казаў і паўтаруся: гэта было ідэальна, проста perfect
як ніколі складана, і як ніколі кайфова, калі тупіш на старце, калі боўтаешся, блытаешся ў завулку Кабушкіна і ловіш кайф ад гэтых лябірынтаў, ловіш кайф ад наведаньня файных мясьцінаў, у якія б ты сам ніколі не заехаў, ловіш кайф, што ня проста так тут апынуўся, што трошку папацеў, што ледзь сьпярша ня кінуў усё ды не паехаў дахаты, але зацятасьць узяла сваё, і ўзнагарода — п'янкі́ далікатэс з разнастайных уражаньняў.
І яшчэ. Я выдатна разумею тых, хто кажа: складана, лажа! Я сам адразу на старце, дый яшчэ хвілін 20 ціха мацюкаўся "ды ну нафіг!”, блін, я гадзіну стаяў, хоць зьбіраўся катацца, гойсаць, лётаць, укручваць, я гадзіну стаяў і тупіў, і нямала тупіў толькі з-за таго, што ў галаве тырчэла толькі адна думка "ды ну нафіг, лажа!", і яна, як любая крыўда і расчараваньне паралізоўвала ўвесь мозг. Хоць насамрэч самыя страшныя заданьні былі і самымі лёгкімі. Узяць хаця б машыну ў пераходзе. Дастаткова было ўявіць замест машыны ровар, як адразу згадалася, зь якіх пераходаў сам выкатваўся на колах вонкі: на Надзеждзінскай ды на Трактарабудаўнікоў. Але на Надзеждзінскай няма мэтра. І ўсяго дзялоў.
А пасьля, калі сыходзіць ступар крыўды і тупізму, рэбусы набываюць сваю сапраўдную, нескладаную і гульлівую сутнасьць. Як у часопісе Бярозка. Ну, колькі ў менску чыгунак, колькі прыватнага сэктару, каб і каля іх, і за кальцавой, і каб 4 вуліцы? А колькі ў Менску “імянных” паркаў? Ну і Сустрэчная — простае ў геніяльным. :)
Гэта быў першы Адрыў, дзе я атрымаў велізарную порцыю асалоды, ня зрушыўшыся зь месца. І пасьля, калі бачыш, як пралетары ў чортавым тупіку размалёўваюць сьцены ветразёўнікамі ды пальмамі, як салдаты кідаюць мётлы і пачынаюць дапамагаць шукаць дамы, як бабкі зацікаўлена паварочваюцца на лаўках сьледам за стракатай чарадой адрываўцаў, як паддатыя пралетары адкладаюць даміно ды пачынаюць абмяркоўваць, дзе на іхняй вуліцы “пячатны орган”, як на сьмярдзючым камбінаце пішуць частушкі на транспаратнтах, становіцца ўсьцешна шчэ і ад таго, што наша гульня дорыць новыя эмоцыі староньнім людзям, а староньнія людзі, народныя мастакі ды паэты, архітэктары ды простыя месьцічы, проста сваім жыцьцём, проста сваім сьціплым сьледам у мікрараённай гісторыі, — дораць новыя эмоцыі нам, ды не — ня столькі і ня толькі! Кожны Адрыў — і гэта проста цуд — кожная новая гульня дорыць мне новы Менск, новы горад не з бэтонна-асфальтным аднастайным тварам, а горад з сваімі сакрэтамі і таямніцамі, неспадзяванкамі і адкрыцьцямі, з сваім непаўторным, і аднойчы зьведаным — ужо незабывальным абліччам.
І з кожнай гульнёй, з кожнай новай вуліцай, тупіком, сьцежкай і бездаражжу сеціва, павуціньне Менску гусьцее, прыцягвае, трымае мацней. І гэтыя павуцінінкі становяцца часткай цябе, тваіх успамінаў, радасных эмоцый, яны набываюць асацыяцыі, горад уваходзіць зь імі ў тваю памяць, у тваю сьвядомасьць, робіць цябе Менчуком.
І паглядзі, у гэтым уся соль: беражэш тое, што ёсьць для цябе дарагім, што ёсьць часткай цябе. А тое, што любіш, будзеш рады ўрабляць, упрыгожваць, будаваць новае, пільнаваць старое, бо ж ёсьць дзе ў тваім горадзе будаваць не руйнуючы, багата файных куткоў.
Але калі Менск значыць дарогу ад дзяржкватэры да дзяржпасады і яго павуціна нагадвае ўсяго кар’ерную мішэнь, калі аблічча гораду падаецца адно пустой мазаікай, нягегла закратаванай дзіркай, слаёным пірагом з самымі ласымі кавалкамі ўсяродку, зь бела-крэмавай апэтытнай фігуркай над блакітнай сіропнай стужкай, якую хочацца прагна ўляпіць за абедзьве шчакі, як навагодняга чакаляднага дзеда мароза, тады гэта не прыхільнасьць, ня клопат ды любоў, а апэтыт. Апэтыт да Менску.
Бессаромнымі лыжкамі экскаватараў лангальеры корпаюцца ў тваім культурным слоі.
3.4.07
ОТрыв (бел. — адкапаўшы)
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment