18.5.08

бел-чырвона-белы кляп

Нашыя памяркоўныя жыхары, відаць, даўно ня браліся за вілы, а рукі сьвярбяць.

То інквізытарскі агеньчык блісьне ў прасьветленых вачах маладафрондаўцаў, то беларускамоўныя выкруцяць лямпачкі, павыцягваюць мяккія знакі й пачнуць гваздаць направа і налева нефарматных збачэнцаў па фармальных прыкметах.

А якое шчасьце, калі адкрываецца новы ўзровень з новым полем калатнечы!

Калі падкоўдраная тэматыка ўжо павытапталася, а моўная даразмаўлялася да болю ў языкавых касьцях, на радасьць інтэле-ткну-алам падкінулі новую дзялянку: літаратуразнаўчую.

Інтэлектуалы з гатоўнасьцю пахапаліся за рыдлёўкі, каб дакапацца да новых глыбіняў свайго цемрашальства.

Цэлая дыскусія, ад слова «кусь», узьвілася вакол пустапарожняй нататкі ў стылі «выйшаў певень з-за куста, відна, эта неспраста».

Западозраная нататкапісцам Аўтарка напісала крытычны артыкул пра кнігу Літаратара, якую мала хто чытаў, але ўсе перакананыя, што любы крытычны завіхрон у бок незакляймёных або да-канца-не-закляймёных шчырасьвядомым грамадзтвам раўназначны здрадзе радзіме. Ну аж горш як паэту‑змагару друкануцца ў часапісі «Табу»!

Нататцы ўжо 10 дзён, а жарсьці не сьціхаюць. Народ усур’ёз, злосна, з зпадплінтуснай лексыкай высакародна шпурляецца гаўнякамі. Аўтарка дачакалася параўнаньняў аж з Кучарам, ото ж як! Што ж такога нарабіла гэтая лэдзі ін рэд? Напісала, што кнігі такіх творцаў трэ паліць на цэнтральных плошчах? Што такім вершам прамая дарога на stihi.ru? Ды не. Расказала пра плюсы, зьвярнула ўвагу на мінусы, выразіла сваё аўтарскае стаўленьне, чытацкі погляд на прачытанае, карэктна і аргумэнтавана.

Дык з чаго скандал? Ах, сказала ня тое. Ну то бо раскрыла варажку. Ну то бо не пахваліла тых, каго прынята хваліць.

Трэба было сьпярша пазваніць аўтару, жонцы аўтара, сябрам аўтара і жонкі аўтара, спытацца ў іх, ці можна, ці так, а як правільна, а вось гэтак ці гэтак вось?

Вальтанутасьць сьвядомага гета вылазіць нейкімі звыродлівымі гнойнікамі. Людзі, якія нібыта знаходзяцца на супрацьлеглых пазыцыях да крывадушнасьці, нецярпімасьці, маны, кампанейшчыны, несвабоды, грубага калхазанства з гатоўнасьцю і нават большым імпэтам уздымаюць над сабой гэтыя самыя сьцягі, адно што крыху інакш размаляваныя. Замест каб вырашаць пытаньні сваёй кампэтэнтнасьці й прафэсійнасьці, сваёй канкурэнтаздольнасьці й проста чалавечай паўнацэннасьці.

Увесь нешанцунак Аўтаркі ў тым, што нават завочным абаронцам «абылганага» Літаратара не было і няма да ягонай творчасьці, насамрэч, ніякай справы, ня тое што цікавасьці, а яна першая, хто зацікавіўся ды ня так, як літкрытыкі‑пачаткоўцы, з слоўнічкам мілагучных эпітэтаў пад рукой, а нефармальна. А гэта ўжо замах і прэцэдэнт.

Ну й нарэшце можна ж, калі гэтак цікава, заўсёды скласьці сваё меркаваньне. Хоць нашым пісьменьнікам збольшага й абыякава, ці хто прачытае іх творы, бо хто не прачытаў — сам вінаваты, трошку ўзораў творчасьці сабжавага Літаратара ёсьць і ў сеціве. Можна паспрабаваць папаразгадваць вобразы кшталту «зіма, як азіят», «гады ляцяць на пляц», можна заняцца падлікамі, й цытаваньнямі, можна захапіцца й пабегчы ў кнігарню, але няма ў чым папракнуць Аўтарку.

Тым больш што яна, калі верыць Google’у, і так ужо стала адной з найярчэйшых старонак у творчым жыцьці Літаратара.

No comments: