Першы раз я быў у Наваполацку ў раньнім школьным веку. Тады горад падаўся высокім і шырокім. Хмарачосы казыталі аблокам пяткі, трамваі пасьвіліся ў лесе, а шырокія праспэкты было йсьці не перайсьці.
Усе наваполацкія фоткі |
Ня роўня прыватнасэктарнаму вузкавулкаваму Полацку.
І вось цяпер зь дзіцячымі ўражаньнямі я выйшаў проста ў лужыну наваполацкага аўтавакзалу.
Ад таго, як зьмізарнеў, як сьціснуўся, як змурзаціўся Наваполацк, ажно стала ніякавата.
Наваполацк — гэта небагаты горад багатых людзей. Заробак у 800 даляраў тут ня дзіва, але па дарогах, будынках, дварах гэтага ня скажаш. Але нават у гэтых даволі савецкіх дварах надзвычайная разнастайнасьць кантэйнэрчыкаў для асобнага збору сьмецьця. Цывілізацыя.
Наваполацк — гэта горад-сасіска. Па вялікім рахунку, у ім дзьве вуліцы, але затое колькасьць дамоў на іх імкнецца пад дзьве сотні. Горад актыўна разьвіваецца ўдоўжкі і ўжо дапяў вёскі Экімані, якая толькі і аддзяляе яго ад Полацку. Зрэшты, Экімань такая самая вёска, як менскія Ждановічы. Можна хоць заўтра прызначыць яе гарадзкім раёнам.
Наваполацк — горад-мікрараён. Гэткая асобна разьмешчаная Чыжоўка. Па першым часе воку проста няма за што зачапіцца. Спрэс высоткі, спрэс квадраты, хрушчоўкі, плітка. Калі б памяняць Наваполацк зь якой менскай ускраінай, ніхто б і не заўважыў. А тэлеканалаў і тусовачных месцаў тут нават болей.
У Наваполацку бадай у кожнага які сваяк ці знаёмы працуе на нафтаперапрацоўцы. А калі ў цябе які сваяк ці знаёмы працуе на нафтаперапрацоўцы, ты будзеш поўны ідыёт, калі зьедзеш з Наваполацку.
No comments:
Post a Comment