20.7.07

Кароткі праваднік па менскіх веладарожках. Частка cёмая. Настальгічная.

Пасьля знаёмства зь менскімі веладарожкамі ў тое, што напісана ніжэй, можна не паверыць, калі не пабачыць на ўласныя вочы.





Даўжэзная, пад 15 кілямэтраў, з добрым асфальтам, маляўнічая, з адмысловымі тунэлямі пад дарожнымі разьвязкамі веладарожка знаходзіцца адразу за Менскам — уздоўж Лагойскай шашы. І гэта ня сон.

Узорна-паказальная да неверагоднасьці, яна будавалася напярэдадні алімпіяды'80, а значыць ня толькі, а мо і ня столькі для беларусаў, колькі для прэстыжу і добрай карцінкі з вокнаў членавозаў і турыстычных аўтобусаў. Можна толькі пашкадаваць, што алімпіяда тая была толькі адзін раз.

Пасьля менскіх недадарожак, гэтая, савецкая, можа падацца падарункам нябёсаў: ні табе бардзюраў, ні табе нагрувашчваньняў застылага асфальту, і самае неверагоднае: яна мае лягічны пачатак і канец, яна, адзіная ў Менску, мае пункт прызначэньня, канкрэтны маршрут: Менск — Раўбічы.

Некалькі гадоў таму, праўда, яна была ў паўпрытомным стане: асфальт дзе ўздыбіўся, дзе размыўся, дзе папросту зьнік дзякуючы аўтамабілістам і трактарыстам. Але ў часе леташняй рэканструкцыі Лагойскай шашы паднавілі і дарожку: паклалі новы асфальт і… здаецца, усё.

Слабым месцам веладарожкі быў і застаўся даезд да яе. Яна пачынаецца пасьля аўтобуснага прыпынку “Аквабел”, гэта адразу за разьвязкай Лагойкі й кальцавой. Акурат на гэтай разьвязцы заўсёды немалы рух, асабліва па абодвух зьездах з кальцавой, асабліва па паўночным, на якім кіроўцы вельмі ня хочуць скідаць хуткасьць з сваіх 100 км/г, каб прапускаць нейкага там раварыста.

Тым, хто па такіх дарогах ня езьдзіць, можна прабірацца абхаднымі сьцежкамі: церазь пераход пад кальцавой насупраць 163-й школы па вуліцы Цікоцкага, а тады праз Аквабел, або пад мост на вуліцы Мірашнічэнкі і далей наўскос праз Экспабел да пешаходнага пераходу каля прыпынку, хоць у выходныя там задужа тлумна.

Паласа зямлі і гравію справа ад адбойнікаў — гэта і ёсьць пачатак веладарожкі. Да рэканструкцыі там стаяў знак, а цяпер застаўся толькі слуп ад яго, дый асфальту на дзесяць мэтраў да пераходу не хапіла.



Першы жывы знак веладарожкі стаіць на павароце на авіяклюб. Знак гэты — сапраўдны старажыл. Пасьля дарожка ідзе трошку ўніз, да першага тунэлю, пасярод якога стаіць бэтонны слуп, відаць, каб машыны ня езьдзілі.



Але лепш прыціснуць тармазы, бо акурат машыны акурат тут і езьдзяць. Тутэйшая аўташкола старанна прывівае сваім выхаванцам звычку езьдзіць па веладарожках, па цёмных тунэлях, і не стамляецца адпрацоўваць навыкі парушэньня правілаў дарожнага руху на практыцы. Толькі пакуль я зрабіў пару кадраў, праехала ажно тры машыны. Адна, праўда, два разы. Паўтарэньне, то бо, маць…





Веладарожка за тунэлем таксама актыўна юзаецца аўташколай у сваіх аўташкодных мэтах.

Першы тунэль актыўна размаляваны размаітым наскальным жывапісам музычнай, патрыятычнай і пубэртатнай тэматыкі.



Ува ўсіх тунэлях горшае якасьць асфальту, а ў цемры пабліскваюць аскепкі бітага шкла.

На пад’езьдзе да павароту на Бараўляны проста на дарожцы выбіты помнік п’янаму экскаватаршчыку. Абазнаныя заўсёднікі аб’яжджаюць, а я ўляцеў з горкі на ўсіх парах. Кайфу мала.



Пасьля другога тунэлю ля Бараўлянаў справа пачынае дыміць шашлыкамі карчма “Ачаг”. Карчма гэтая ўплывае на аўтамабілістаў ды іх пасажыраў самым аптымістычным чынам: яны трохі ад’яжджаюцца, кідаюць тачкі на ўзбочыне і пачынаюць квасіць проста на веладарожцы. Потым у прыўзьнятым настроі трушчаць пляшкі аб асфальт і звальваюць. Так што запаска будзе ня лішняй.

Адзіная безтунэльная разьвязка на ўсёй веладарожцы — каля вёскі Малінаўкі. Тут непадалёк стаіць і апошні веладарожачны знак.



Чым далей ад Менску, тым менш сьлядоў чалавечага самавыражэньня: меней шкла на дарожцы, меней надпісаў у тунэлях.

На мосьце праз Усяжу бліжэй да правага краю у дарожку ўбудаваныя дзіркі, дастатковыя для таго, каб пры дастатковай ступені шанцаваньня пераляцець праз руль, а то і праз мост. За мостам — круты спуск, унізе якога раней была цэлая пясочніца. Цяпер, пяску меней, і можна разганяцца сьмела.



Тунэль пад разьвязкай ля Астрашыцкага Гарадку зроблены на ўзвышшы. Памятныя мясьціны. Гэтая сьціплая горка мяне даканала, калі я аднойчы ехаў зь Бягомля. Заваліўся на ўзбочыну і глядзеў з пагорку на трасу, маляўнічыя краявіды ды мурашоў.



Тунэль пад дарогай на Раўбічы — гэта машына часу. Калі да яго ідзе дарожка ўзору 2002 году, то за ім — цуд некранутай прыроды з 80-х.



…І гэтая прырода актыўна заваёўвае велапрастору.



Гэта зусім іншая дарожка, вузейшая, з горшым асфальтам, з крутымі небясьпечнымі паваротамі й стромымі спускамі/пад’ёмамі. Але яна проста неверагодна маляўнічая, і ехаць па ёй адно задавальненьне.



Вось дарогу засьцілаюць галіны дрэў, вось справа адкрываецца шырокі далягляд жытнёвага поля, вось узьбіраецца сьцежка кудысьці ўгару, вось раптам трапляеш у вільготную прахалоду хвойніка. А паспрабуй спыніцца — праз хвіліну побач у кустах затрынькае птушка, ажыве лес, нешта закапошыцца. Файна. Праўда, апошні раз нейкая крылатая дурында сьперапуду выскачыла проста ў кола, адляцела ад сьпіц і ёкнулася ў траву. Здаецца, выжыла.









Пасьля некалькіх завілін дарожка выбягае зь лесу на нейкую мясцовую дарогу да нейкага мясцовага агратурыстычнага аб’екту. Тут дарожцы і канец, а Раўбічам — пачатак.

Далей празь некалькі мэтраў будзе кавярнічка адпачыць, угары — былы касьцёл, які фантастычна глядзіцца на фоне лыжных трамплінаў, а адтуль — цудоўныя фізкульткраявіды, а ў гэтых фізкульткраявідах — траса для выцісканьня дарэшты ўсіх сокаў, калі яны, вядома, яшчэ засталіся.




дзе: па ўсходнім баку шашы Менск-Лагойск ад гарадзкой мяжы да спарткомплексу "Раўбічы".
паглядзець на мапе, KML, GPX
працягласьць: каля 15 км.
плюсы: тунэлі пад аўтадарогамі, пераважна роўны асфальт, няма бардзюраў, маляўнічыя мясьціны
мінусы: няма абсталяваных выездаў на іншыя дарогі.

No comments: