18.7.07

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка трэцяя. Карлікавая.

Галоўная Менская Веладарожка мае тры адросткі, тры куксы, тры нават не веладарожкі, а веладарожачкі, мініятурныя, карлікавыя палоскі асфальту ў кірунку “ад праспэкта да моста”. Нягледзячы на сьцісласьць дыстанцыі, гэтыя веладарожкі ўвабралі ў сябе ўсю гаму асноўных характарыстык менскага веладарожнага будаўніцтва.



На веладарожцы па экс-Ерусалімскай ледзь пасьпела высахнуць фарба. Пасьля таго, як яна абрываецца, ледзьве пачаўшыся, пачынаеш думаць, што ў фарбе ўся і справа: заставалася лішняя — вось і напэцкалі трошку ды велікі накалякалі.

Веладарожка традыцыйна пачынаецца “з чырвонага радка” — далей ад сьветлафораў, скрыжаваньняў ды іншых непрыемнасьцяў. Потым разганяецца ўздоўж месца правядзеньня вайсковых парадаў, і ўчыняе экстранае тармажэньне перад мостам церазь Сьвіслач.



Праз мост ня тое што пешаход з роварам — машына з фарбай не праехала, таму так і засталася замасточная частка неабвеладарожанай. Трэба выказаць удзячнасьць малярам дарог, што не скіравалі ровары на прыступкі, прэцэдэнты ж ужо былі.

дзе: ад Паркавай магістралі да моста церазь Сьвіслач па колішняй Ерусалімскай.
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 0,55 км.
плюсы: добры асфальт, ёсьць разьметка
мінусы: надзвычай кароткая, нікуды не вядзе


2.

Веладарожка на Арлоўскай бярэ пачатак каля аднаго зь зьездаў на другой паласе асфальту, далейшай ад дарогі. Па якім прынцыпе рабіўся выбар паласы, незразумела, бо ў іншаземных абласьцях пасьлядоўнасьць троху інакшая: машыны, пасьля ровары, пасьля пешаходы.



Калі пачынаецца веладарожка за здароўе, нават без бардзюраў, то пад канец ператвараецца ў атракцыён, ня горшы за дрын-лэнд. Калі пільнавацца палоснасьці, то асфальт на дарожцы становіцца куп’іста-бугрыстым, рэльеф узгоркавым, а язда ніякай: ні прысесьці, ні разагнацца. Асабліва крыўдна і спакусьліва выглядае ходнік зусім побач: адносна роўны і адносна плоскі асфальт.

Зрэшты, я не зьдзіўлюся, калі гэты адрубак акажацца працягам веладарожкі па Паркавай магістралі, якая загадкава збочвае на Набярэжную вуліцу й зьнікае за кустамі. Мо геніяльнасьць задумы ў тым, што веладарожка ідзе, невядомая нікому, па зялёнай зоне пад мост церазь Сьвіслач на Арлоўскай, паварочвае на 90 градусаў супраць гадзіньнікавай стрэлкі й узьядноўваецца з куксай ля дрымлэнду. Перакур.

дзе: ад разьвязкі на Паркавай магістралі амаль да мосту на вуліцы Арлоўскай, каля парку “Дрымлэнд”.
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 0,9 км.
плюсы: ёсьць безбардзюрныя зьезды
мінусы:
1. няма разьметкі
2. дрэнны асфальт і рэльеф у параўнаньні з ходнікам побач
4. вельмі кароткая

3.

Называць алею, або Канатны завулак, ад спартцэнтру "Дынама" да стэлы гораду-герою Менску веладарожкай я б паасьцярогся.
Але знак вісіць. І не адзін. (дзякуй у за напамін)



Гэты кавалак асфальту з бардзюрамі ўяўляе зь сябе звычайную недадарожку зь недапакрыцьцём. Тое, што на ёй стаіць адзін велазнак, проста нейкі казус. Звычайная паркавая алея. Раварысты тут і так бы каталіся, а адпачывальнікі і так бы адпачывалі.
Асфальт усеяны нават не ямінамі, а кратэрамі, што спрыяе выключна рэляксацыйнаму тэмпу катаньня. Нават мамы з каляскамі наразаюць манэўры, каб аб'яжджаць самыя калярытныя яміны.



Прыводзіць дарожка на пляцоўку ля стэлы, якая заканчваецца прыступкамі. Раварыстам застаецца на выбар або правяраць абады на трываласьць, або карыстацца велагазонам, які рэгулярна і старанна ўзрыхляюць.



Абсалютна бесталковая і разам з тым абсалютна бяскрыўдная веладарожка. Калі ўжо трэба дабрацца ад Старавіленскага тракту да Паркавай магістралі, лепш скарыстацца былой Ерусалімскай вуліцай, балазе, там ужо часткова і велапаласа ёсьць.

дзе: Канатны завулак
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 0,87 км.
плюсы: адсутныя
мінусы:
1. няма разьметкі
2. дрэнны асфальт
4. кароткая
5. зьніадкуды ў ніадкуль

No comments: