23.4.08

менскія антрэсолі

Ня першы ўжо год штодня ежджу вуліцай Машыністаў дахаты. Там акурат пасьля канца Аўтадораўскай вузенькі, але добра асфальтаваны праход направа. Адразу за плотам асфальт ці то зьнікае, ці то ідзе долу, і які ўжо раз карцела заруліць туды ды падзівіцца, што там унізе. Але вось так як разгонішся пасьля «Сталічнага», дык і тармазіць ня хочацца лішне аж да Мышкі.

Што толькі не ўяўлялася мне за гэтым вузкім праходам з схілам на канцы. І сьметніца, і прыватны гарод, і злы сабака на занядбанай пустцы.

Сёньня падумаў, што прыйшоў такі час выкрыць адзін з апошніх неспазнаных менскіх закуткоў, і рашуча разьвярнуўся назад. Тое, што аказалася за вузкім, абстаўленым платамі правулкам, уразіла мяне больш за самага вялікага сабаку на самай занядбанай пустцы.

Там, унізе, аказалася прыгожая вуліца Вавілава з 2-м Малым завулкам, файныя хаткі, дагледжаныя катэджы, нават бугрысты паліцэйскі ляжаў.

Ехаў і ўсьміхаўся, як дзіцёнак, які дазнаўся, што ў антрэсолях не дамавік жыве, а закаткі стаяць.

Усяго та.

2 comments:

Anonymous said...

Нешта сёлета ў ніжняй палове Машыністаў калдобіна на калдобіне... Ехаць хутка немагчыма.

andrejczyk said...

Затое машыны там абганяеш як кеглі =).