| Гарадзкая мяжа, перад якой — паварот на мясакамбінат. Калі не пашанцуе зь ветрам, пах у мікрараёне Тарным, што зьлева ад дарогі, стаіць яшчэ той. Маладыя чаргавікі адмаўляліся ад кватэр у навабудоўлях Тарнага, маўляў, ад цэнтру далёка й да мясакамбінату блізка. Цяпер кусаюць локці. Выбары далёка. Газ дарагі. Чарга стала. |
|
| | Кожнага разу па дарозе зь Менску вечаровы Віцебск паварочваецца да мяне сваім самым маляўнічым бокам. З гэтага ўзвышша далёкі горад сьвеціцца незьлічонымі прыцягальнымі агеньчыкамі. Але ні разу не даводзілася, хоць заўсёды хацелася, пабыць тут не пасажырам. Дзённы Віцебск як на далоні адсюль я бачыў упершыню. Пекната. |
|
| | А гэта калі памяняцца зь Віцебскам месцамі :). Від на ўзвышша, зь якога зробленыя папярэднія здымкі. Файныя мясьціны, як ні круці. Фоткі зь першага падарожжа. |
|
| | Вырашыў гэтым разам завітаць у Астроўна. Да маёй вёскі ёсьць карацейшая дарога, але гэта горная й камяністая гравейка. Дый катаўся я ўжо па ёй, што каштавала мне парванага тросіка, а вось у Астроўне ніколі ня быў, хоць заўсёды любаваўся прыдарожнымі краявідамі з акна аўтобуса. |
|
| Старыя пакінутыя дамы на ўезьдзе абяцалі сустрэчу з звыклым правінцыйным занядбаньнем і беспрасьвецьцем |
|
| | | Але адразу за імі Астроўна сустрэла парадным выглядам. На падворках віравала жыцьцё, гулялі дзеці, лёталі раварысты. А якія краявіды! І ўжо праз колькі хвілін сама сабой загучала на вуснах невядома калі чутая песенька «Астроўна, Астроўна, імя маёй любві». Аўтар не зманіў і не перабольшыў :). |
|
| | | | | І ашаламляльнае адкрыцьцё! Велічны храм XVI ст. на беразе возера, пра які я раней ня чуў анігадкі. Цяжкі лёс не адступіўся ад яго і дасёньня. Храм у лядашчым стане. Побач расьсякаюць МАЗы, ля сьцен валяецца цэгла. Цікавы артыкул пра храм у загадачнай газэце «Секретные исследования» (дзякуй за спасылку у) |
|
| | | | | |
|
| За Астроўнам пачынаецца пустая разварочаная бэтонка з рэшткамі асфальтавай пасыпкі. Дзе-нідзе стыкі ў далонь шырынёй. Набываю досьвед язды праз статак кароў, які нясьпешліва вяртаецца ў Жаркі. А ў Плісах спыняюся падзівіцца на сымбаль былой савецкай велічы — двухпавярховую занядбаную спаруду. Усярдзіне, за пустымі шыбамі, у цяньку паліць мужык. |
|
| | | | У Застарыньні бэтонка павярнула на рыхлую гравейку, якая нясьпешліва прывяла ў Панкратава. Панкратава — гэта памежны пункт краіны майго дзяцінства. І хоць малым я тут ня быў, але ведаў, што тут жылі сваякі, якія прыяжджалі да нас у Берашова. У Панкратава некалі ішла простая лясная дарога з маёй вёскі, якая зарасла яшчэ калі я быў малы. Панкратава значыла для мяне «вельмі далёка», калі дрэвы былі вялікімі. |
|
| | | За Панкратавам, бліжэй да Жавураў, проста ля дарогі, у ценю вялікіх дрэваў стаіць народны мэмарыял разбуранай царкве. Драўляны крыж з шыльдачкай ад рукі, лаўка, прытуленая да просьценькай агароджы, дзе прымятая, дзе зжатая сярпом трава, выгаралы на сонцы абраз Марыі зь дзіцем у саматужным іканастасе пад чыстым небам. Навагоднія бліскаўкі, старыя падсьвечнікі, рушнікі калываюцца ветрам. Калі апускаюцца рукі ад быдляцтва і бяспамяцтва навокал, я згадваю гэты саматужны, кранальны, народны мэмарыял, і надзея вяртаецца. |
|
| | |
|
| А вось і Жавуры, мяжа маіх роварных вылазак. Яны, здаецца, зусім не зьмяніліся. Далей я магу ехаць хоць з заплюшчанымі вачыма. |
|
| У лепшыя часы мая вёска была зьвязаная дарогамі, сябрамі й сваякамі з усім вакольлем. Але ўлады, якія, вядома, разумнейшыя, абвялі яе мяжой Сеньненскага і Бешанковіцкага раёнаў. А мяжа раёнаў — гэта ў Беларусі не абы-якая мяжа. Перад ёй заканчваюцца праезныя дарогі, празь межы раёнаў ня ходзяць аўтобусы, і каб трапіць з таго ж Берашова ў тыя ж Жавуры, між якімі з паўтара кілямэтра, на легкавіку, трэба нарэзаць круг кілямэтраў у 40-70, залежна ад сэзону. Альбо ўброд. |
|
| | «Міжраённая» грунтоўка. Калі я быў малы, па ёй мы зь дзядзькам езьдзілі выцягваць з ручаіны (фотка зьверху) розныя заглохлыя жыгулі, а раз нават трактар, хоць раён быў ня нашага трактара і дзядзьку магло ўляцець. |
|
| | Вось і вёска на ўзгорку. Родныя мясьціны. Сэрца тахкае шпарчэй. Здаля паблісквае кар'ер. Калісьці было супэрскае месца, цяпер трактары разраўнялі яго й спраставалі, ператварылі ў звычайную лужыну, каб было латвей лавіць несанкцыянаваных рыбакоў. Эх, колькі карасёў, колькі крапівы, колькі прыгодаў было на тым кар'еры. Не паехаў туды, каб не псаваць настрой. Дый дарога зарасла дарэшты. |
|
| Заехаў на могілкі. Усе старыя людзі, якіх я памятаў, ужо выправіліся туды. Трава ў чалавечы рост. І амаль усе надмагільлі з тваім прозьвшчам. Трошку вусьцішна. Гэтая вясковая вуліца, чамусьці, звалася, пасёлак. Там колісь была школа, знаёмыя людзі. Па ёй хадзілі ў лес па грыбы. Цяпер туды ехаць няма сэнсу. |
|
| | Даехаў да цэнтру вёскі й ледзь не зваліўся з ровара. Вялізную фэрму, два кароўнікі й вазоўню як карова зьлізала. Анігадкі. Толькі пустазельле буяе. Засталася толькі дзіравая пуня й воданапорная вежа з бусьлянкай. |
|
| | | Дарога ад вёскі да возера (ці далей уброд на Засьценкі) некалі была разьежджаная й расходжаная. Цяпер яна ледзь вытыркаецца з-пад травы. А на возера наежджыя месьцічы выезьдзілі іншую дарогу, за вёскай, праз колішні выган, на якім і я адбываў абрыдлую радоўку. З трох тузінаў кароў не засталося ніводнай. Час хутчэйшы й бязьлітасьнейшы, чым здавалася ў дзяцінстве. |
|
| | | | Узбоч старой дарогі на возера, ля колішняй «задняй» вясковай дарогі, ад якой не засталося ні знаку — старыя могілкі з каменнымі надмагільлямі, дзе-нідзе ў выглядзе ўрослых у зямлю крыжоў, дзе-нідзе з надпісамі, якія немагчыма разабраць. Нават старажылы ня ведалі, хто тут і калі быў пахаваны. Але тут дасюль буяе бясьсьмертнік. Дачнікі бяруць з-пад узвышша пясок на свае патрэбы. Далей па дарозе стаіць курган, зь якога пазалетась нейкі атопак скраў ахоўную шыльду. Цяпер курган схаваны пад вішшу, як і падмуркі панскай сядзібы, як і конскія могілкі, куды нам, малым, забаранялася хадзіць. |
|
| Саро. Калі бабуля ўжо не магла хадзіць, яна дакульгоўвала зь кіёчкам да хлеву, сядала і глядзела «на зяро». «Азяро» было часткай жыцьця, часткай незваротнага. Азяро было магнітам і сэнсам, пупавінай берашоўцаў. Азяро жыло ў расповядах пра русалак і «сароўскага зьмея». Азяро было мясцовым боствам. Па вечарах берашоўцы прыходзілі на азяро скупацца, а на беразе не зарастала купальскае вогнішча. Да азяра ставіліся паважліва і прымхліва. Мне малому было незразумела, чаму пасьля 2 жніўня, пасьля нейкага там Ільлі ўсе кідалі купацца, хай сабе вада была яшчэ цёплая. Ну Ільля, ну кінуў гнільля, і што? Цяпер дарога на возера зарасла. Мала хто з асталых берашоўцаў можа дайсьці да возера сам. А гарадзкія — што ім Ільля, што ім струхлелыя забабоны… Шансон, намёты, мыцьцё машын, вуды-донкі проста на пляжы. Памачыў ногі ў чысьцюткай і сьцюдзёнай ледавіковай вадзе й выправіўся ў дарогу. Праз Навасёлкі (моладзь зь якіх 50 гадоў таму з кіямі хадзіла на берашоўскіх дзеля забавы) у Ходцы, аграгарадок цяпер. |
|
| | | | | |
|
| | 6 км да Ходцаў. Пехам 50 хвілін кожныя выходныя — да аўтобуса. Ходцаўскае возера з гары пасьля Навасёлак. Значыць, хутка канец дарогі й іншая забаўка — штурм жоўтага Ікаруса. Горка, якая колісь здавалася неверагодна крутой. Цяпер нават сьмешна. Адзіныя пабудовы з дарэвалюцыйных часоў — мураваныя кароўнікі, якія стаяць, як новыя, да сёньня. Пра гэтую гістарычную ходцаўскую адметнасьць я даведаўся толькі ў Менску. Вядома, гэта ня самае прыгожае месца ў Ходцах. Проста пасярод вёскі злучаюцца два возеры, ад якіх дарогі караскаюцца ўгору. Таму мабільная сувязь дабралася да Ходцаў зусім нядаўна, і то дзякуючы аграгарадоцкаму статусу. Diallog адчайна чапляецца за Бешанковічы. Калісьці ў Ходцах кожнае лета будавалі зь бярвеньняў двухпавярховую вышку для нырцаваньня. Найлепшы дзіцячы ходцаўскі ўспамін. Ёсьць і найгоршы. Калі я выправіўся ў падарожжа вакол Сара на ровары й недзе пасьля Халма прабіў кола. Да Ходцаў дабраўся каля 11 ночы. Праз паўгадзіны дзядзька з дубцом сустрэў мяне ля Навасёлак. Здавалася б, уся ахвота да роварных авантур мусіла б адбіцца… :) |
|
| |
|
| Дарога з Ходцаў да Віцебску. Дарога, якую даводзілася праяжджаць ці не на ўсіх савецкіх аўтамабілях, але часьцей — павіслым на поручні, заціснутым землякамі, якія пахлі потам, зямлёй і рыбай. Я праехаў яе акурат па графіку прыгараднага аўтобуса. 37 км за гадзіну-50. З прыпынкам на фотку. Адзін з маляўнічых краявідаў каля вёскі Скрыдлева. Агулам выйшла крыху больш за 100 км дарогі. |