не прагнуцца — не пражыць.
і не шукай тут папроку, гэта клінічны факт тутэйшага існаваньня.
гэтак галоўны канкурэнт саўбелкі - ва-банк зьнячэўку пачынае расказваць пра сымболіку белсымболікі, і тут гэта выглядае цалкам натуральна, бо бізнэс, і пасьпяховы.
праўда, назваць рок беларускі бізнэсам не павярнуўся б язык, бо слухачам уласьцівая памылка верыць ва ўзьнёсласьці прасьпяванага, але калі бізнэс, то мусіць быць угода.
А ў абгортку якіх слоў гэтую ўгоду запакаваць — справа дваццаць пятая, сутнасьць бо відавочная: абмен духоўнага на практычнае, ідэалаў (хай не сваіх, хай сваіх слухачоў) на костку з панскага стала, арэолу на нішу.
Па-праўдзе, угода грабежніцкая: права на ўласны погляд, права граць для рознай аўдыторыі, аказваецца, не прыроджанае, не канстытуцыйнае, а пастаўляецца ўраздроб «абаяльным і адэкватным» чыноўнікам. Окей, мы ўсё разумеем, трэба жыць, унізе сям'я і праца, але зразумейце і вы, наколькі агідна глядзіцца гэтае выдыганьне, гэтае гуляньне ў паддаўкі і ўдаваньне дурняў.
Усё гэта палітычна слушна і прагматычна, і шчыра зычу шчыльных ратацый на прафсаюзным радыё й удзячнай мэханізатарска-камбайнёрскай аўдыторыі, але асадак нікуды не падзенецца, бо ўсё ж культура не палітыка, а па-над палітыкай, а значыць па-над прагматыкай. Мяшаньне сюды прагматызму і ёсьць палітыкай, і такі паход да пракуратара — даволі ясны палітычны жэст. А хацелі ж без палітыкі, ототак, слухайце дзяцішкі...
Ну што ж, ад куміраў засталіся голыя музыкі з голай музыкай. Няхай. Уявім сабе, што сучасная сцэна — гэта кшталту кансэрваторыі для рокераў, без грамадзкага, інфармацыйнага складніка. Проста музыка. Проста Варашкевіч, бляклы цень таго Варашкевіча, які застаўся на заежджаных касэтах, кавэры на песьні зь якіх слухаць амаль балюча. Проста НРМ, які блытаецца ў цытацыях і кіданьнях ад дзіцячага хору да хрыплага мату. Проста Палац, які так і не разьвітаецца з новай канюшняй на розны лад. Проста Дзюбель, ад якога грамадзкая пазыцыя адно й заставалася, бо нават нечага блізкага да творчасьці пэрыяду "пакарай-пакарай лю-лі-лю-лі пакарай" не паўстала. Проста Піт зь недарэчным графаманствам. Усё гэта трымалася на формуле "болей чым паэт", болей чым музыка.
Бяз гэтага "болей чым" яны сталі ня болей чым тавар. Як Морсы, якія выпускаюць дыскі як кілбаскі. Часам смачна. Але ня "болей чым".
Бывайце, куміры.
21.11.07
каханьне можаш мець тады, калі табе яго дазволіць камэндант
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment