30.8.07

які вас выклікаў прымус?

камэнтар да артыкулу Віталя Тараса «Пара прыйсьці да аднаго правапісу»

1. пераход на наркамаўку - гэта не кампраміс, а капітуляцыя.
2. дэмакраты й інтэлігенты загаварылі нарэшце паводле дыктатарскай лёгікі, усё ж атачэньне даецца ў знакі. Выбар сярод нармальных правапісаў і графічных сыстэм ёсьць неа'демным правам кожнага чалавека. Так склалася, што беларусь МАЕ два правапісы і дзьве графічныя сыстэмы. Гэта ёсьць яе нацыянальным багацьцем і ў нармальнай сытуацыі мусіла б ахоўвацца дзяржавай, а ў нашай - інтэлігенцыяй. Таму існаваньне друку рознымі правапісамі ёсьць НАРМАЛЬНАЙ зьявай, нармальным выбарам, які адпавядае патрэбам мэтавай аўдыторыі, а штучна ўсчатая дыскусія нагадвае цемрашальскія спрэчкі, што лепей, праваслаўе ці ўніяцтва.
3. няма мёртванароджаных слоў, ёсьць глухазагароджаныя шаблёны. Словатворчасьць, моўны крэатыў мусяць ня толькі вітацца, але й ініцыявацца, а пасьля сэлекцыянавацца беларускімі інтэлігентамі. Але "масква ў галаве" піхае на кансэрватыўны рогат а-ля "харашылішчы ў макраступішчах". Славянскія мовы актыўна, а багата дзе фарсіравана выкарыстоўваюць свае патэнцыялы для сьветаабазначэньня, для найменьня вакольнага жыцьця, адно беларуская мова сіламі сваіх высакалобых носьбітаў круціць носам ад любых парасткаў беларушчыны, маладзейшых за Кандрата Крапіву з імпэрскай непрыступнасьцю на твары і ў абносках на плячах.

І нарэшце, мо адкрыю вам сакрэт: школьнікі выходзяць з школы зь веданьнем мовы, блізкім да нулявога і мінусавым жаданьнем калі-небудзь з гэтай казённай муміфікаванай беларушчынай сутыкацца. Менавіта моўныя гейзэры, праявы жыцьця й адмысловасьці беларускай мовы, праявы яе незацуглянасьці й нясьцятыя далягляды ўцягваюць іх у беларушчыну, і калі яны бачаць, напрыклад, НН, напісаную "кляснай!" мовай, у іх пачынаюць сьвяціцца вочы. І гэтая прага адкрыцьця, прага "вынаходніцтва цуду побач, цуду сваёй мовы" й вядзе іх у акіян беларушчыны.

Калі Наша Ніва страціць тарашкевіцу, яна страціць найперш гэтае сьвятло.
І навошта тады Наша Ніва?

No comments: