20.4.08

«Źviazda» častkova pierajšla na lacinicu

Омайнаґад!
«Зьвязда» піша тэксты на сайце з лацінскай літарай «i».

Рэдкі ўзор фэерычнай тупасьці, невуцтва й прафэсійнай прапашчасьці, для дасягненьня якога трэба няхіла папрацаваць.

Няўжо яны сьпярша набіраюць тэксты на расейскай клявіятуры, а пасьля ўстаўляюць «падобны» сымбаль аўтазаменай, выкалупваючы шторазу эксклюзіўную «ў» з гушчараў табліцы сымбаляў?

Не зьдзіўлюся, калі ў іх увогуле беларуская раскладка не ўсталяваная — а навошта?

А ўяві карціну: тэксты друкуюцца на старажытнай друкарскай машынцы, а пасьля аддаюцца ў IT-аддзел для сканаваньня й распазнаваньня. Тут, што праўда, мусіць быць па-майстэрску настаўлены FineReader: не на беларускую, а на RU+EN. І потым усё ’дно давядзецца зь люпай расстаўляць «ў» ручкамі.

Тут бы самы час раскрыць зьвяздоўцам вочы на тое, што яны сабе няхіла падпілілі пазыцыі ў пашуковіках, але праўда ў тым, што сайт «Зьвязды» не дае ніякіх вынікаў увогуле, тэксты зь яго папросту не індэксуюцца.

Праўда, нельга не адзначыць, што каб захаваць кірылічна-лацінічны балянс, «Зьвязда» па-магчымасьці набірае URLы кірыліцай. Вось, напрыклад, як па-зьвяздоўску выглядае ў праглядчыку скапіяваны лінк на nеtrаdiо.bу: xn--ntrdi-6ve6a7e.xn--b-cub.

Google ня дасьць зманіць: зьвяздоўская зараза, нябачная воку, няўмольна разносіцца па абсягах белнэту бяскрыўдным копі-пастам.
Так што засьцерагайся й трымай макрасы напагатове.

1 comment:

Zmitro Lapcjonak said...

быў і ў мяне такі пэрыяд, трэба было набраць тэкст артыкула для жонкі, а кампутар быў сапраўды тупар, і не было магчымасьці палепшыць.
давялося ў вордзе задаць "Alt+и = і" ды "Alt+у = ў" і так тайпаць.

але гэта сапраўды і літаральна ў мінулым стагодзьдзі :)