1.3.06

акупацыя

у гэтым горадзе ўсе людзі ўзятыя ў закладнікі.
у гэтым горадзе вялікае беспрацоўе і над кожным вісіць страх застацца без капейчыны.
у гэтым горадзе агенты матрыцы не лянуюцца гойсаць па прадпрыемствах і капаць справы кожнага, хто быў заўважаны ў неляяльнасьці да сыстэмы.
у гэтым горадзе начальства не саромеецца звальняць за погляды інвалідаў і адзінокіх матак.
у гэтым горадзе начальнікі і падначальнікі ўвадкрытую крычаць на сходах, што даведаюцца, як прагаласаваў кожны з работнікаў, і няхай толькі хто паспрабуе не зрабіць гэтага датэрмінова, а ідэолягі прыхавалі ў шуфлядах справаздачы пра вынікі галасаваньня ў кожным аддзеле.
у гэтым горадзе любая супярэчнасьць вырашаецца адным падыходам - ах ня нравіцца - то йдзі сабак ганяй.
бясьсільле, страх і апатыя прасякнула людзей гэтага гораду.
яны баяцца гаварыць нешта нават на кухнях, моўчкі гледзячы ў сваю кашу бяз скваркі.
яны баяцца падысьці да тэлефону, а калі раптам знойдуць у сваёй скрыні іншадумную ўлётку, напружана думаюць, як бы ад яе бясьсьледна пазбыцца - спаліць? размачыць? зьесьці? падкінуць суседу? пазваніць у міліцыю?
як у любым канцлягеры, увесь іх патэнцыялі і жыцьцёвая сіла ідзе на тое, каб выжыць.
а лепей - стацца празрыстым і незаўважным.
іх усеагульная падтрымка, іх стройныя подпісы, іх паказная згода прасякнутыя цяжкай і ліпкай нянавісьцю прыгнечаных.
віры ракі гэтага гораду помняць вынікі гэтай нянавісьці...

No comments: