бардзюры для веладарожак у сьвеце. Там, дзе рамонт ідзе, можна таксама быць упэўненым, што нармальных зьездаў ня будзе.



Хоць пасьля палымяных прамоў я ўжо ледзь не паверыў, што будзе лепш. Капітальны рамонт веладарожкі гарадзкія службы выкарысталі, каб максымальна ўскладніць нармальны рух па ёй.





Не відаць, каб неяк зьбіраліся вырашаць праблему з АЗС, каля якой няма ўвогуле ніякага ходніка ці веладарожкі.



Затое пакуль ідзе рамонт веладарожка ўяўляе зь сябе букет пакрыцьцяў: хаатычны пясок, раскіданыя бардзюры, пакрышаны & ідэальна роўны асфальт.



Канец веладарожкі на Паркавай магістралі ілюструе ісьціну, сапраўдную для ўсіх менскіх веладарожак: яны ідуць ніадкуль і прыводзяць у нікуды.



Для таго, каб патрапіць на веладарожку з боку Ждановічаў, трэба перайсьці дарогу па пешаходным пераходзе празь вельмі шчыльны трафік.
Гэта значна прасьцей, чым вырульваць на мост, а пасьля спускацца з насыпу. Я праверыў.



Канцавы прыпынак “Кальцавая”. Калі ласка, пакіньце салон!



Беларусы любяць самі вынайсьці тугаплаўкі асфальт, электронны кампосьцер з жалезнымі пратыкачамі, хоць гэта даўно і лепей павынаходжана ў сьвеце. Выглядае, веладарожкі беларускім самародкам яшчэ належыць вынайсьці, а пакуль тое, то веладарожкамі можна называць і лесьвіцы, і высокія бардзюры, і дэкаратыўна аформленыя кавалкі асфальтаванай паверхні. А гадоў праз колькі можа дойдзе справа й да вынаходніцтва, як рабіць веладарожкі каля прыпынкаў і на скрыжаваньнях. А пакуль хай раварысты дома пасядзяць.


дзе: ад кальцавой дарогі да вуліцы Мельнікайтэ, па ўсходнім баку. Фармальна знакамі або разьметкай абазначана веладарожка ад вуліцы Крупцы да павароту на Дразды і ад вуліцы Набярэжная да вуліцы Мельнікайтэ.
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 8 км .
плюсы: веладарожка месцамі падзеленая на зоны для пешаходаў і для раварыстаў, што тэарэтычна падвышае бясьпеку руху
Да вуліцы Арлоўскай добры асфальт
мінусы:
1. разьметка веладарожкі пазьбягае "праблемных" месцаў
2. пешаходы і раварысты не заўсёды пільнуюцца размежаваных зон
3. высокія бардзюры
4. дарожка заканчваецца ў месцах, зь якіх складана рухацца далей.

працяг будзе

раней: Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка першая. Заслаўская.

No comments: