Гэтыя запісы грунтуюцца
- на разуменні таго, што велаінфраструктура ня можна з'явіцца зніадкуль і адразу
- на відавочным факце, што веласіпед у якасці сродку транспарту і стылю жыцця выбіраюць кожны год усё болей гараджан, у прыватнасці, мінчукоў
- на відавочным факце, што прававая няпэўнасць веласіпедыстаў, іх “падвешанасць” між тратуарам і праезнай часткай не спрыяе бяспецы дарожнага руху ў цэлым, здароўю і жыццю пешаходаў і веласіпедыстаў у прыватнасці
- на перакананні ў тым, што сітуацыя ігнаравання веласіпедыстаў не можа цягнуцца доўга і, галоўнае, не можа мець ніякага станоўчага выніку
- на досведзе суседніх краін, Польшчы і Літвы, якія таксама нядаўна пачалі развіваць велаінфраструктуру і праходзілі праз пэўныя этапы ў гэтым паступовым развіцці.
Часавыя рамкі, якія падразумеваюцца пад прыведзенымі ніжэй этапамі, калі раўняцца на досвед суседніх краін, пры зацікаўленым падыходзе не павінны быць большымі за 10 гадоў.
Заклікаю зацікаўленых да канструктыўнага камэнтавання, заўваг і прапаноў.
Задача максімум — афармленне тэксту ў дакумент да разгляду афіцыйнымі ўладамі адпаведнага ўзроўню.
А. Размежаванне зон руху па тратуарах пры адсутнасці побач веладарожкі.
існы стан
Веласіпедысты фактычна пазбаўленыя спецыяльных зон для руху — веладарожак, і паводле ПДР абавязаныя рухацца ў гарадскіх умовах пераважна па тратуары.
З улікам таго, што
- рознасць у хуткасці між пешаходам і веласіпедыстам складае 4-10 парадкаў,
- пешаход не мае магчымасці своечасова заўважыць веласіпедыста, які набліжаецца ззаду, і адэкватна зрэагаваць на сітуацыю і разам з тым
- пешаход можа знаходзіцца ў любым месцы па шырыні тратуара,
- пешаход не чакае небяспекі ззаду,
- пешаход мае непрадказальную траекторыю і можа небяспечна хутка яе змяніць, асабліва дзеці і пешаходы з хатнімі жывёламі на павадку,
- на прыпынках грамадскага транспарту пешаходы займаюць усю шырыню тратуара, што робіць немагчымым бяспечны рух па ім,
паўстае пільная неабходнасць размежавання тратуару на зоны для руху веласіпедыстаў (веладарожкі) і пешаходаў.
Шляхі рэалізацыі.
1 этап.
1.1. Стварэнне веладарожак у межах прыпыначнага пункту. Звычайна веладарожка афармляецца разметкай, наземнай выявай веласіпеда, праходзіць за павільёнам чакання, або за лаўкай для пасажыраў, або за зонай чакання такім чынам, каб у пешаходаў не ўзнікала неабходнасці перасякаць веладарожку для пасадкі ці высадкі з грамадскага транспарту. На веладарожку не павінны выходзіць вітрыны гандлёвых павільёнаў на прыпынку, а канструкцыя пабудоў на прыпынку павінна выключаць раптоўны выхад на веладарожку. У шэрагу выпадкаў можа спатрэбіцца перамяшчэнне павільёнаў ад правага краю тратуару або іншыя канструкцыйныя змены.
2 этап.
2.1. Прыняццё стандартаў па пабудове пакрыцця тратуараў, якія б забяспечвалі роўны, без выбоін, няроўнасцяў, трывалы стан пакрыцця, ліквідацыя правалаў, каналізацыйных люкаў, якія ўсталяваныя ніжэй або вышэй за ўзровень дарогі, няроўнасцяў, утвораных водаправоднымі трубамі, бардзюрамі або іншымі, у тым ліку дэкаратыўнымі, няроўнасцямі.
2.2. Размежаванне тратуараў у цэнтральнай частцы гораду/гарадоў уздоўж асноўных транспартных кірункаў, забеспячэнне інфармавання пра прыналежнасць зон наземным знакам веласіпеду, дарожным знакам “рух веласіпедыстаў”. Пры немагчымасці размежавання з-за недастатковай шырыні тратуараў —
2.3. распрацоўка і рэалізацыя схем адасобленага руху пешаходаў/веласіпедыстаў па розных тратуарах з правага/левага боку. Пры немагчымасці —
2.4. афармленне дарожнай разметкай паласы для руху веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі.
2.4. Абсталяванне перасячэнняў спалучаных з веладарожкай тратуараў з дарогай адасобленымі палосамі для руху веласіпедыстаў і пешаходаў, пры неабходнасці — веласвятлафорамі і/ці дадатковай секцыяй аўтамабільнага святлафора, якая папярэджвае пра рух веласіпедыстаў. Прымяненне да такіх перасячэнняў пункту правіла пра перасячэнне праезнай часткі па веладарожцы, якое дазваляе рух веласіпедыстаў без спешвання.
3 этап.
3.1. Прымяненне пунктаў 2.2., 2.3. да ўсіх тратуараў.
3.2. Уключэнне ў якасці абавязковага стандарту пры пабудове і рамонце тратуараў афармленне веласіпеднай дарожкі пліткай або іншым пакрыццём чырвонага колеру з белымі палосамі па баках, рэзерваванне чырвонага колеру пліткі для абазначэння веладарожак і выключэння яе з дэкаратыўнага афармлення тратуараў у адпаведнасці з стандартамі еўрапейскіх краін.
3.3 Унясенне ў Правілы дарожнага руху змянення ў частцы забароны руху пешаходаў і груп дзяцей па веладарожках пры наяўнасці побач або на іншым баку дарогі пешаходнай дарожкі/ пешаходнай зоне на тратуары.
B. Стварэнне безбар’ернага асяроддзя.
1 этап.
1.1. Прыняццё стандарту пра пабудову і рамонт бардзюраў у месцах спалучэння з праезнай часткай дарогі такім чынам, каб іх узвышэнне над узроўнем дарогі не перавышала 2-5 см.
Для інфармавання людзей з аслабленым зрокам пра межы праезнай часткі тратуары перад бардзюрамі выкладаюцца пліткай з няроўнай паверхняй, напрыклад, у выглядзе шэрагу паўсфер альбо “пузыркоў”.
2 этап.
2.1. Пабудова і рэканструкцыя месцаў перасячэння з праезнай часткай і іншых струкрурна аформленых перасячэнняў згодна з пунктам B1.
2.2 Улік пункту B1 пры планаванні зон адпачынку.
2.3. Распрацоўка схем руху веласіпедыстаў у зонах з падземнымі пешаходнымі пераходамі. Пры адсутнасці побач з падземным пешаходным пераходам месцаў, дзе магчыма арганізацыя перасячэння праезнай часткі з веладарожкай, вывад веладарожкі на праезную частку або распрацоўка альтэрнатыўнага маршруту веладарожкі, які б забяспечваў бяспечны і безбар’ерны рух.
C. Стварэнне сеткі веладарожак
1. этап.
1.1. Прапрацоўка і зацвярджэнне маршрутаў веладарожак у выглядзе структурна адасобленай часткі дарогі для руху веласіпедыстаў. Унясенне адпаведных змен у планы развіцця горада.
1.2. Мараторый на забарону руху веласіпедыстаў па дарогах пры адсутнасці побач веладарожак ці зон для руху веласіпедыстаў.
2. этап.
2.1 Прыняцце ў якасці абавязковага стандарту наяўнасць веладарожак у раёнах новабудоўляў, а таксама здачы новых вуліц і дарог.
2.2. Пабудова веладарожак у новых раёнах
2.3. Пабудова веладарожак пры планавай рэканструкцыі вуліц, дарог, зон адпачынку.
3 этап.
3.1. Пабудова веладарожак па ўсім горадзе ў месцах, дзе іх наяўнасць неабходная.
3.2. Пабудова веладарожак уздоўж дарог у 20-кіламетровай зоне ад гарадоў
3.3. Пабудова веладарожак да зон адпачынку, турыстычных аб’ектаў
3.4. Стварэнне сеткі веластаянак, велапарковак, веласховішчаў ля аб’ектаў гандлю, сэрвісу, адпачынку, адміністрацыйных будынкаў, навучальных устаноў, прадпрыемстваў і да т.п.
3.5. Прадугледжанне месцаў для паркоўкі веласіпедаў на аўтамабільных стаянках, у тым ліку платных і ахоўваемых, у тым ліку на першым паверсе паркінгаў, уключэнне паслугі паркавання веласіпедаў у прэйскурант, стварэнне умоў для магчымасці бяспечнай паркоўкі на пазначаных аб’ектах.
Іншае: зімовы рух, велатурызм, перавозка веласіпедаў
1. Зняццё забароны на рух у зімовых умовах па веладарожках/зонах для руху веласіпедыстаў на тратуарах для веласіпедаў, абсталяваных шыпаванымі велапакрышкамі.
2. Развіццё на базе наяўных спартыўных арганізацыі і пунктаў пракату паслуг пракату веласіпедаў розных тыпаў і аснашчэння.
3. Стварэнне належных умоў для перавозкі веласіпедаў прыгарадным і міжгароднім транспартам (месцы для веласіпедаў у дызель-цягніках і электрычках).
4. Развіццё гарадскога, прыгараднага, айчыннага, міжнароднага, у тым ліку ўязнога, велатурызму, уключэнне опцыі арэнды веласіпедаў адпаведнай аснашчанасці для турбаз у краіне.
5. Правядзенне велаэкскурсій па горадзе.
6. Шырокае абмеркаванне змен і дапаўненняў у Правілы дарожнага руху для веласіпедыстаў з улікам еўрапейскага і сусветнага досведу.
У перспектыве —
7. абсталяванне цягнікоў велавагонамі, аўтобусаў — прыстасаваннямі для перавозкі веласіпедаў усярэдзіне ці звонку.
8. Стварэнне камер захоўвання для веласіпедаў на вакзалах і станцыях.
copyleft
No comments:
Post a Comment