| За Полацкім рынкам, які, лічы, цэнтар, доўгі пад'ём аж да самай гарадзкой мяжы. Нездарма гэтай вуліцы далі касьмічную назву Цітова. За трамвайным кальцом — савецкі помнік на месцы лягера сьмерці. Цяпер ля яго паставілі аграмадны мэталёвы праваслаўны крыж. Ад гэткага індустрыйна-рэліґійнага ґіґантызму трошку ніякавата. |
|
| | | | | Празь віцебскую прыватнасэктарную глухамань Мішкава, індустрыяльную глухамань Чэпіна, мікрараённую глухамань Цераспольле, перайначаную на малдаўскі лад — Ціраспаль, прыехаў у Лужасна. Мястэчка, узорнае настолькі, што сюды возяць розныя абласныя й рэспубліканскія алімпіяды. Калі зрабіў пару кадраў старой усьпенскай царквы, адтуль выйшаў дзядзька з барадой і пацікавіўся, ці ёсьць у мяне блага славеніі. Прамаўчаў і фоткаў сабе далей. |
|
| | | | | Стары будынак аграрнай вучэльні. Сваё прызначэньне за стагодзьдзе так і не памяняў. А сымпатычны будынак побач у парку, на якім красуецца сіняя шыльда «Пошта БССР», прыходзіць у заняпад. |
|
| | | |
|
| Праз самую доўгую гарадзкую вуліцу імя няіснага гораду, Ленінградзскую кірую ў віцебскі цэнтар, дзе недалёка ад амфітэатру ёсьць цалкам вясковая вуліца Працы, якая заканчваецца баскетбольным кальцом. |
|
| | Пад кальцом — сажалка і курган у памяць загіблых на 2-й сусьветнай, каля якога пасуцца два статкі гусяў. Далей — плаціна на Віцьбе, якая колісь была звычайным інжынэрным збудаваньнем, пра якое ведалі толькі самыя цікаўныя гарэзы. Цяпер на берагах расьліннасьць панішчылі, а плаціну й берагі «аблагародзілі»: паставілі масткі, паклалі асфальт і, чамусьці, спусьцілі дарогу з вуліцы. Цяпер бачныя ня толькі віцебскія краявіды й берагі, а і мэнталітэт віцебцаў. |
|
| Даехаў па Віцьбе амаль да Журжава і павярнуў на Пескавацік. Па 6-й з 13-ці Ліній ускараскаўся на гару ля вёскі Альгова, якая ніяк ня ўвойдзе ў Віцебск, у адрозьненьне ад бясконцых лецішчаў, у якіх я нарэшце заблукаў і каб не мясцовыя бабулькі, якія паказалі сьцежку, у якой можна было праціснуцца толькі па чарзе з роварам, падарожжа магло б зацягнуцца. |
|
| Выехаў ва Ўланавічы і павярнуў на любімую дарогу дзіцячых пакатушак: празь Бібіраўку й Казіміраўку ў Мазурына. Няслабы крук. Між Бібіраўкай і Казіміраўкай стаіць хатка на курынай назе. Шэдэўр дачнай архітэктуры. |
|
| За Казіміраўкай, перад Мазурынам, у лесе — нашы роварныя горкі. Ня ведаю, каму першаму прыйшла ідэя зьехаць з дарогі й паскакаць па купінах, але ідэя хутка заваявала Пескавацік. Калісь вечарам тут зьбіраліся цэлыя каманды. Самае прыемнае, што і сёньня горкі не зарасьлі й радуюць сьвежымі тармазнымі траекторыямі. |
|
| | | | Калісьці самы папулярны гарадзкі парк Мазурына, калісьці імя Савецкай Арміі зарастае. Атракцыёны якія пазносілі, якія не працуюць. Зьнесьлі таксама самалёт і параход, якія былі ці то помнікамі, ці то забаўкамі. Танцпляцоўка зарасла травой. Маё пакаленьне, бадай, апошняе, якое бачыла гэты парк у часы росквіту. |
|
| | | | | Што не зьмянілася, дык гэта клюмба на разваротным кальцы аўтобусаў, аўтобусы на якім цяпер не разварочваюцца, і помнік невядомай валюце. |
|
| | | | | За Мазурынам — поле ўперамешку з хвоямі з назвай Вадаканал. Тутсама — пескавацінскі пляж з ратавальнай станцыяй. Еду ў цэнтар па ўзьбярэжнай сьцяжынцы. |
|
| | Каля школы разганяюся й пералятаю на ровары рачулку. Тут на схіле з вайны стаіць дот, а бункер непадалёк — зруйнавалі. Відаць, каб розныя падшыванцы, як колісь мы, ня швэндаліся па ім з паходнямі. |
|
| Збочваю на сьцежку, якая падымаецца да вуліцы Грыбаедава. П'ю вады з калонкі ля царквы адвэнтыстаў сёмага дня й кіруюся ў цэнтар, да вакзалу… |
No comments:
Post a Comment