18.1.08

Першыя пасьля «Аль‑Каіды»

Ад часу свайго зьяўленьня восеньню 2005 году ў малавядомай дацкай газэце Jyllands‑Posten на працягу наступных месяцаў карыкатуры на прарока Мухамэда былі перадрукаваныя ў 143 выданьнях у 56 краінах сьвету. У рэдкіх выпадках справа дайшла да суду. Аднак прысуд, вынесены беларускім судом, беспрэцэдэнтна жорсткі нават у параўнаньні з мусульманскімі краінамі.

Расея, травень 2006: У Волагдзе апраўданая галоўная рэдактарка гарадзкой газэты «Наш рэгіён» Ганна Сьмірнова.

Емэн, лістапад 2006: Галоўны рэдактар мясцовай газэты Al‑Rai Al‑Aam («Грамадзкая думка») Камаля аль‑Ольфі (Kamal al‑Olfi) быў асуджаны на год турэмнага зьняволеньня, аднак генэральны пракурор адмяніў рашэньне суду, заявіўшы, што турэмнае зьняволеньне будзе занадта сур’ёзным пакараньнем за перадрукоўку карыкатур.

Францыя, сакавік 2007: Парыскі суд зьняў абвінавачаньні з галоўнага рэдактара часопісу «Шарлі Эбдо» Філіпа Валя. У падтрымку выданьня выступіў сярод іншых кіраўнік МУС Францыі і тады яшчэ кандыдат у прэзыдэнты Нікаля Сарказі, які адправіў у адраз журналістаў ліст з ухваленьнем.

Данія, сакавік 2006: Пракуратура адмовілася заводзіць справу супраць газэты Jyllands‑Posten, якая першай апублікавала карыкатуры на прарока Мухамэда з той прычыны, што артыкул «Твар Мухамэда», праілюстраваны сатырычным коміксам з 12 малюнкаў, не парушыў дацкіх законаў.

сакавік 2006: карыкатуры былі перадрукаваныя ў 143 выданьнях 56 краін, у тым ліку ў Алжыры, Босьніі й Герцагавіне, Эгіпце, Інданэзіі, Ярданіі, Малайзіі, Марока і Савудаўскай Арабіі — краінах зь пераважна мусульманскім насельніцтвам.

Ярданія, травень 2006: Ярданскія журналісты атрымалі па два месяцы турмы за карыкатуры на Мухамэда. У залі суду яны былі вызваленыя пад заклад.

Малайзія, люты 2006: Часова прыпынены выхад трох газэт, якія перадрукавалі карыкатуры.

Беларусь, сакавік 2006: Аляксандар Лукашэнка ў часе выступу на Ўсебеларускім народным сходзе: «Газэта [«Згода»] будзе зачыненая, крымінальная справа ўсчатая, а калі будуць падставы, то ўсе датычныя да гэтага будуць сядзець у турме, таму што гэта правакацыя супраць дзяржавы»

Ірак, ліпень 2007: Кіраўніцтва «Аль‑Каіды» ў Іраку аб’віла ўзнагароду 100 тысяч даляраў за забойства швэдсткага карыкатурыста Ларса Вілкса (Lars Vilks), які намаляваў карыкатуры на прарока Мухамэда.

Беларусь, студзень 2008: колішні намесьнік рэдактара газэты “Згода” Аляксандар Зьдзьвіжкоў за перадрукоўку карыкатур асуджаны да 3 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

No comments: