19.8.07

Віцебск у раварыстычных апавяданьнях-4. Падарожжа ў край дзяцінства.

Пасьля вандроўкі ў Чыкаўшчыну, поўнай нечаканак, няісных дарог і няпэўнасьцяў, наступнае падарожжа было на мяжу Сеньненшчыны й Бешанковіччыны, у мясьціны, дзе прайшло ўсё мае летняе дзяцінства.

Дарога мелася стаць дарогай успамінаў, але сталася шчэ й дарогаю адкрыцьцяў. Пра якія ці то ня ведалі, ці то не казалі дарослыя. Мо, проста не надавалі ім увагі.
Гарадзкая мяжа, перад якой — паварот на мясакамбінат. Калі не пашанцуе зь ветрам, пах у мікрараёне Тарным, што зьлева ад дарогі, стаіць яшчэ той. Маладыя чаргавікі адмаўляліся ад кватэр у навабудоўлях Тарнага, маўляў, ад цэнтру далёка й да мясакамбінату блізка. Цяпер кусаюць локці. Выбары далёка. Газ дарагі. Чарга стала.
Кожнага разу па дарозе зь Менску вечаровы Віцебск паварочваецца да мяне сваім самым маляўнічым бокам. З гэтага ўзвышша далёкі горад сьвеціцца незьлічонымі прыцягальнымі агеньчыкамі. Але ні разу не даводзілася, хоць заўсёды хацелася, пабыць тут не пасажырам. Дзённы Віцебск як на далоні адсюль я бачыў упершыню. Пекната.
А гэта калі памяняцца зь Віцебскам месцамі :). Від на ўзвышша, зь якога зробленыя папярэднія здымкі. Файныя мясьціны, як ні круці.
Фоткі зь першага падарожжа.
Вырашыў гэтым разам завітаць у Астроўна. Да маёй вёскі ёсьць карацейшая дарога, але гэта горная й камяністая гравейка. Дый катаўся я ўжо па ёй, што каштавала мне парванага тросіка, а вось у Астроўне ніколі ня быў, хоць заўсёды любаваўся прыдарожнымі краявідамі з акна аўтобуса.
Старыя пакінутыя дамы на ўезьдзе абяцалі сустрэчу з звыклым правінцыйным занядбаньнем і беспрасьвецьцем
Але адразу за імі Астроўна сустрэла парадным выглядам. На падворках віравала жыцьцё, гулялі дзеці, лёталі раварысты. А якія краявіды! І ўжо праз колькі хвілін сама сабой загучала на вуснах невядома калі чутая песенька «Астроўна, Астроўна, імя маёй любві». Аўтар не зманіў і не перабольшыў :).
І ашаламляльнае адкрыцьцё! Велічны храм XVI ст. на беразе возера, пра які я раней ня чуў анігадкі. Цяжкі лёс не адступіўся ад яго і дасёньня. Храм у лядашчым стане. Побач расьсякаюць МАЗы, ля сьцен валяецца цэгла.
Цікавы артыкул пра храм у загадачнай газэце «Секретные исследования» (дзякуй за спасылку у)
За Астроўнам пачынаецца пустая разварочаная бэтонка з рэшткамі асфальтавай пасыпкі. Дзе-нідзе стыкі ў далонь шырынёй. Набываю досьвед язды праз статак кароў, які нясьпешліва вяртаецца ў Жаркі. А ў Плісах спыняюся падзівіцца на сымбаль былой савецкай велічы — двухпавярховую занядбаную спаруду. Усярдзіне, за пустымі шыбамі, у цяньку паліць мужык.
У Застарыньні бэтонка павярнула на рыхлую гравейку, якая нясьпешліва прывяла ў Панкратава. Панкратава — гэта памежны пункт краіны майго дзяцінства. І хоць малым я тут ня быў, але ведаў, што тут жылі сваякі, якія прыяжджалі да нас у Берашова. У Панкратава некалі ішла простая лясная дарога з маёй вёскі, якая зарасла яшчэ калі я быў малы. Панкратава значыла для мяне «вельмі далёка», калі дрэвы былі вялікімі.
За Панкратавам, бліжэй да Жавураў, проста ля дарогі, у ценю вялікіх дрэваў стаіць народны мэмарыял разбуранай царкве. Драўляны крыж з шыльдачкай ад рукі, лаўка, прытуленая да просьценькай агароджы, дзе прымятая, дзе зжатая сярпом трава, выгаралы на сонцы абраз Марыі зь дзіцем у саматужным іканастасе пад чыстым небам. Навагоднія бліскаўкі, старыя падсьвечнікі, рушнікі калываюцца ветрам. Калі апускаюцца рукі ад быдляцтва і бяспамяцтва навокал, я згадваю гэты саматужны, кранальны, народны мэмарыял, і надзея вяртаецца.
А вось і Жавуры, мяжа маіх роварных вылазак. Яны, здаецца, зусім не зьмяніліся. Далей я магу ехаць хоць з заплюшчанымі вачыма.
У лепшыя часы мая вёска была зьвязаная дарогамі, сябрамі й сваякамі з усім вакольлем. Але ўлады, якія, вядома, разумнейшыя, абвялі яе мяжой Сеньненскага і Бешанковіцкага раёнаў. А мяжа раёнаў — гэта ў Беларусі не абы-якая мяжа. Перад ёй заканчваюцца праезныя дарогі, празь межы раёнаў ня ходзяць аўтобусы, і каб трапіць з таго ж Берашова ў тыя ж Жавуры, між якімі з паўтара кілямэтра, на легкавіку, трэба нарэзаць круг кілямэтраў у 40-70, залежна ад сэзону. Альбо ўброд.
«Міжраённая» грунтоўка. Калі я быў малы, па ёй мы зь дзядзькам езьдзілі выцягваць з ручаіны (фотка зьверху) розныя заглохлыя жыгулі, а раз нават трактар, хоць раён быў ня нашага трактара і дзядзьку магло ўляцець.
Вось і вёска на ўзгорку. Родныя мясьціны. Сэрца тахкае шпарчэй. Здаля паблісквае кар'ер. Калісьці было супэрскае месца, цяпер трактары разраўнялі яго й спраставалі, ператварылі ў звычайную лужыну, каб было латвей лавіць несанкцыянаваных рыбакоў. Эх, колькі карасёў, колькі крапівы, колькі прыгодаў было на тым кар'еры. Не паехаў туды, каб не псаваць настрой. Дый дарога зарасла дарэшты.
Заехаў на могілкі. Усе старыя людзі, якіх я памятаў, ужо выправіліся туды. Трава ў чалавечы рост. І амаль усе надмагільлі з тваім прозьвшчам. Трошку вусьцішна.
Гэтая вясковая вуліца, чамусьці, звалася, пасёлак. Там колісь была школа, знаёмыя людзі. Па ёй хадзілі ў лес па грыбы. Цяпер туды ехаць няма сэнсу.
Даехаў да цэнтру вёскі й ледзь не зваліўся з ровара. Вялізную фэрму, два кароўнікі й вазоўню як карова зьлізала. Анігадкі. Толькі пустазельле буяе. Засталася толькі дзіравая пуня й воданапорная вежа з бусьлянкай.
Дарога ад вёскі да возера (ці далей уброд на Засьценкі) некалі была разьежджаная й расходжаная. Цяпер яна ледзь вытыркаецца з-пад травы. А на возера наежджыя месьцічы выезьдзілі іншую дарогу, за вёскай, праз колішні выган, на якім і я адбываў абрыдлую радоўку. З трох тузінаў кароў не засталося ніводнай. Час хутчэйшы й бязьлітасьнейшы, чым здавалася ў дзяцінстве.
Узбоч старой дарогі на возера, ля колішняй «задняй» вясковай дарогі, ад якой не засталося ні знаку — старыя могілкі з каменнымі надмагільлямі, дзе-нідзе ў выглядзе ўрослых у зямлю крыжоў, дзе-нідзе з надпісамі, якія немагчыма разабраць. Нават старажылы ня ведалі, хто тут і калі быў пахаваны. Але тут дасюль буяе бясьсьмертнік. Дачнікі бяруць з-пад узвышша пясок на свае патрэбы. Далей па дарозе стаіць курган, зь якога пазалетась нейкі атопак скраў ахоўную шыльду. Цяпер курган схаваны пад вішшу, як і падмуркі панскай сядзібы, як і конскія могілкі, куды нам, малым, забаранялася хадзіць.
Саро. Калі бабуля ўжо не магла хадзіць, яна дакульгоўвала зь кіёчкам да хлеву, сядала і глядзела «на зяро». «Азяро» было часткай жыцьця, часткай незваротнага. Азяро было магнітам і сэнсам, пупавінай берашоўцаў. Азяро жыло ў расповядах пра русалак і «сароўскага зьмея». Азяро было мясцовым боствам. Па вечарах берашоўцы прыходзілі на азяро скупацца, а на беразе не зарастала купальскае вогнішча. Да азяра ставіліся паважліва і прымхліва. Мне малому было незразумела, чаму пасьля 2 жніўня, пасьля нейкага там Ільлі ўсе кідалі купацца, хай сабе вада была яшчэ цёплая. Ну Ільля, ну кінуў гнільля, і што? Цяпер дарога на возера зарасла. Мала хто з асталых берашоўцаў можа дайсьці да возера сам. А гарадзкія — што ім Ільля, што ім струхлелыя забабоны… Шансон, намёты, мыцьцё машын, вуды-донкі проста на пляжы. Памачыў ногі ў чысьцюткай і сьцюдзёнай ледавіковай вадзе й выправіўся ў дарогу. Праз Навасёлкі (моладзь зь якіх 50 гадоў таму з кіямі хадзіла на берашоўскіх дзеля забавы) у Ходцы, аграгарадок цяпер.
6 км да Ходцаў. Пехам 50 хвілін кожныя выходныя — да аўтобуса. Ходцаўскае возера з гары пасьля Навасёлак. Значыць, хутка канец дарогі й іншая забаўка — штурм жоўтага Ікаруса. Горка, якая колісь здавалася неверагодна крутой. Цяпер нават сьмешна. Адзіныя пабудовы з дарэвалюцыйных часоў — мураваныя кароўнікі, якія стаяць, як новыя, да сёньня. Пра гэтую гістарычную ходцаўскую адметнасьць я даведаўся толькі ў Менску. Вядома, гэта ня самае прыгожае месца ў Ходцах. Проста пасярод вёскі злучаюцца два возеры, ад якіх дарогі караскаюцца ўгору. Таму мабільная сувязь дабралася да Ходцаў зусім нядаўна, і то дзякуючы аграгарадоцкаму статусу. Diallog адчайна чапляецца за Бешанковічы. Калісьці ў Ходцах кожнае лета будавалі зь бярвеньняў двухпавярховую вышку для нырцаваньня. Найлепшы дзіцячы ходцаўскі ўспамін. Ёсьць і найгоршы. Калі я выправіўся ў падарожжа вакол Сара на ровары й недзе пасьля Халма прабіў кола. Да Ходцаў дабраўся каля 11 ночы. Праз паўгадзіны дзядзька з дубцом сустрэў мяне ля Навасёлак. Здавалася б, уся ахвота да роварных авантур мусіла б адбіцца… :)
Дарога з Ходцаў да Віцебску. Дарога, якую даводзілася праяжджаць ці не на ўсіх савецкіх аўтамабілях, але часьцей — павіслым на поручні, заціснутым землякамі, якія пахлі потам, зямлёй і рыбай. Я праехаў яе акурат па графіку прыгараднага аўтобуса. 37 км за гадзіну-50. З прыпынкам на фотку. Адзін з маляўнічых краявідаў каля вёскі Скрыдлева.
Агулам выйшла крыху больш за 100 км дарогі.




Віцебск у раварыстычных апавяданьнях-1
Віцебск у раварыстычных апавяданьнях-2
Віцебск у раварыстычных апавяданьнях-3

No comments: