22.3.06


За лесам сонца дагарае
Ў барвовым вогнішчы... Згарэла...
Пах трыццаць сёмага над краем –
Пах стрэлаў.

Ноч апускаецца павольна –
Прыдумак у начы багата.
Цень трыццаць сёмага над воляй –
Цень кратаў.

А ў кожным з нас – аднагалоса! –
Яшчэ дзядоўскі! – страх скуголіць.
Крык трыццаць сёмага над лёсам –
Крык болю.

А заўтра... Заўтра сонца ўстане,
Начныя крыкі, пахі, цені
Сваім даверлівым дыханьнем
Адменіць...

А заўтра... Кожны з нас прачнуўся,
І ўжо няма нікому справы:
Сон з трыццаць сёмага вярнуўся
Ці ява…

***
Прасілі не відовішчаў, ня хлеба,
Прасілі праўды, хоць былі галоднымі...
На колькі сноў назад вярнуцца трэба,
Каб зноў прачнуцца вольнымі ды годнымі?

Апранутыя ў аксаміт і зрэб'е,
Свой лёс па сьвеце раськідалі сьцежкамі.
На колькі слёз назад вярнуцца трэба,
Каб сустракалі нас ізноў усьмешкамі?

Прасілі праўды, бралі ў рукі стрэльбы,
Зямля крывёю нашай шчодра зьлітая
На колькі зла назад вярнуцца трэба,
Каб у чужынцаў не выпрошваць літасьці?

О Бацькаўшчына!.. Ўжо ня ўспомніць неба,
Што мы былі Багамі і аратымі...
На колькі год назад вярнуцца трэба,
Каб быць перад табой невінаватымі?


Аўтарка - Ірына Дарафейчук, асуджаная сёньня на 7 сутак арышту. За тое, што нібыта "брудна лаялася і махала рукамі". Болей вершаў "экстрэмісткі" - тут.

Таксама брудна лаяўся і махаў рукамі (у кожнай па торбе прадуктаў) галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Дынько. Ёсьць вэрсія, што дзяржаўныя бандыты палічылі за лаянку беларускую мову. Асуджаны на 10 сутак.

Лепшыя людзі сядзяць у турмах.

Становіцца няёмка быць на волі.

No comments: