4.5.08

smaliavičy

У Смалявічы вырашыў ехаць аб’язнымі шляхамі. Балазе, на мапах усе яны былі пазначаныя аптымістычным асфальтавым колерам. Рэчаіснасьць аказалася нашмат цікавейшай.

Была і бэтонка, і непраходная рыхлая ды купчастая гравійка, і трушчаны на пясок асфальт, і пясок у чыстым выглядзе і вялікай колькасьці, вылазіць зь якога давялося пешшу.

Нарэшце праз тры гадзіны прыгодаў, блуканьняў па Калодзішчах, поўзаньня па гарах у Юхнаўцы, гойсаньня між высокіх платоў заюхнавіцкага дачнага гета былі Смалявічы.

Мястэчка сустрэла возерам, вузкімі дарогамі, неасфальтаванай Цэнтральнай вуліцай і шапікамі заміж крамаў. Radzima.org абяцала архітэктурны помнік у вёсцы Забалацьце, а мапа абяцала Забалацьце адразу за Смалявічамі. Але Забалацьця там не знайшлоася, а замест яго адразу пачалася Чарнікаўшчына, пазначаная на мапе далей. Гэтак я не знайшоў ні помніка, ні вёскі, затое зьняў з гары панараму Смалявічаў з чорным зрубам у цэнтры кадра.

Другі заезд у Смалявічы ўразіў індастрыялам, які сумна цягнуўся ўздоўж чыгункі ля пабітай дарогі. На адным плоце выявіўся ўзор афіцыйнага графіці зь няўцямным сюжэтам ды надпісам «Мытищи». Станцыя Смалявічы стаіць на заходнім канцы мястэчка, а цэнтар і спальныя раёны — на ўсходнім. Пешшу да вакзалу давядзецца дабірацца ці ня столькі сама, як пасьля ад Смалявічаў да Менску.

За пераездам між хат у адзіноце тырчыць пустая аўтастанцыя зь вялізнай клюмбай насупраць уваходу і пільнай касіркай. За чвэрць гадзіны фотасэсіі і размоў з касіркай на тэрыторыі быў заўважаны 1 чалавек. Жыцьцё бруіць, падумаў я, і паехаў шукаць людзей.

Хутка на гары Савецкай вуліцы адкрылася маім вачам урбаністыка Смалявічаў з усімі дзяржорганамі ў межах аднаго кварталу і беларускамоўным дзядзечкам, які кінуўся мне напярэймы і стаў пытацца, ці сам я змайстраваў гэную штуковіну, каб бутэлькі на раму чапляць. Калі я прызнаўся, што штуковіна куплёная, дзядзька з надзеяй спытаў, ці ж я хоць сам хаця дзірачкі пад яе прасьвідраваў. Калі ж і дзірачкі аказаліся нерукатворныя, дзедзечка згубіў цікавасьць, пазычыў здароўя і пайшоў далей.

Але Смалявічы сталіся адразу неяк раднейшымі. Лысагаловы дзяцюк аддаў «прывет спарцмэнам» і падняў кулак угору.

Міліцыянты парамі і па трое нават не касіліся на дзівака ў шлеме з фоцікам, нават на галоўнай плошчы зь Ленінам і гарадміністрацыяй. Сноўдалі дзеці і мамы з каляскамі, аж мітусілася ўваччу.

Смалявіцкі спальнік з шматпавярховікамі вылецеў з памяці адразу, як застаўся за сьпіной. Агромністая цагляная царква ледзь залезла ў кадар, а ў дзьвюх кварталах ад яе знайшлася, як супрацьлегласьць, царква ў драўляных хатах.

Ля адзінага пабачанага неправаслаўнага храму было багата будаўнічага сьмецьця, затое вісела гірлянда каляровых сьцяжкоў, як насупраць гарвыканкаму.

З паўночнай ускраіны — дамы ля ракі й разрэклямаваныя прадукты долевага будаўніцтва параўнальна недарагога жытла для параўнальна заможных менчукоў. У агітках шмат пісалася пра экалёгію ды краявіды, ну але могілкі таксама побач. Усе машыны, якія выяжджалі з двароў, сапраўды, адразу сунуліся на Менск.

Туды ж пакіраваў і я. Сфоткаў на разьвітаньне ўязны знак, і завязаў на заплечнік салатавую камізэльку, паглядзеў на шчыльны трафік і вузкія ўзбоччы, і тут — як падарунак лёсу, з-за горкі выпаўз трактар з задранымі ззаду прычындаламі для сельгаспрацаў. Я дачакаўся яго й прыстроіўся ззаду. Гэтак і ехаў 30 км/г па загружанай дарозе, і транспарт абганяў мяне па сустрэчнай.

На Кургане Славы зрабіў колькі апошніх грозных кадраў і паехаў далей з упэўненасьцю, што шырокая ўзбочына спакойна давязе мяне аж да самага Ўручча. Але аж да самага Ўручча ўвесь шалёны рух ішоў па адной паласе дарогі, а на другой увесь час нехта нешта калупаўся, і так давялося ехаць плячо ў плячо з фурамі ды аўтобусамі, губляючы ў шызым дыме рэшткі асалоды ад вандроўкі.

Такім чынам, альтэрнатыўны шлях да Смалявічаў заняў дзьве гадзіны часу, а дарога па асфальце міма Кургана Славы — паўтары гадзіны. Адлік ад Уручча.

No comments: