У Ізраілі ў газэтах робяць матэрыялы пра кожнага простага хлопца, які загінуў на вайне.
Днямі памёр беларускі пісьменьнік-фантаст Юры Брайдэр.
Я ня ведаю, што за ён, я не чытаў ягоных кніжак, але гэта быў, па-трэцяе, пісьменьнік фантаст, ці шмат беларускіх пісьменьнікаў-фантастаў?, па-другое, папулярны чалавек, творца, а па-першае, беларус, койданавец, наш, мой суайчыньнік.
“Ды што пра яго пісаць, у яго ж усё па-расейску, — назваў мне першую прычыну адзін няглупы чалавек і дадаў другую: — Дый тое, фэнтазі там нейкае!»
“Беларускі фантаст памёр? Хто? Г…іч? Не? А хто? Хто? Ну, калі пра кожнага пісаць…” — падсумаваў усё разам другі аўтарытэтны чалавек.
Я называю гэта ветрам з усходу, або сындромам вялікай краіны, калі можна дзяліць сваіх суродзічаў на падклясы, калі жыцьцё і памяць ацэньваюцца дзіўнымі катэгорыямі: “саборнаснымі” і “групоўніцкімі” адначасова.
Я люблю навіны з Геранёнаў, або Будкі-Шыбенкі, або Мастоў, Смургоняў, Расонаў, Жодзіна, Амсьціслава, яны мне нават больш цікавыя, хоць мяне наўпрост і ня тычыцца. Гэта як адчуваць кропкі на целе краіны, адчуваць свой край.
І калі памірае койданавец, койданавец, які пісаў пра іншыя сьветы, койданавец, якога ўдзячна ўспамінаюць у блоґах, койданавец, чые кніжкі чытаюць і перачытваюць, койданавец, які пакінуў добры сьлед на гэтай зямлі, мне балюча за краіну, якую шчодрыя на родныя жыцьці і лёсы інтэлектуалы цягнуць кожны на свае могілкі.
7.2.07
кожны на свае могілкі
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment