20.11.07

тэкст, які хацеў бы напісаць я.
ён круціўся, сьвідраваў сьвядомасьць, але я адкладаў яго на пазьней, баяўся гэтай глыбы свайго сьвету, баяўся спрасьціць яе і недавыказаць.
гэта першы тэкст, якія я бачу, які настолькі супадае з маімі пачуцьцямі, думкамі і мінулым.
нават дрыжыкі бяруць.

Першыя гады майго жыцьця ў Менску былі жыцьцём у казцы зь невядомым канцом, былі доўгім адкрыцьцём, вынаходніцтвам, дэгуставаньнем краявідаў і пэрспэктыў, гульнёй у новыя далягляды, гэта былі самыя шчасьлівыя гады.
Я сыходзіў раніцай і ішоў, куды вялі ногі... І гэтым самым разбураў Невядомы Горад.
А пачыналася... Пачыналася ўсё з таго, як я заблукаў у пераходзе каля вакзалу. Я ня ведаю, як гэта магчыма, тады там было два выхады — да вакзалу і на Ленінградзкую, але гэта мне ўдалося зь лёгкай натуральнасьцю і лёгкай панікай. Пачыналася з пачуцьця чалавека, які трапіў на Месяц, калі трэба было зайсьці на эскалатар, і пажадана ў сьціслыя тэрміны. Пачыналася зь бясконцага мэтро, ад плянэты "Парк Чалюскінцаў" да плянэты "Акадэмія навук", і з расчараваньня, што паміж станцыямі няма падземных гарадоў з казачнымі гномамі.
Часам у якім глухім завулку індустрыяльнага раёну супадзе сонца, сэзон, час сутак і вернецца на хвілю цень той неабдымнай менскай радасьці, таго таямнічага бясконцага, як жыцьцё, Менску...

Пасьля таго, як Менск аднойчы быў вынайдзены даастатку, ён скукожыўся і стаў сумным. Калі я кажу, што люблю Менск, то люблю яго за тое сьвятло бясконцай невядомасьці. І гэтага, папраўдзе, нямала. Але велікан Менск стаў "дамашнім", "панібрацкім", "сяброўскім" горадам. І перастаў быць неспазнаным Кумірам, гэта трошку расчараваньне. Часам я спрабую ўявіць, што я ня ведаю, што далей, што за паваротам, што я гляджу на Менск шырока расплюшчанымі, поўнымі захапленьня вачыма, як тады... Ды сябе не падманеш.

Ратуюся Адрывамі

ps. некаторыя мае знаёмыя, у тым ліку менчукі па нараджэньні, якія жывуць у трох прыпынках ад цэнтру, ня ведаюць ня тое, дзе Сухарава або Курасоўшчына, але й тэатар Купалы. Зайздросна. У іх усё наперадзе. Ці?

No comments: