У жыцьці лепш пачаць нешта першым ці прынамсі раней, чым пачнуць тыя, хто ўмее гэта лепей за цябе. Адрыў — наўзвочны прыклад, бо ў якім бы «боттаме» ня быў цяпер умураваны мой выніковы радок, а наводзіш мышкай — тры перамогі, выкідное акенца грэе і цягне на настальгію. Але нам рана жыць успамінамі. Тым больш што няма ва ўспамінах гэтых толку ніякага. Пінск — наўзвочны прыклад.
Неяк ня так ужо і шмат гадоў таму быў я ў ім, паляпшаючы статыстычныя паказьнікі ўнутранага турызму. Той і гэты Пінскі аказаліся з сабой нават не знаёмыя. Наколькі той быў хмуры і правінцыйны, настолькі ў гэтым хацелася застацца. Свой, спакойны, утульны, звычайны і прыгожы. І гэта пры тым, што Адрыў нельга назваць добрым спосабам спазнаньня гарадоў. Гэта як палюбіць дом за каркас, а чалавека за шкілет. Сетка вуліц, павароты і глуш дзічайшая, на мапы не нанесеная і нават тубыльцам не цікавая — гэта ў адрываўскім мэню калі ласка. А хароствы і вабноствы — гэта калі толькі выпадкова, у шкоду таймауту. Узяць хаця б элемэнты маламаштабнай манумэнтальнасьці. Ой, конікі, ой, далонькі, ой, як сьвежа і натхнёна. А абтаптаўшы гэтых конікаў і голых, выбачайце, фэмін па шэсьць разоў з усіх бакоў? І ўжо наколькі рахманыя пінчукі, але рухаюцца фіранкі на ах, якім шыкоўным экзэмпляры савецкай архітэктурнай школы, і радуе толькі, што ты тут такі не адзін, а на ўсіх уціхамірвальных кашуль мо ў раёне не набярэцца. Урэшце, калі гуляешся ў адрыў (мужчына, у вашая та лета), марна удаваць зь сябе нармальнага чалавека. Цырк прыехаў, што за эўфэмізмы! так што ўсьмешку да вушэй — і вось ужо да цябе цягнуцца людзі зь дзецьмі. А што гэта ў вас такое, з аганьком у вачах пытаецца тата хлопчыка, хлопчык сасе палец, а гэта ў нас гарадзкое а... (хлопчык выцягвае палец з роту) а гульня такая! гойсаем па чужых гарадах, ганяемся за цікавосткамі і адзін за адным! — дужа здорава, — кажа хлопчык, што з вусамі і залысінай, можа, падказаць што, — ды хіба не... — і праўда, кажа той, падазрона паглядаючы на 8-бітнага пакемона з эры ZX Spectrum 48k, ну, посьпехаў.
А я сяджу, старт сьцеражу. Горад іншы, рэпэртуар той жа. Толькі чамусьці так хораша! І я наразаю кругі па парку, гляджу на раку, на неба, лаўлю павуцінкі, а трафей — ну й йуг зь ягонай арыентацыяй геаграфічнай. Пінск — горад мары. Па пінскіх ходніках на ровары езьдзяць толькі менскія. Пінскія вуліцы вузкія і машыны не разганяюцца хутчэй за 40. На плошчу Леніна ноччу праезд забаронены, каб не будзіць грукатам па бруку жыхароў суседніх хрушчовак. Адна недарэчнасьць у Пінску — чыгунка, асабліва калі 20 хвілін да дэдлайну. Не, сур’ёзна. Ніякага ўражаньня недастатковасьці. Толькі тэмп спакайнейшы. Ну й калі прывык есьці па дарозе, хутка ды смачна — здохнеш з голаду і ніякі масер з каржом табе не паспачуваюць. А вось павуціньня такога ў сталіцы дакладна няма і ня будзе, пакуль тут не пабудуюць ды не ўзарвуць якую павуцінную фабрыку.
Ня ведаю, як павуцінная (гэта вэрсія усходніх суседзяў, якія не паверылі ў магчымасьць мірнага існаваньня павуціньня ў прамысловых колькасьцях без тэхнагенных катаклізьмічных чыньнікаў), а макаронна-залівацельная фабрыка ў Пінску месьціцца на прыватнасэктарнай вуліцы Чарняхоўскага. Такія казкі ды ва ўнісон на хаду сачынялі мясцовыя жыхары, што дзіву даешся! Я б павёўся, стопудова, нават пачаў запісваць гісторыю ў маршрутны ліст дробнымі літарамі, але нейкі бессардэчны цынік з натоўпу ўдзячных слухачоў не паверыў ды прапанаваў агледзець тэрыторыю па пэрымэтры. Ну пайшлі аглядаць, што ж чалавека крыўдзіць, нават калі ў яго душа такая чэрствая. А там, у двары — казачны канец, хто ня слухаў, маладзец. І нешта ў мяне настрой пасьля гэтай гісторыі нават палепшыўся. І калі замест вуліцы аказаліся вароты мэблевай фабрыкі, я адзінае, што падумаў: клас! я бачыў Пінскдрэў на ўласныя вочы. Той самы Пінскдрэў, што мы доўга выбіралі, але так і не купілі! Супэр! І скончылася дарога, запахла паленым пілавіньнем, два сабакі абступілі ў чужым двары, дзе я шнару між хлявамі, а я сабе думаю, якія файныя пінскія сабачкі, менскія мяне б даўно ўжо зжэрлі ды пулялі б костачкамі ў гарадкі, а гэтыя сталі на пачцівай адлегласьці і брэшуць для праформы, і жыхары мясцовыя ходзяць сабе, быццам бы ў іх пэрсанажы ў велашлемах па двары дзень пры дні з ранку да вечара ашываюцца. І далей — як цікава, дарога, што няма на мапе, шкада толькі, што выводзіць у месца, дзе ўжо езьдзіў.
Ну і пры канцы пра сур’ёзнае і не пабаюся сказаць навукова-гістарычнае. Калі хто чытаў ванегутаўскую «Калыханку для коткі» ці глядзеў «Аўтастопам па галактыцы», той ні на хвіліну не ўсумніцца ў тым, што Пінск быў заснаваны ня важна калі ня важна кім для таго, каб у ім празь дзевяцьсот гадоў пабудавалі парачку дамоў 3А за домам № 25, і каб у адзін незаплянавана сонечны дзень гэтая акалічнасьць аказала непазбыўнае ўзьдзеяньне на глузды й сыстэму каардынат сотні абсалютна не датычных да Пінску чалавек. Гэтым выдатна тлумачацца ўсе астатнія фантастычныя акалічнасьці гэтага дня.
Тут бы нялішне расставіць абзацы, але ў мяне камэра з адрыву ня клееная, а тут вам не Завальная, а самы сапраўдны паўднёва-ўсходні Паўночны пасёлак, які ў змове з сыноптыкамі з дня на дзень пагражае голымі, выбачайце, лёдамі.