14.4.08

в1ц3бскія бáгí

калі кладзешся ў гадзіну, а ўстаеш у пяць, сон праходзіць незаўважна.
у сэнсе, як і не было.
хаця не — эфэкт як быццам праспаны час мінусуецца ад непраспанага ўчорашняга.
інакш кажучы, устаючы з ложку, я адчуваў сябе на ўсе сто ў віцебску.
таму адгадка на пытаньне, што zууміць у маёй галаве, была ўзятая проста, дастаткова было прытармазіць кліпавую нарэзку карусельнага мільгаценьня віцебску перад вачыма, каб пабачыць, як за чарговай падваротняй зьнікае край задняй пакрышкі — (нядоўга ёй засталося, хе-хе) — гэтага самага zooма, які zoomіць у маёй галаве. у графе «час» — 5:12.

але я ня ў віцебску і я не на ровары.
слова «ровар» абудзіла ад сну пятую кропку (ня блытаць з 5-м КП), якая тут жа паслала галаве сыгнал, што памятае віцебск ня горай за яе, і што шлем ёй, дарэчы, сёньня не спатрэбіцца, бо — баста! — зьмена катэгорыі! У пошуках антытралейбусных аргумэнтаў падняў красовак. зьнізу засталася чысьцюткая віцебская лужына. аўтаматычна паправіў на руках няісныя велапальчаткі і пайшоў шукаць талёнчыкі.

увогуле, віцебскія багі сустрэлі zoomа прыхільна, і я спадзяваўся іх не падвесьці й паказаць усё як заўсёды ў найлепшым выглядзе, нам ажно запалілі летняе сонца насуперак штармавому папярэджаньню. ну але нават самым добрым багам, як нашы віцебскія, не спадабаецца, калі ім адразу палезуць у зад(зьвіньне) ды іншыя інтымныя месцы.

дзе-нідзе два чалавекі з двума роварамі стваралі ўражаньне такога натоўпу й масавасьці, што неба, здавалася, абрынецца, як і ўсё, што ўжо абрынулася навокал і прагна фоткалася ў маніякальную zoomаву калекцыю мастацкай глухамані.

пракол zoomавай пакрышкі з боку вобаду, ну то бо ў месцы, дзе пракол немагчымы ў прынцыпе, мусіў бы навесьці нас на містычныя думкі, але гэта не дапамагло. нават першы бачаны мной выбух ровара ля стратэгічнага аб'екта абудзіў горных сабак, але не спыніў настырнага госьця. так што багам не заставалася выбару:

нас папросту замачылі, з асаблівым цынізмам і лютасьцю.

калі на небе напоўніцу адкручаныя краны зь сіняй пімпачакай, віцебская сыстэма сьветлафораў на пераходах становіцца канцэнтрацыяй сусьветнай нянавісьці.

апошняй падлянкай віцебскіх багоў была правадніца з рулеткай. калі б у яе была пілка па мэтале, яна б з гатоўнасьцю абтачыла мой гібрыд да памераў BMX. каб з запасам.

калі мы звалілі, горад уздыхнуў з палёгкай і пакрыўся сьнегам.

з.ы: загружаючы ровар на трэція паліцы, зрушыў магніт. велакомп дагэтуль паказвае віцебскую статыстыку пад сотню км зь сярэдняй хуткасьцю 9,8 км/г. самая марудная, самая крывая, і самая крутая (найперш у геамэтрычным сэнсе) паездачка. трэба будзе заўтра праверыць, ці не развучыўся я езьдзіць роўна, калі 5-ы КП ня будзе супраць.

з.з.ы: ці перажывуць наіўныя віцебскія багі гэты травень, я ня ведаю.

наўздагон: удзельнікам Адрыву можна быць спакойнымі — віцебскія багі вылілі на нас з zoomам паўтарамесячныя запасы вады =).

У Віцебскай вобласці ўсю раніцу ішоў мокры снег з дажджом. Лівень не спыняўся ўжо больш за суткі. У рэгіёне выпала паўтарамесячная норма ападкаў. Парывы ветру дасягалі 19 метраў за секунду. (БТ, 14 красавіка, 12:09)

No comments: