5.11.05

апалён і эпіляцыя

Цёплы вечар. Ціхая вулка. Польскае пасольства. Дом літаратара. Наперадзе - парк Горкага. А там, за ім - роварня, дзе я куплю сабе зімовыя пакрышкі, пастаўлю іх на ровар, рвану заўтра, у суботу, у лес-балота сьвяткаваць сьвята цёплага лістападу. Аж прымружваюцца вочы ад такога хараства наўкольля і плянаў… Удыхаеш на поўныя грудзі паветра, прапускаеш адзінокую машыну на Фрунзэ, і ступаеш, асьлеплены агнямі блізкага праспэкту, на цёмны асфальт…

…Ужо на тым баку, са сьцятымі зубамі і выкручанай ступнёй разьбіраеш скрозь цемнач і бліскаўкі болю, што на дарозе вырас адмысловы бугор, які ля бардзюру йдзе долу і ўтварае дасканалую ногадрабілку для рамантыкаў. Нага імкліва траціць звыклыя прапорцыі і ўпарта адмаўляецца супрацоўнічаць. Званю анёлам. Анёлы травяць анэкдоты, вязуць у свой курасоўшчынскі вырай, мацаюць, малююць крыжыкі, фоткаюць, браніруюць гіпсам аж да калена і вывозяць мяне, апалёна з эпіляцыяй, на каталцы аж да самых дзьвярэй таксоўкі.

з.ы: Увесь сёньняшні ранак абдумваю фразу: "У аўторак схадзіце ў сваю паліклініку да траўматоляга па бальнічны" - і распрацоўваю маршруты па хаце на кампутарным крэсьле.
Суцэльны суботні крэатыўўў.

No comments: