Адкапаў на кампе два альбомы гурта «Бяз назвы», ці то BN па-іншаму.
Згадаў, як аднойчы на «6-м паверсе» ледзь не купіў іхні дыск, але чамусьці не купіў, а чаму не купіў, ня помню ці заленаваўся ўспамінаць. Заадно ўзгадаў, што гурт нібыта раскручаны, як на беларускія маштабы, бо назва ў памяці тырчэла трывала, толькі на узорах творчасьці стаяў прагал.
Але ж на тое й боўтаецца у юэсбішніку падлучаны эмпэтрышнік. Заліў — і на прыпынак.
І вось уяві сабе, нібы прыйшоў ты ў тэатар, усеўся на аксамітнае чырвонае крэсла, упетрыўся ў заслону, і шусь!, яна пачынае адсоўвацца, а там, там…
…нейкі задрыпаны сельскі клюб з рыпучымі дошкамі, агітплякатамі на сьценках, заежджанымі касэтамі ды чвяканьнем мафона «Беларусь».
Гэта і расчараваньнем не назавеш. Гідота і няёмкасьць. Адрынаньне арганізмам неразбаўленай другаснасьці ўперамешку з банальнасьцю.
Гэтак хочацца быць энэрэмам, тут і хутчэй. Што аж не стае часу вычысьціць безнайдзейныя тэксты хаця б ад апяяных памылак, ад пакладзеных на музыку русізмаў. Дый ад «лірыкі», толькі дрыжыкі ды ікаўкі. І не сказаць, каб наскрозь фальшыва, бо тут і фальшы не адшукаць, бо тэксты нібыта ўзяліся зь нейкага космасу, можа, кампутарам напісаліся, ці танным генэратарам слоў з дэма-запасам лексэмаў на трыял-пэрыяд.
Са зьбітых рыфмаў выбраны самыя пошлыя, зь бессэнсоўных словазлучэньняў — самыя немагчымыя, у адзін радок напхана, нашынкавана і нафаршыравана, выглядае, усё слоўнае багацьце вершаплёта. Ясна, што сьпяваць пад роў гітар высокасэнсоўную паэзію цяпер не прынята, але ж гэта й не паперапераробчы завод, каб круціць рулёны з другаснай сыравіны.
Гурт Бяз Назвы стойка ціхарыўся некалькі гадоў, каб нарэшце вырвацца ў топ наймацнейшых музычных уражаньняў -2007. Гэткай дрымучай папсы сёлета я дакладна ня чуў.
28.11.07
бяз назвы
а 19:10
cetliki bielaruščyna, huki
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment