30.4.08

volski.com


Лявон Вольскі. «Куплеты і прыпевы»
Вольскі гэта ўвогуле наша ўсё, радуйся ці засмучайся: і Маша Распутіна, і «Мультfильмы», і Palast Orchestra, і «Нежное Это», і «Ласковый май», залітыя неўтаймавальным таленджайзэрам.

Гэткі вінігрэт ня ў кожнага палезе, але ўжо такая нашая тутэйшая спэцыфіка — паасобку ды ў чыстым выглядзе лёгкі поп у Беларусі не разводзіцца, фанэрны лёс Donatello, Алена і нават Stefanа з незаўважаным мэґагітом пра абарваную струну гэтаму найяскравейшае сьведчаньне.

Папса ў Сьвядомарусі можа выжыць толькі калі яе выпацкаць, напаіць ды паставіць фінгал пад вока. А, і каб ні слова пра каханьне.

Вольскі прасёк фішку, дадаў перцу, і прыкінуўся, што песьні папсовыя і з разынкамі.

Калі глядзець па музыцы, Вольскі запісаў ці не найяскравейшы папсовы альбом сярод усіх паразытаў на 75 адсотках. Калі глядзець па тэкстах, то ўсё залежыць ад манэры і выканаўцы. Нацыянальны падгімн «Ты бульбаш, я бульбаш» ад Сашы Немы насамрэч хорар куды большы, калі б толькі не безгустоўная сур’ёзнасьць выкананьня.

У Вольскага з густам усё нармалёва. Нават дробны крок убок мог ператварыць стылёвы альбом у дрындушку, але Вольскі аказаўся канатаходцам бездакорным. Дакараць можна толькі за выбар маршруту й кірунку руху, толькі пры чым тут ляґістыка з ґеаґрафіяй?

Але трэба браць да ўвагі відавочнае: Вольскі чым далей, тым усё болей становіцца чалавекам і параходам, які руліць, куды хоча, бо ў акваторыях нашых пуста. Чоўнікі са струнамі ня ў лік.

1 comment:

Anonymous said...

Чоткая рэцэнзія!