20.5.08

Трыбядулі пад каток

Апошнімі днямі выраз «збылася мара ідыётаў» ў мяне шчыльна павязаны з ваколіцамі плошчы Зьмітрака Бядулі.

Паводле чутак, якімі гудзяць прыбядулінскія двары, за ваколіцы тыя ўзяліся грунтоўна. Ходнікі пойдуць пад экскаватары, дрэвы пойдуць пад пілы, а ўсё каб машынам была яшчэ адна паласа для стаяньня ў заторах.

Гэта яшчэ ня алес. Берасьцянская вулка дажывае апошнія дні спакою й цішыні, хутка на ёй разрыюць газон і ўвальюць транспартныя патокі на вуліцу Чапаева, а там далей да новага паркінґу, нібыта нават падземнага, падбядулінскага.

Вакол вузкіх вулак у ваколіцах вайсковых могілак чуткі віруюць ну проста неверагодныя. Нібыта нейк машыны будуць плішчыць і туды. Старыя гожыя дамкі па Чырвоназорнай вуліцы пакуюць манаткі і рыхтуюцца да капітуляцыі перад мурашыным аўтавойскам ці яшчэ якім горадабудаўнічым сьвербам.

Бабкі нават ня сьмехам кажуць, што пешаходам нічога не застанецца, як хадзіць па дварах. Па іхніх ціхіх цэнтральных дварах. Кінуліся жыхары ў жэсы, а там ім рукамі разьвялі й сказалі, што ўсё ўжо папазацьвярджана, і трэба было раней чухацца.

Дык вось, пры чым тут мара. Некалькі гадоў таму Камсамолка пісала пра футурыстычны праект вырашэньня транспартных праблем на вуліцы Сурганава: каб пашырыць дарогу ажно па самыя гаўбцы, а пешаходаў пусьціць шпацыраваць па першых паверхах. Ну па Акадэмкнезе то бо. Нешта тады ня склейвалася ў нашых эміратах. Ну але цяпер во нібыта зоркі ды паўмесяцы склаліся ў спрыяльны гараскоп. Мара спраўдзілася.

На гэтым тле гісторыя з дадатковай паласой на скрыжаваньні Казлова з Скарынаўскім праспэктам ды загадкавым «выпрастоўваньнем» рэек выглядае проста бязьвіннай пстрычкай.

Першабытны чалавек і той у адзін дзень даўмеўся начапіць камень на палку. А нашыя «гаспадары» з радасьцю зацята варочаюць усё большыя і большыя валуны. Сіла ёсьць.

Што тут дадаць? Хіба што Избранные места из переписки с журналистами

No comments: